Вы тут

«Бровы» падманшчыцы


Якая кветка выдае сябе за асу?

Са старажатнагрэчаскай мовы слова «офрыс» — імя аднаго з родаў сямейства архідных — абазначае «бровы». Такое метафарычнае імя расліне даў Пліній, але спецыялісты не змаглі адгадаць, каму было прызначана параўнанне і вырашылі пакінуць яго архідэям. Прадстаўнікі роду «офрыс» унікальныя па разнастайнасці формаў і колераў сваіх кветак. У Беларусі расце офрыс насякоманосная, альбо муханосная (лацінская назва — Ophrys іncectіfera). Як і ва ўсіх прадстаўнікоў роду, у гэтай кветкі адсутнічае пылок і нектар. Дзякуючы неардынарнай знешнасці і спецыфічным ферамонам яна прываблівае да сябе насякомых-апыляльнікаў. Самцы пясочнай асы (Argogorytes mystaceus) прымаюць кветкі за самак і, закрануўшы пыльнікі, апыляюць расліну. Цікава, што кожны від расліны-падманшчыцы мае канкрэтнага апыляльніка — асу, авадня альбо пчалу ці павука...

[caption id="attachment_93444" align="alignnone" width="600"]Са­мцы ос не ад­роз­ні­ва­юць оф­рыс ад сва­іх са­мак. Са­мцы ос не ад­роз­ні­ва­юць оф­рыс ад сва­іх са­мак.[/caption]

Мініяцюрная архідэя дасягае ад 20 да 40 сантыметраў у вышыню. Суквецці ў яе колападобныя, самі кветкі нагадваюць насякомае, пялёсткі венчыка маюць чырвона-бурую афарбоўку. Зімою травяністая частка расліны адмірае, а ў глебе застаюцца толькі клубні, у якіх захоўваецца запас пажыўных рэчываў. Цвіце офрыс у чэрвені-ліпені.

Упершыню на тэрыторыі Беларусі «бровы» былі заўважаны ў 2009 годзе. Загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Алег Созінаў знайшоў дзве невялікія папуляцыі па 15-20 раслін на балоце Чысцік, што на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка. А сёлета падчас экспедыцыі навуковыя супрацоўнікі Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — Вольга Казлова, Марына Бядуленка і Алеся Кручонак — выпадкова выявілі другі пункт прапіскі рэдкай расліны. Ёй аказалася забалочаная лугавіна ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. На гэтым месцы батанікі налічылі каля 250 квітнеючых архідэй.

Офрыс насякоманосная расце на поўдні Карэліі, у Прыбалтыцы, Карпатах, Скандынавіі, Сярэдняй і Атлантычнай Еўропе, Міжземнамор'і. Селіцца на лугах, каля кустоўя, расце і на забалочаных мясцінах. Галоўная умова паспяховага развіцця расліны — наяўнасць кальцыю ў глебе ці ў вадзе, якая сілкуе глебу.

Для наступных эксперыментаў навукоўцы прывезлі насенне офрыс у Цэнтральны батанічны сад. Вольга Казлова працуе над вывучэннем асаблівасцяў увядзення кветкі ў культуру іn vіtro (размнажэнне раслін «у прабірцы») для стварэння рэзервовай папуляцыі на выпадак знікнення прыроднай.

Лугавая архідэя трапіла і ў спіс чырванакніжнікаў — яна мае статус аховы І катэгорыі. Мясціны, на якіх заўважаюць офрыс, трапляюць пад апеку дзяржавы. Іншых сваякоў роду офрыс, які налічвае каля 35 відаў, у Беларусі пакуль не знайшлі. Затое ёсць падставы меркаваць, што насякоманосная архідэя прыжылася і ў іншых частках Беларусі — толькі варта добра пашукаць.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.