Вы тут

Дакрананне любоўю


Тэатр як жыццё для крытыка, прафесара, доктара філалагічных навук Таццяны Арловай.

Беларускі тэатр быў, беларускі тэатр ёсць. Каб «быў» і «ёсць» звязваліся ў адну сістэму, у адзін працэс, існуюць людзі, якія вывучаюць тэатр, аналізуюць яго стан і з'явы, тлумачаць, што ёсць «дрэнна» і «добра», дзе ёсць думка і якая, тым самым выхоўваючы чалавека. Гэтым усё сваё жыццё займаецца адна з самых аўтарытэтных тэатральных крытыкаў Беларусі Таццяна Дзмітрыеўна Арлова, якая 28 ліпеня адзначае 80-гадовы юбілей. Для шмат каго са звяздоўцаў — настаўніца, для нашых чытачоў — аўтарка, у свой час вядучая рубрыкі «Тэатральнае паляванне».

28-32

 

У дачыненні да яе выраз «усё жыццё ў тэатры і з тэатрам» абсалютна справядлівы. Яе бацька — савецкі акцёр, рэжысёр і выкладчык Дзмітрый Арлоў, народны артыст БССР. Таццяна Дзмітрыеўна прысвяціла яму адну са сваіх кніжак, якая так і называецца: «Настаўнік Д.А. Арлоў». Настаўнікамі для яе былі ўсе творчыя людзі, якіх яна бачыла з дзяцінства, настаўнікам быў і сам тэатр, дзе вызначыўся яе асабісты творчы лёс: пісаць пра тэатр, ведаць яго, разумець. І вучыць гэтаму іншых.

Яна працягвае гэта рабіць: Таццяна Арлова — прафесар кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ. Фактычна сама з яго выйшла, працавала па спецыяльнасці журналісткай, пісала ў тым ліку пра тэатр. Далей была аспірантура ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР і вяртанне на журфак БДУ у якасці выкладчыцы, дзе Таццяна Арлова працуе з 1972 года і да гэтага часу. Яна ўводзіла ў журналістыку, працягвае зацягваць у гісторыю мастацтваў, адкрывае свет культуры, калі распавядае пра дасягненні старажытных цывілізацый свету. Але найбольш любімыя яе прадметы ў будучых журналістаў тыя, што звязаны з тэатрам. Таму што адзін з галоўных яе клопатаў у жыцці — падрыхтоўка тэатральных крытыкаў. Яна разумее: патрэбны такія людзі, якія даследуюць працэс, назіраюць за тэатрам нібыта збоку, але насамрэч паглыбленыя ў асаблівасці яго існавання, таму могуць выказваць сваю думку з адзінай мэтай: дапамагаць тэатру быць лепшым, больш дасканалым, дзе ўсе часткі сплятаюцца і суіснуюць у гармоніі дзеля гледача. Тым самым гэтыя людзі — крытыкі — дапамагаюць тэатру не спыняцца, а развівацца, ісці далей, бо гэтае мастацтва па-свойму адлюстроўвае час і размаўляе з людзьмі. Сама Таццяна Дзмітрыеўна з'яўляецца прыкладам у гэтым, прынамсі, яна член Міжнароднай асацыяцыі тэатральных крытыкаў UNESCO. Здабыла сабе імя вельмі неабыякавага і прынцыповага крытыка, які карыстаецца павагай не толькі тых, хто піша, але і тых, хто стварае тэатр, а гэта дарагога вартае.

Гэта вартае безлічы прагледжаных спектакляў. Вартае велізарнай колькасці напісаных рэцэнзій (якія працягваюць з'яўляцца ў рэспубліканскім друку). Вартае доктарскай дысертацыі на тэму «Тэатральная журналістыка. Узнікненне. Станаўленне, функцыянаванне ў СМІ». І яшчэ больш за 150 навуковых публікацый, амаль двух дзясяткаў кніг, сярод якіх асобныя прысвечаныя выдатным беларускім акцёрам Расціславу Янкоўскаму, Бэле Масумян. У 2007 годзе Арлова стала лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Кандрата Крапівы. А ў 2012 годзе ўзнагароджана прэміяй імя Пічэты (у гонар першага рэктара БДУ). Па падручніках Арловай вучацца журналісты, але па тых, што прысвечаны тэатру, могуць лепш разумець і любіць гэтае мастацтва і звычайныя гледачы.

Яна вучыць любіць — гэта вызначальнае ў ёй як у выкладчыку, як у крытыку і чалавеку. Таму што жыццё можа скласціся па-рознаму — у журналістаў, крытыкаў ці тых, хто будзе для тэатра простым гледачом. Але ёсць момант дакранання, нават лёгкага дотыку, аднаго слова ці кароткай рэмаркі, якіх бывае дастаткова для таго, каб зразумець, у чым сутнасць чалавечай культуры наогул, якая фарміравалася тысячагоддзямі, пакідала лепшае, ішла наперад. І ўсё таму, што стваралася з любоўю да чалавека. І не пакідала надзеі зрабіць яго лепшым, прапаноўваючы думкі для асэнсавання сваёй наканаванасці, неабходнасці, значнасці. І тады зразумела, чаму яна вечная. Відавочна, як можа быць вечным чалавек, які лічыць сябе гаспадаром у свеце.

Культуру ствараюць людзі. Нават адзін чалавек можа яе ствараць, калі ўмее паказаць кірунак іншым. Адзін настаўнік, які можа даць адчуванне любові да справы.

Вучні Таццяны Дзмітрыеўны са «Звязды» і аматары тэатра далучаюцца сёння да віншаванняў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.