Вы тут

Аб'яўлены другi этап конкурсу кiнапраектаў


Лабiрынты матывацый.

Навiна пра абвяшчэнне адкрытага рэспублiканскага конкурсу кiнапраектаў ледзь не самая выбухная ў нашай кiнапрасторы. I выбух здарыўся: стала вядома, што другi этап (першы быў у сакавiку-красавiку) адбудзецца ў жнiўнi. Тры катэгорыi ў iгравым кiно i тры ў неiгравым. Тэмы, сродкi, працэнты — усё дакладна прапiсана. Але пытаннi ўсё роўна ўзнiкаюць. I галоўныя з iх: чым кiруюцца арганiзатары, калi фармiруюць катэгорыi, i да чаго ўсё гэта прывядзе?

Напэўна, кожны з нас зацiкаўлены ў тым, каб айчынная кiнематаграфiя выйшла на новы ўзровень, была прадстаўлена на найлепшых мiжнародных кiнафестывалях, адкрыла сваю ўласную «новую хвалю». I мы ўжо стамiлiся шукаць адказ, чаго нам для гэтага не хапае: грошай, талентаў цi правільнага размеркавання сродкаў. «Дарогу маладым!», «Свабоду кiнатворцам!», «Даеш фестывальны фiльм!»...

Конкурсная сiстэма фiнансавання кiнавытворчасцi ўведзена ў краiне ў 2012 годзе, мiнулы раз абарона аўтарамi ўласных кiнапраектаў праходзiла ў форме пiтчынгу — асабiстай прэзентацыi патэнцыяльнага фiльма. Ва Украiне, дзе грошы на кiно размяркоўваюцца па той жа сiстэме, эфект атрымаўся нядрэнны. Так з'явiўся, напрыклад, нашумелы фiльм «Племя» Мiраслава Слабашпiцкага. Галоўны кiнааглядальнiк The Hollywood Reporter Тод Макарцi ў нядаўна апублiкаваным артыкуле назваў нямую драму адным з пяцi лепшых фiльмаў першай паловы 2015 года (пра iншыя дасягненнi карцiны мы ўжо пiсалi). Безумоўна, гэта перамога не толькi рэжысёра i здымачнай групы, але i камiсii, якая ўбачыла ў праекце на паперы патэнцыял i дзякуючы якой фiльм быў створаны.

Таму ад арганiзатараў рэспублiканскага конкурсу i ад камiсii залежыць вельмi шмат, я б назвала гэта нават невыносным цяжарам адказнасцi. Размеркаваць грошы, выбраць пераможцаў, кiруючыся тысячай крытэрыяў, убачыць будучае таленавiтае кiно, паклапацiцца аб тым, каб грошы былi засвоены i выкарыстаны правiльна. Складаная задача, несумненна.

Але абвешчаны конкурс вымушае засумнявацца ў тым, што наша культурная палiтыка накiравана менавiта на творчасць i пошук. Мы быццам хочам, каб кiно проста было.

У мiнулы раз конкурс у iгравым кiно не адбыўся ў дзвюх тэмах: «Выдатныя гiстарычныя дзеячы — ураджэнцы Беларусi» i «Гераiчная барацьба савецкага народа супраць нямецка-фашысцкiх захопнiкаў». Прапанаваныя сцэнарыi быццам «не дацягнулi». Затое ў дзвюх астатнiх катэгорыях («Сацыяльная маладзёжная праблематыка, якая раскрывае праблемы наркаманii» i «Дзейнасць сучасных абаронцаў Айчыны па забеспячэннi нацыянальнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь») перамаглi праекты будучых серыялаў, прычым ужо вядомых. Гэта «Участак лейтэнанта Качуры. Фiльм 4. «Чорная павуцiна» пра сельскага ўчастковага i «Дзяржаўная гранiца. Фiльм 12. «Iлжывая мэта».

У другiм этапе рэспублiканскага конкурсу акцэнт у сферы iгравога кiно таксама зроблены на серыялы — два пункты з трох патрабуюць праектаў васьмiсерыйных тэлефiльмаў (хронаметраж кожнай — не менш за сорак чатыры хвiлiны) на тэму «Пра актуальныя сацыяльныя праблемы жыцця сучаснай Беларусi». Ухiл на тэлевiзiйныя праекты ў небагатай колькасцi пазiцый увогуле здзiўляе, таму што незакрытымi ў нас засталiся пункты нацыянальнага, дэбютнага, фестывальнага фiльмаў, на якiя мы так спадзяёмся.

Але, магчыма, усё гэта мяркуецца спалучыць у трэцяй адзiнокай тэме поўнаметражнага фiльма — «Пра гiсторыю i сучаснае жыццё Рэспублiкi Беларусь».

Як бачым, тыя праекты, што ўдзельнiчалi ў мiнулым конкурсе i спадзявалiся атрымаць фiнансаванне на развiццё тэм выдатных ураджэнцаў Беларусi цi барацьбы з ворагамi падчас Вялiкай Айчыннай, могуць кануць у Лету i забыць пра парады камiсii па ўдасканаленнi сцэнарыяў. Мабыць, стала вiдавочна, што гэтыя партыi нашаму кiнематографу не сыграць (у гэтым выпадку, калi няма вартых прапаноў — няма i попыту), i тэмы проста «вылецелi» са спiса.

Затое новыя катэгорыi выглядаюць як мага больш шырока i, падаецца, любое няспраўджанае i толькi меркаванае лёгка ўпiшацца ў назву кшталту «Пра гiсторыю i сучаснае жыццё Рэспублiкi Беларусь».

Другое пытанне, што прапанаваны конкурс зноў быццам падлажваецца пад тое, што загадзя можа атрымаць. Абвясцiць тэрмiны прыёма заявак у лiпенi, а праекты васьмiсерыйных фiльмаў адбiраць ужо ў жнiўнi... Цi не страчваецца сэнс параўнальна новай для нашай краiны сiстэмы фiнансавання кiнематографа?

З формай iгравога кiно прыкладна зразумела. Па-першае, мы здымем два серыялы (вядома, калi сярод заявак знойдуцца вартыя праекты), якiя ў вынiку прададзiм на расiйскае тэлебачанне (да серыяльнай тэлевiзiйнай прадукцыi попыт па недарэчнай традыцыi нашай агульнай прасторы невялiкi, таму — прасцей). Па-другое, выберам самы шматабяцальны праект поўнаметражнага фiльма з тых, што будуць удзельнiчаць у трэцяй намiнацыi (свабода ў тым, каб падысці па тэме, не можа не падабацца). Калi ўдала выберам i будзе з чаго выбiраць — трапiм у агляды The Hollywood Reporter (у iдэале); калi будзе з чаго выбiраць, а выберам няўдала, будзем мямлiць: затое ў нас кiнафестываль добры, дакументалiстыка i анiмацыя...

Праекты дакументальных фiльмаў — другая частка конкурсу — могуць атрымаць стапрацэнтнае фiнансаванне з бюджэту, у той час як iгравыя праекты з атрыманых грошай могуць акупiць да сямiдзесяцi працэнтаў выдаткаў.

Конкурс у форме неiгравога кiно таксама праводзiцца па трох намiнацыях. Гэта «Беларусь у Вялiкай Айчыннай вайне», «Адраджэнне эканамiчнага, сацыяльнага i культурнага жыцця на тэрыторыях Рэспублiкi Беларусь, пацярпелых ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС» (павiнна быць прымеркавана да трыццатай гадавiны аварыi) i «Актуальныя праблемы сучаснага жыцця Рэспублiкi Беларусь» (таксама амаль усеабдымная тэма). Хронаметраж кожнага фiльма — трыццаць дзевяць хвiлiн.

Мiнулы раз размеркаванне сродкаў у форме неiгравога кiно адбылося па ўсiх агучаных намiнацыях, а ўлiчваючы складанае становiшча сучаснай беларускай дакументалiстыкi два конкурсы запар паслужаць ёй добрай падмогай. Па вынiках першага этапу нашы выдатныя дакументалiсты Вiктар Аслюк (член Еўрапейскай кiнаакадэмii) i Галiна Адамовiч працуюць над уласнымi праектамi, занятай аказалася студыя «Белвiдэацэнтр». Але ж кропля ў моры...

Яшчэ адна сфера — анiмацыя — прагне дапамогi (i галоўнае , яна здольна даць выдатны вынiк), але нi ў першым, нi ў другiм этапе конкурсу кiнапраектаў не фiгуруе. Можа, будзе трэцi?

Функцыянаванне нашага кiнематографа — таксама кiно. Тут ёсць i класiчныя элементы абсурду, i драма, i трагiчнае наблiжэнне татальнага i непапраўнага. I крыўдная непрадказальнасць, i залежнасць ад Тварца, i ператасоўка роляў, якая нiчога не абяцае. I жангляванне надзеяй i безнадзейнасцю, якiя павольна апускаюцца разам з навiнамi пра конкурс. Калi жанглёр спынiцца, што нам застанецца? Надзея?

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ. katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.