Вакол ежы


Каму і бурыта нявеста

Малады чалавек са Злучаных Штатаў праславіўся на ўвесь свет дзякуючы сваёй неардынарнай фотасесіі. Пісьменнік Дэвід Сікорскі зладзіў вясельную фотасесію з любімай стравай — нацыянальным мексіканскім фастфудам бурыта, што з'яўляецца па сутнасці той жа шаурмой. Пра радасную падзею ў сваім жыцці малады чалавек паведаміў сябрам і знаёмым праз асабістую старонку ў сацыяльнай сетцы. На Facebook Сікорскі нават памяняў сямейнае становішча, адзначыўшы, што ён жанаты з бурыта.

24-1

Натуральна, вяселле чалавека і ежы было не сапраўдным, але да працэсу фатаграфавання амерыканец падышоў вельмі сур'ёзна, адлюстраваўшы самыя папулярныя позы ўсіх закаханых пар на вяселлі. Як высветлілася, усё гэта малады чалавек зрабіў для таго, каб падкалоць сваіх жанатых сяброў. Дэвід распавёў, што, праглядаючы стужку навін у Facebook, зразумеў, што яго жыццю бракуе рамантычных падзей. «Я дасягнуў таго ўзросту, калі мой акаўнт апанавалі вясельныя фота і фота з дзецьмі. У той час як у 2005—2006 гадах стужка складалася з кампраметуючых здымкаў з выхадкамі маіх сяброў на выхадных. У сваю чаргу, я моцна люблю бурыта», — цытуе Дэвіда выданне The Daіly Maіl.

Фотагісторыя, якая атрымала назву «Адзінае сапраўднае каханне» і была апублікавана на асабістай старонцы галоўнага героя ўрачыстасці, стала здабыткам грамадскасці. Пра Сікорскага напісалі амерыканскія і замежныя выданні. Невядома, як «пара закаханых» правяла першую шлюбную ноч і што стала на раніцу з новай «жонкай». Праўда, многія карыстальнікі сеціва выказалі здагадку, што адразу пасля рамантычнай прагулкі Дэвід Сікорскі проста-напроста з'еў сваю «другую палову».

62 хот-догі за 10 хвілін!

Менавіта столькі булачак з сасіскамі з'еў 23-гадовы Мэцью Стоўн (на фота) за заліковы час на штогадовым чэмпіянаце па хуткасці паглынання хот-догаў, які прайшоў у Нью-Ёрку.

24-3

Стоўн вядомы сярод удзельнікаў сваёй мянушкай «Мегажаба». Рэкардсмен змяніў на п'едэстале свайго папярэдніка Джоя Чэстната, які утрымліваў лідарства ў гэтых спаборніцтвах апошнія восем гадоў. Сёлета Чэстнат прыйшоў другім з вынікам у 60 з'едзеных хот-догаў.

Летась сам Стоўн заняў другое месца, з'еўшы 56 булачак з сасіскай. У гэтым годзе ён палепшыў сваё дасягненне на шэсць адзінак. Тым не менш абсалютны рэкорд у 69 хот-догаў, устаноўлены Чэстнатам яшчэ ў 2013 годзе, застаўся непераўзыдзеным. У жаночым разрадзе другі год запар перамагае Мікі Суда. У гэты раз за тыя ж 10 хвілін жанчына праглынула 38 хот-догаў, летась для перамогі хапіла 34. Соня Томас, якая заняла другое месца, працягвае ўтрымліваць абсалютны рэкорд сярод жанчын — 45 булачак з сасіскай. Спаборніцтва на хуткасць паглынання хот-догаў сярод мужчын праходзіць у Нью-Ёрку штогод з 1972 года, у 2011-м да яго далучыліся едакі-жанчыны.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.