Вы тут

Мы ў Антарктыцы надоўга


Які наш інтарэс на шостым кантыненце?

25-24

25-24

 

Беларусь працягвае асвойваць Антарктыду. Днямі Нацыянальная акадэмія навук прадставіла ўвазе грамадскасці канцэпцыю дзяржаўнай антарктычнай праграмы на 2016—2020 гады, якая павінна быць узгоднена з зацікаўленымі ведамствамі да 1 верасня і затым зацверджана Саветам Міністраў. Фінансаванне даследаванняў самага халоднага кантынента павялічаць. На мацерыку пабудуюць першую чаргу Беларускай антарктычнай станцыі, а штат супрацоўнікаў экспедыцый пабольшае мінімум на два чалавекі.

Менавіта пабудова ўласнай антарктычнай станцыі — пэўна, галоўны з бягучых праектаў айчынных палярнікаў, які па значнасці можна параўнаць з запускам першага беларускага касмічнага спадарожніка. Яго рэалізацыя ў разгары: ужо гатова адна з трох секцый будучага модуля станцыі (іх праектуюць і вырабляюць на адным з беларускіх прадпрыемстваў). У найбліжэйшыя месяцы будзе завершана праца над яшчэ дзвюма секцыямі. Мяркуецца, што на працягу 4—5 гадоў у Антарктыдзе з'явяцца яшчэ некалькі модуляў, а таксама электрастанцыя і медыцынскі блок.

25-22

25-22

 Цяпер беларускі дом у Антарктыдзе — станцыя «Гара Вячэрняя», перададзеная Расійскай Федэрацыяй у бязвыплатнае часовае карыстанне

 

Усё гэта дазволіць беларускім спецыялістам прысутнічаць у Антарктыдзе круглы год, а не толькі ў некалькі месяцаў лета, як гэта ёсць цяпер. На беларускай станцыі будзе нават уласны медык. Павялічаць і штат супрацоўнікаў на Вялікай зямлі — Цэнтр палярных даследаванняў у Мінску плануе пашыраць міжнародную і навуковую дзейнасць.

Аднак для многіх застаецца адкрытым пытанне: што даследаванні Антарктыкі даюць Беларусі? Няўжо толькі дзеля падтрымкі іміджу краіны штогод на самы суровы кантынент накіроўваюцца нашы суайчыннікі? Па адказ мы звярнуліся да намесніка начальніка Цэнтра палярных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук, кіраўніка беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксея ГАЙДАШОВА.

— Насамрэч мэты, якія пераследуе наша краіна, займаючыся працай у Антарктыдзе, цяжка нават пералічыць, — кажа палярнік. — Умоўна іх можна падзяліць на тры групы: абарона нацыянальнай бяспекі, развіццё эканомікі і біяпраспектыка.

Якім жа чынам можна бараніць дзяржаўную бяспеку ў тысячах кіламетраў ад самой Беларусі? Аляксей Гайдашоў тлумачыць гэта наступным чынам: бяспека краіны ў тым ліку залежыць і ад стану яе эканомікі. На беларускую гаспадарку вялікі ўплыў мае клімат: засухі, залевы, замаразкі і іншыя прыродныя катаклізмы. Антарктыду ж называюць «кухняй надвор'я Зямлі»: там фарміруюцца паветраныя масы, якія абумоўліваюць клімат па ўсёй планеце. Шматлікія даследаванні, якія праводзяць беларускія навукоўцы, дазваляюць прагназаваць змены клімату ў любым месцы зямнога шару. Акрамя таго, у Антарктыцы вывучаюць азонавы слой, аэразольны і газавы састаў атмасферы. Назіраюць там і за сейсмічнай актыўнасцю. Яшчэ ў савецкі час на некаторых станцыях быў зафіксаваны вельмі моцны штуршок. Даныя пацвердзілі палярнікі з іншых краін. Пасля мадэлявання аказалася, што эпіцэнтр актыўнасці знаходзіўся ў... Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Гэта быў першы і апошні раз, калі ПАР выпрабоўвала сваю ядзерную зброю. Таму нельга недаацэньваць каштоўнасць працы ў Антарктыдзе на карысць нацыянальнай бяспекі.

Эканамічны эфект ад працы беларускіх палярнікаў можна разглядаць у двух аспектах: перспектыўным і цяперашнім. Будучыня Антарктыды дагэтуль застаецца пад вялікім пытаннем. Нягледзячы на тое, што на кантыненце да 2041 года дзейнічае мараторый на разведку і здабычу карысных выкапняў, у перспектыве гэта можа змяніцца. На мацерыку знаходзяцца найбуйнейшыя ў свеце запасы вуглевадародаў і мінералаў, таму, безумоўна, прыйдзе час, калі радовішчы ледзянога кантынента пачнуць распрацоўваць. Магчыма, у працэсе падзелу сфер уплыву на кантыненце будзе ўлічвацца ўклад кожнай з дзяржаў у даследаванне Антарктыкі, і Беларусі варта заняць сваё месца ў шэрагу краін, якія ўдзельнічалі ў гэтым працэсе не толькі на паперы. Акрамя таго, у антарктычных водах дазволена абмежавана праводзіць здабычу ўзнаўляльных прыродных рэсурсаў, у прыватнасці морапрадуктаў. Наша краіна не мае рыбалоўнага флоту, але з лёгкасцю зможа гандляваць сваімі квотамі на промысел у сваёй акваторыі з іншымі дзяржавамі. Яшчэ варта сказаць пра айчынныя распрацоўкі — прыборы, распрацаваныя беларускімі навукоўцамі для работы ў Антарктыдзе, не маюць аналагаў, а таму могуць мець попыт у іншых краін.

Біяпраспектыка — яшчэ адзін перспектыўны кірунак працы палярнікаў. На аснове відаў мікраарганізмаў і бактэрый, што сустракаюцца толькі ў Антарктыдзе, могуць быць створаны новыя біятэхналогіі. Па словах Аляксея Гайдашова, вядучыя краіны, якія займаюцца даследаваннямі на кантыненце, маюць прарыўныя напрацоўкі ў гэтай сферы. Напрыклад, японцы шукаюць шляхі да лячэння анкалагічных захворванняў пры дапамозе антарктычных мікраарганізмаў.

Усё гэта — не кажучы пра непасрэдна навуковыя здабыткі экспедыцый. Нярэдка палярнікі дапамагаюць спецыялістам іншага профілю. Так апаратура, усталяваная на Беларускім касмічным апараце, калібруецца пры дапамозе спецыялістаў антарктычнай экспедыцыі. А таму прысутнасць Беларусі ў Антарктыдзе — справа не толькі іміджавая, але і сапраўды жыццёва неабходная.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.