Вы тут

На траекторыю ўстойлівага росту


Інфляцыя ў цэлым за 2015 год будзе ніжэйшай за мэтавы параметр — у межах 15-18%, а працэнтныя стаўкі па крэдытах паменшацца.

Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Нацбанка па выніках пашыранага пасяджэння праўлення гэтага ведамства. Акрамя таго, на ім разглядаліся пытанні выканання асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі нашай краіны за першае паўгоддзе і задачы банкаўскай сістэмы па іх далейшай рэалізацыі, а таксама актуальныя пытанні павышэння ўстойлівасці функцыянавання банкаў.

25-20

Інфляцыю падкарэктуе рынак

Як адзначалася на пасяджэнні, грашова-крэдытная палітыка сёлета была скіравана на падтрыманне макраэканамічнай устойлівасці і запавольванне інфляцыі.

На працягу ІІ квартала Нацыянальным банкам завершана ўкараненне ўсіх асноўных элементаў рэжыму манетарнага таргетавання. Гэта, у прыватнасці, тычыцца змены сістэмы рэгулявання бягучай ліквіднасці банкаў з пераходам на рынкавы механізм устанаўлення працэнтных ставак на грашовым рынку пры дапамозе правядзення аўкцыёну працэнтных ставак. Спецыялісты адзначаюць, што «ўкараненне больш гнуткай сістэмы курсаўтварэння, якая прадугледжвае сёлета з 1 чэрвеня правядзенне біржавых таргоў у рэжыме бесперапыннага падвойнага аўкцыёну, істотна ўзмацняе ролю рынкавых фактараў у фарміраванні абменнага курсу беларускага рубля і будзе спрыяць памяншэнню рызык назапашвання знешніх дысбалансаў».

Дынаміка інфляцыйных працэсаў у першым паўгоддзі характарызавалася ўстойлівай тэндэнцыяй да запавольвання. У гадавым вымярэнні прырост спажывецкіх коштаў знізіўся з 17,1% у студзені да 13,2% у чэрвені. «Таму з ІІ квартала інфляцыя знаходзіцца ніжэй за абвешчаны мэтавы параметр на 2015 год (18% з дапушчальным адхіленнем у памеры 2%)» — паведамляе Нацбанк.

Аб ліквіднасці рубля

Прырост сярэдняй шырокай грашовай масы (прамежкавы арыенцір манетарнай палітыкі) склаў у чэрвені 36,5% у гадавым вымярэнні. Яе павелічэнне ў параўнанні са снежнем 2014 года ў асноўным звязана з пераацэнкай валютнага складніка і чыстай купляй Нацыянальным банкам замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку. Адначасова праводзіліся аперацыі па звязванні рублёвай ліквіднасці, якая фарміруецца пры куплі Нацбанкам валюты. Пасля гэтага рублёвая грашовая база з пачатку года зменшылася на 5,5%.

У Нацбанку паведамляюць, што да канца 2015 года грашова-крэдытная палітыка захавае накіраванасць на абмежаванне інфляцыйных працэсаў і фарміраванне ўмоў для збалансаванага развіцця эканомікі. Увогуле рэгулятар сёлета працягне прымаць меры па запавольванні тэмпаў росту шырокай грашовай масы да вызначанага арыенціру — не больш за 30%. Таму інфляцыя ў цэлым за 2015 год чакаецца ніжэйшай за мэтавы параметр — у межах 15-18%.

Крэдытам загадалі таннець

Працэнтныя стаўкі на крэдытна-дэпазітным рынку сёлета ў першым паўгоддзі фарміраваліся ў значнай ступені пад уплывам эканамічнай сітуацыі канца 2014 года і прынятых захадаў па яе стабілізацыі. З улікам існуючай дынамікі ставак міжбанкаўскага рынку і іншых істотных фактараў Нацбанк паэтапна зніжаў працэнтныя стаўкі па інструментах рэгулявання ліквіднасці. Адначасова адбывалася паступовае зніжэнне працэнтных ставак і на дэпазітна-крэдытным рынку.

Спецыялісты адзначаюць, што для абмежавання крэдытавання па неабгрунтавана высокіх працэнтных стаўках з 1 чэрвеня Нацыянальным банкам зменены падыходы да фарміравання спецыяльных рэзерваў на пакрыццё магчымых страт па партфелях аднародных крэдытаў. Першапачаткова гэтае рашэнне не закранала раней заключаныя дагаворы, у тым ліку новыя траншы, якія выдаваліся пасля 1 чэрвеня. Разам з тым у мэтах змяншэння крэдытнай нагрузкі на крэдытаатрымальнікаў і, адпаведна, скарачэння крэдытнай рызыкі банкам рэкамендавана ў самыя кароткія тэрміны перагледзець раней заключаныя дагаворы ў бок зніжэння працэнтных ставак. Гэта тлумачыцца тым, што Нацбанк плануе не пазней як з 1-га верасня распаўсюдзіць гэты парадак стварэння рэзерваў на ўсе дагаворы, у тым ліку на тыя, якія былі заключаны сёлета да 1 чэрвеня.

Аднак сёння асобнымі банкамі, на фоне зніжэння працэнтных ставак па крэдытах, устанаўліваюцца неабгрунтавана высокія камісіі па аперацыях, якія непасрэдна звязаны з прадастаўленнем крэдытных рэсурсаў. Як было падкрэслена ў ходзе пашыранага пасяджэння праўлення, гэта спрыяе павышэнню фактычнага кошту крэдытаў і будзе расцэньвацца Нацыянальным банкам як парушэнне заканадаўства.

Аналагічныя падыходы будуць прымяняцца і пры ацэнцы кошту дэпазітных прадуктаў. Працэнтная стаўка, якая паказваецца банкамі ў справаздачнасці і ўлічваецца пры разліку рэзервовых патрабаванняў, павінна ўключаць усе віды ўзнагароджанняў, якія выплачваюцца кліенту, у тым ліку бонусы і ўсе іншыя дадатковыя выплаты. Па фактах ажыццяўлення банкамі падобных аперацый рэгулятарам будуць праводзіцца праверкі і прымяняцца адпаведныя меры рэагавання.

Налета павялічаць памер статутнага фонду новых банкаў

Пры падвядзенні вынікаў паўгоддзя рэгулятар канстатуе паляпшэнне сітуацыі з ліквіднасцю банкаў. Станоўчае ўздзеянне на ліквіднасць банкаў аказалі меры па стрымліванні росту крэдытнага партфеля і павышэнні якасці кіравання рызыкай ліквіднасці.

У межах спецыяльных мерапрыемстваў па павышэнні ўстойлівасці функцыянавання банкаў Нацбанк вырашыў устанавіць з 1 студзеня 2016 года мінімальны памер статутнага фонду банка, які ствараецца,у тым ліку ў выніку рэарганізацыі, у суме 450 млрд беларускіх рублёў. Больш за тое, цяпер рэгулятарам рыхтуецца рашэнне аб устанаўленні з пачатку наступнага года патрабаванняў да мінімальнага памеру нарматыўнага капіталу ў беларускіх рублях. Гэтыя патрабаванні будуць штоквартальна карэктавацца Нацбанкам у залежнасці ад бягучага значэння інфляцыі.

Бяспека — па міжнародных стандартах

У найбліжэйшы час Нацбанкам будуць скарэкціраваны падыходы да разліку нарматываў бяспечнага функцыянавання, у тым ліку нарматываў дастатковасці капіталу пры ацэнцы крэдытнай рызыкі па актывах і каштоўных паперах, якія абцяжараны абавязацельствамі трэціх асоб, а таксама па размешчаных у іншых банках актываў, права распараджэння якімі маюць трэція асобы.

Працягнецца ўкараненне міжнародных стандартаў Базель ІІІ. Улічваючы гатоўнасць банкаў да выканання пэўных паказчыкаў, у тым ліку па капітале, Нацбанк прыняў рашэнне аб увядзенні названых стандартаў у якасці нарматываў бяспечнага функцыянавання з 1 студзеня будучага года.

Працягваць актыўнае супрацоўніцтва

Цяпер урад краіны і Нацбанк рыхтуюць комплекс захадаў структурнай палітыкі для «вываду эканомікі Беларусі на траекторыю ўстойлівага доўгатэрміновага росту і актывізацыі яго новых фактараў», гаворыцца ў паведамленні рэгулятара. Актыўнае супрацоўніцтва ў гэтым напрамку ажыццяўляецца з Міжнародным валютным фондам, Сусветным банкам і Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця.

«Рэалізацыя падобных захадаў можа стаць асновай для заключэння з гэтымі міжнароднымі арганізацыямі праграм фінансавання, што дазволіць забяспечыць структурныя пераўтварэнні эканомікі неабходнымі фінансавымі рэсурсамі ва ўмовах істотных выплат дзяржавы па знешніх і ўнутраных абавязацельствах», — лічаць у Нацбанку.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.