Вы тут

Пасееш ініцыятыву — пажнеш праект


Абвешчаны конкурс на найлепшае ажыццяўленне ідэй «зялёнай» эканомікі.

Падчас Энергетычнага тура, які адбыўся 16 ліпеня ў горадзе Жыткавічы, прайшлі адукацыйныя семінары па прынцыпах і падыходах зялёнай эканомікі. Пасля тэарэтычнай часткі ахвотныя змаглі пазнаёміцца з сучаснымі энергаэфектыўнымі тэхналогіямі, прадстаўленымі супрацоўнікамі ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў». Як вядома, энергаэфектыўнасць — адзін з прыярытэтных напрамкаў развіцця зялёнай эканомікі ў нашай краіне.

[caption id="attachment_93443" align="alignnone" width="600"]28-12 На фес­ты­ва­лі энер­га­збе­ра­жэн­ня жыт­ка­ві­ча­нам пра­па­на­ва­лі пра­ка­ціц­ца на элект­ра­ве­ла­сі­пе­дзе.[/caption]

Галоўнай тэмай мерапрыемства стала прэзентацыя конкурсу «зялёных» ініцыятыў, анансаванага ў рамках праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», што фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Яго мэта — паказаць, як зялёная эканоміка працуе на рэальных прыкладах. Бюджэт конкурсу складае звыш 1 мільёна 600 тысяч еўра, на кожны праект выдзяляецца 110 тысяч еўра. Такім чынам, арганізатары прафінансуюць каля 15 ініцыятыў.

Трэба адзначыць, што Жыткавіцкі раён выбраны пілотнай тэрыторыяй праекта па «зялёнай» эканоміцы. Адно з найбуйнейшых беларускіх азёр — Чырвонае — з'яўляецца крыніцай сапрапеляў, з якіх атрымліваюць высокаэфектыўныя арганічныя ўгнаенні. У рамках праекта мяркуецца набыць абсталяванне для здабычы і перапрацоўкі гэтага рэчыва.

— Залежы сапрапеляў на возеры складаюць 69 мільёнаў тон, з 1978 года мы здабылі 1 мільён 200 тысяч тон, — распавёў дырэктар прадпрыемства «Жыткавічыхімсэрвіс» Віктар АТЛІВАНАЎ. — Прывяду лічбы: каб забяспечыць мінеральнымі ўгнаеннямі гектар зямлі, мы выдаткоўваем каля 2 мільёнаў рублёў. Угнаенне можна замяніць 10 тонамі сапрапеляў, максімальны кошт якога — 40 тысяч рублёў за тону. Эканомія відавочная.

Кіраўнік праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі» Вольга ЧАБРОЎСКАЯ больш дэталёва прадставіла ўмовы конкурсу «зялёных» ініцыятыў.

— Мы будзем аддаваць перавагу праектам з рэгіёнаў, — падкрэсліла суразмоўца.

— Наш раён зацікаўлены ў рэалізацыі розных праектаў, у нас назапашаны вопыт у гэтай галіне. У 2012 годзе мы ўдзельнічалі ў праекце па рэалізацыі тэрытарыяльна арыентаванага развіцця рэгіёнаў. З апошніх экалагічных ініцыятыў — захаванне вадасховішчаў у пойме ракі Прыпяць, — адзначыў намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерый РАГАЛЕВІЧ. — Але варта быць крытычнымі: у параўнанні са сталіцай і вопытам іншых краін, мы толькі пачынаем рэалізоўваць праекты, нам трэба яшчэ шмат развівацца ў гэтым кірунку.

Пасля семінараў жыткавічане прынялі ўдзел у фестывалі энергазберажэння і «зялёнай» эканомікі. Удзельнікі мерапрыемства наведалі выстаўку «Вандроўка на самую вялікую энергастанцыю Беларусі», змаглі падлічыць энергаэфектыўнасць кватэры, пракаціцца на электравеласіпедзе, паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў «Я зберагаю энергію», размаляваць экасумку.

Заяўкі прымаюцца толькі ад афіцыйна зарэгістраваных недзяржаўных арганізацый. Арганізатары чакаюць праекты па абыходжанні з адходамі, экалагічным турызме, захаванні біяразнастайнасці і ўстойлівага выкарыстання біярэсурсаў і земляў, аднаўляльных крыніц энергіі і энергаэфектыўнасці, устойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі і водна-балотнымі ўгоддзямі, экаінавацыях, экамаркіроўцы, арганічнай сельскай гаспадарцы, экасістэмных паслугах. Умоўна кажучы, такія мерапрыемствы, як закупліванне кантэйнераў для наладжвання сістэмы збору адходаў ці замена асвятлення ў горадзе падыходзяць пад названыя крытэрыі. Праект мусіць быць завершаны да канца 2016 года, на яго выкананне адводзіцца 18 месяцаў. Прапановы будуць прымацца да 31 жніўня 2015 года, форму заяўкі можна знайсці на сайце grееnlоgіс.bу

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Мінск — Жыткавічы — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.