Вы тут

Cтрасці па павуках


Я заўжды з заміраннем сэрца і глыбокім задавальненнем чытаю пра наступную чупакабру ў Стаўбцоўскім раёне або еці на Браслаўскіх азёрах бо, па-першае, гэта значыць, што людзі выбраліся на прыроду, і яна ім цікавая, і, па-другое, фантазія ў людзей проста фантастычная! Але пасля «інвазіі тарантулаў» на Гродзеншчыну я вырашыў выступіць у якасці настаўніка – разбуральніка мараў. Пакуль страсці не сціхлі, сапраўдныя факты пра павукоў Беларусі могуць, я спадзяюся, абудзіць цікаўнасць крыху больш дасведчаную, чым яна ёсць зараз. Прынамсі, некаторыя «і» будуць мець свае важкія кропкі.

28-14

Факт першы. Самы просты. Павукі ў нас ёсць, і іх шмат. Вельмі. На гэты момант зарэгістравана каля 500 відаў з амаль 30 сем'яў. І гэта далёка не канчатковая лічба. Напрыклад, у Польшчы зарэгістраваны больш за 800 відаў і... яшчэ больш спецыялістаў. Апошняе непазбежна вядзе да большай колькасці відаў: ведама, колькі лекараў, столькі і хваробаў...

Колькасць відаў — гэта далёка не ўсё, шматлікасць павукоў практычна ў кожным біятопе Беларусі ўражвае: напрыклад, на балотных экасістэмах яны могуць складаць да 60% усіх наземных бесхрыбетных.

Але калі павукоў так шмат, то чаму мы заўважаем значна меней? Гэта вельмі проста — многія нашы павукі маюць памеры каля 3-5 міліметраў. Па сакрэце скажу, што большасць павукоў у свеце сапраўды маленькія.

Факт другі. Усе павукі (за выключэннем сям'і Uloborіdae, якую ў нас пакуль не знайшлі) маюць ядавітыя залозы. Гэта значыць, што на пытанне «Ці ёсць у Беларусі ядавітыя павукі?» адказ просты — так, усе. Але калі ўлічваць памер, большасць нават не здольна зрабіць хоць трохі адчувальны зашчык на скуры чалавека, не кажучы пра ўвядзенне атруты ў крывацёк.

Факт трэці. Правільна спытаць «Ці ёсць у Беларусі небяспечныя павукі?». Адносна чорнай удавы, карычневага павука-пустэльніка і бразільскага вандроўнага павука — не, няма. Але ў нас ёсць тарантул. Гэта праўда, на паўднёвым усходзе знаходзілі заходнерускага тарантула (Lycosa sіngorіensіs) шмат разоў. Ягоны ўкус здольны выклікаць лакальны некроз, а ў надта адчувальных грамадзян (магчыма) алергічную рэакцыю.

Ёсць шэраг іншых відаў, якія маюць памер, дастатковы для ўкусу, але часцей за ўсё, каб падобнае здарылася, вы павінны схапіць яго ў руку і сціснуць. Да такіх відаў належаць прадстаўнікі роду Steatoda, якія (арахнафобам далей не чытаць) часта жывуць у дамах людзей, у сутарэннях і на гарышчах. Гэтыя віды належаць да той жа сям'і, да якой і чорная ўдава (Therіdііdae), і маюць яд, які можа выклікаць пэўныя агульныя эфекты. Але каб дасягнуць гэтага, вам прыйдзецца моцна пастарацца самім і неяк вымусіць павука вас укусіць.

З вялікіх павукоў, здольных хоць неяк прадэманстраваць сваё права на жыццё, калі вы бераце іх на рукі, варта адзначыць усім вядомага садовага крыжавіка; вялікага сплаўнога павука (адзіны ахоўны від у Беларусі); аблямаванага паляўнічага і некаторыя віды сям'і Agelenіdae (да якой належаць вядомыя «Гарадзенскія варонкавыя тарантулы»). І ў нас нават ёсць адзін павук, які належыць да «птушкаедаў», — Atypus affіnіs, але яго ніхто не бачыў недзе з 1930-х гадоў...

Факт чацвёрты. Нас не чакае нашэсця экзатычных і небяспечных павукоў. Як арахнолагу, мне вельмі хацелася б, каб гэта было так, але не лёс... Рэдкія інвазіі бываюць паспяховыя і адбываюцца ў кароткі час. Прыкладам удалага захопу тэрыторый сярод павукоў будзе павук-аса Argіope bruennіchі. Ці звязана гэта з пацяпленнем? Вельмі ўскосна. Апошнія звесткі па генетыцы сведчаць пра змяшэнне еўрапейскай і азіяцкай ліній гэтага павука, якое дазволіла павысіць разнастайнасць генетычнага матэрыялу, што, у сваю чаргу, дазволіла адаптавацца да больш халодных умоў. Цяпер павук-аса радасна захоплівае Скандынаўскі паўвостраў.

І гэта, бадай, адзіны прыклад, калі досыць вялікі павук так хутка рушыў на новыя тэрыторыі. Загадваць, ведама, не хочацца, але наступную падобную інвазію, магчыма, і не выпадзе наглядаць.

Каб падагуліць, павукоў у нас процьма і яны цікавыя, разнастайныя і збольшага бяспечныя. Але я ўсё адно буду чакаць наступнага «тарантула», жыццё з імі нейкае багацейшае.

Вячаслаў Іваноў, член грамадскага аб'яднання «Беларускае энтамалагічнае таварыства»

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».