Вы тут

200 ідэй для любімага горада


паспрабуюць рэалізаваць мінчане і атрымаць грашовы прыз.

— Абышоўшы з жонкай увесь наш раён, мы знайшлі толькі дзве пляцоўкі для выгулу сабак: адну абсталяваў ЖЭС, другую — жыхары, праўда, павесіўшы на яе замок, — расказвае гаспадар двух сабак Аляксандр Буян. Мужчына гаворыць, што праз адсутнасць спецыяльнага месца не можа выпусціць сваіх гадаванцаў нават проста пабегаць, не кажучы ўжо пра заняткі з кінолагам. Аднак Аляксандр не стаў чакаць, пакуль ЖЭС вырашыць яго праблему, а сабраў каманду аднадумцаў і выступіў з ідэяй абсталяваць у Мінску пляцоўкі для выгулу сабак на рэаліці-конкурсе #РазамМінск.

Паўдзельнічаць у конкурсе могуць усе актыўныя мінчане, у якіх ёсць ідэі для развіцця свайго горада і паляпшэння жыцця яго жыхароў у розных сферах: экалогія, культура, адукацыя, музыка, спорт, тэхналогіі, даступнасць і г.д. Прызавы фонд конкурсу — 30 млн рублёў (два лепшыя праекты могуць атрымаць па 15 млн па выніках адзнак журы і гледачоў, прычым гэтыя сімпатыі могуць супасці, а значыць, адзін пераможца можа выйграць 30 млн).

У экскурсавода Паўла Дзюсекава ёсць ужо фактычна рэалізаваны трохгадовы праект, які называецца «Вандроўкі ў мінулае». У яго межах Павел распрацаваў 7 аўтарскіх маршрутаў, па якіх водзіць усіх ахвотных.

На думку Паўла, мінчукі не ведаюць горада, у якім жывуць, яго гісторыі, тапанімікі, мінулага, праз гэта не ўяўляюць яго ўнікальнасці і каштоўнасці. Таму ёсць патрэба ў стварэнні паўнавартаснага праекта «Free Walkіng Tours», які на беларускай, рускай, англійскай мовах зможа расказаць жыхарам Мінска і замежным гасцям аб нашай сталіцы. Гэта будуць бясплатныя пешыя экскурсіі, напрыканцы якіх пры жаданні можна будзе ўнесці ахвяраванні на развіццё праекта.

— Калі мой праект пераможа, за выйгрыш я набуду два дэвайсы. Першы — гэта «гаварылка» (спецыяльны мікрафон. — Аўт.), бо калі збіраецца шмат людзей, пачуць экскурсавода бывае праблемай. Таксама мару набыць добры планшэт, каб адысці ад традыцыі савецкіх экскурсаводаў цягаць з сабой папкі з ілюстрацыямі, — дзеліцца Павел.

У кожнага праекта ёсць свой блог у інтэрнэце, дзе выкладаюцца ўсе этапы яго рэалізацыі. Барацьба за перамогу абяцае быць цікавай, бо праекты абсалютна розныя і патрабуюць розных матэрыяльных, фізічных і псіхалагічных рэсурсаў. Так, сярод зарэгістраваных прапаноў стварэнне карты безбар'ернага асяроддзя — спецыяльнага «бэбі-таксі», каляровага інтэрфейсу ў метро для лепшай арыентацыі дзяцей у падземцы і цэлая экалагічная місія па ратаванні качак на вадаёме ва Уруччы...

Каманды, якія за месяц паспяхова завершаць свае міні-праекты, пазмагаюцца за прызы ў чатырох намінацыях: «Лепшы гарадскі праект», «Выбар мінчан», спецыяльная намінацыя Talaka.by «Сацыяльны прадпрымальнік» і спецыяльная намінацыя кампаніі velcom «Дзіцячы горад». Пераможцы рэаліці-конкурсу #РазамМінск будуць абвешчаныя 16 верасня.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».