Вы тут

Анатоль Калінін: «Пакуль на сметніках і палігонах ёсць адходы, нам нельга супакойвацца»


На сумеснай калегіі прадстаўнікі Мінпрыроды і Мінжылкамгаса разгледзелі пытанні рэалізацыі ў 2015 годзе мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Рэспубліцы Беларусь на 2009—2015 гг. і ўдасканалення сістэмы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі.

Як паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун, за першае паўгоддзе 2015 года нарыхтоўчымі арганізацыямі Белкаапсаюза, Мінжылкамгаса, ДА «Белрэсурсы» і арганізацыямі недзяржаўнай формы ўласнасці нарыхтавана 511,6 тыс. тон другасных матэрыяльных рэсурсаў, ці 52,5% ад гадавога задання. Нягледзячы на тое, што паказчык складае 123,7% у параўнанні з аб'ёмамі аналагічнага перыяду мінулага года, тэмпы росту аб'ёмаў не зусім здавальняюць спецыялістаў.

Існуюць праблемы з выкананнем устаноўленых заданняў па зборы (нарыхтоўцы) паперы і кардону ў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях, адходаў шкла — у Віцебскай вобласці, палімерных адходаў і зношаных шын — у Віцебскай і Мінскай абласцях.

Не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца сродкі, якія выдзяляюцца на развіццё сістэмы збору адходаў тавараў і тары і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы нарыхтоўчых арганізацый згодна з праграмай.

— Існуючыя механізмы збору (нарыхтоўкі) ДМР не дазваляюць у поўным аб'ёме выканаць нормы дзейнага заканадаўства ў частцы забароны іх захавання, — адзначыў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Качаноўскі.

Каб вырашыць гэтыя праблемы, Мінпрыроды і Мінжылкамгас распрацавалі сумесны план дзеянняў па ўдасканаленні сістэмы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Ён змяшчае некалькі асноўных напрамкаў, у тым ліку: удасканаленне заканадаўства ў вобласці абыходжання з адходамі; развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы збору (нарыхтоўкі), транспартавання і выкарыстання ДМР; стварэнне дадатковых эканамічных стымулаў іх збору; забеспячэнне 100% загрузкі ліній сартавання адходаў; арганізацыя збору другасных матэрыяльных рэсурсаў на палігонах; распрацоўка пытання рэгіяналагізацыі палігонаў — будаўніцтва аднаго палігона на некалькі гарадоў ці раёнаў.

Па словах Ігара Качаноўскага, неабходна таксама праводзіць праверкі па недапушчэнні захавання ДМР не толькі на завяршальнай стадыі абыходжання з адходамі — на палігонах, але і каля крыніц іх утварэння. Калі гэта будзе працаваць у комплексе, вынік будзе больш эфектыўны.

— Мы ўвялі шэраг прэвентыўных захадаў па абароне ўнутранага рынку, накіраваных на максімальнае выманне другасных матэрыяльных рэсурсаў і поўнае іх выкарыстанне, — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін. — Другі год выдаткоўваюцца сродкі на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, і яны павінны максімальна выкарыстоўвацца.

Важнай задачай для прадстаўнікоў двух ведамстваў Анатоль Калінін назваў вырашэнне пытання з так званымі «хвастамі» — 10-15% ад агульнай колькасці адходаў, якія пакуль не ідуць на перапрацоўку. Адным з варыянтаў можа стаць забарона вытворцам завозіць у краіну такі ўпаковачны матэрыял, ці яны павінны плаціць вялікія сродкі, якія пасля будуць выкарыстаны на будаўніцтва перапрацоўчага завода.

Віцэ-прэм'ер таксама выказаў думку аб незалежнай ацэнцы дзейнасці краіны ў сферы абыходжання з адходамі і магчымасцяў іх перапрацоўкі з улікам інвестыцыйных праектаў.

Вераніка Коласава.

kolasava@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.