Вы тут

БАТЭ чакаюць венгры


Любімая каманда прэм'ер-міністра, якая перамагала сам мадрыдскі «Рэал». Карэспандэнт «Звязды» пастараўся сабраць разам самыя цікавыя факты пра чарговага саперніка БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў.

28-27

Пасля даволі няпростага супрацьстаяння ў другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў з ірландскім «Дандалкам» барысаўскаму БАТЭ прыйдзецца сустракацца з чэмпіёнам Венгрыі «Відэатонам» з Секешфехервара — матч адбудзецца сёння.

Гісторыя. «Відэатон» заснавалі ў далёкім 1941 годзе пры прадпрыемстве, якое вырабляла кулі для паляўнічых. Сваёй сучаснай назвай ён абавязаны аднайменнаму вытворцу электронікі, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў
99-тысячным Секешфехервары. Яе клуб атрымаў толькі ў 1968 годзе. Менавіта тады каманда правяла першы сезон у элітным дывізіёне першынства Венгрыі. У вышэйшай лізе каманда ўсяго правяла 46 сезонаў, двойчы перамагала ў чэмпіянаце і аднойчы заваёўвала кубак краіны. Але галоўным дасягненнем каманды лічыцца ўдзел у фінале Кубка УЕФА ў 1985 годзе. «Відэатон» здолеў прайсці французскі ПСЖ, югаслаўскія каманды «Партызан» і «Жэлезнічар», англійскі «Манчэстэр Юнайтэд», але саступіў у фінале мадрыдскаму «Рэалу» (0:3, 1:0).

Цікава, што галоўным заўзятарам каманды з'яўляецца прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, які нарадзіўся ў Секешфехервары. У свой час ён нават выступаў за каманду «Фельчут» з трэцяй венгерскай лігі.

Трэнер. 10 чэрвеня галоўным трэнерам «Відэатона» стаў француз Бернар Казані. Як футбаліст ён двойчы станавіўся чэмпіёнам Францыі, пераможцам Лігі чэмпіёнаў у складзе «Марсэля». Правёў 30 матчаў за нацыянальную каманду. Казані гуляў выключна ў Францыі, а вось трэніраваць яму давялося і за межамі радзімы. У свой час ён узначальваў тры туніскія каманды і нават зборную Арменіі.

Гульцы. Пра ўзровень гэтага калектыву сведчыць тое, што амаль кожны венгерскі футбаліст гэтай каманды мае вопыт выступленняў за зборную. Сярод іх ёсць і тыя, хто ўжо гуляў у Барысаве. Гэта тычыцца і абаронцы Роланда Юхаса, які прыязджаў у горад над Бярэзінай разам з бельгійскім «Андэрлехтам» у 2008 годзе, і фактурнага нападаючага Роберта Фецэшына. У Барысаве Роберт гуляў за маладзёжную зборную Венгрыі супраць беларускіх аднагодкаў. Ёсць у «Відэатоне» і даволі нядрэнныя легіянеры. Абаронца Рэмі Марэвал правёў каля сотні матчаў за вядомы французскі «Нант», Артура Альварэс з'яўляецца віцэ-капітанам зборнай Сальвадора, Мірка Іваноўскі згуляў больш 20 матчаў за нацыянальную каманду Македоніі, а партугалец Філіпэ Алівейра наогул выступаў за лонданскі «Чэлсі».

Дарэчы, «Відэатон» і Беларусь звязвае не толькі супрацьстаянне з БАТЭ. Даволі працяглы час за каманду выступаў паўабаронца Д'ёрдзь Шандар, у якога ў нашай краіне жывуць сваякі па матчынай лініі. А яго родны брат Іштван нават адзначыўся матчамі ў нашым чэмпіянаце. Выступаў ён за наваполацкі «Нафтан».

Сувязі. Лёсаванне Лігі чэмпіёнаў ужо падкідвала БАТЭ венгерскі «Дэбрэцэн». «Жоўта-блакітныя» сустракаліся з імі ў дзвюх кваліфікацыях і двойчы праходзілі венграў. Спадзяёмся, сёлетні венгерскі апанент таксама не стане для БАТЭ перашкодай.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.