Вы тут

Шагалу прысвячаецца...


У Віцебску тры дні святкавалі 100-годдзе з дня вяселля Марка Шагала і Бэлы Розенфельд і правялі юбілейныя XXV міжнародныя Шагалаўскія чытанні. Арганізатары не выключаюць, што пілотны культурны праект «Вясельная феерыя «Закаханыя над горадам» з часам стане яшчэ адным турыстычным брэндам.

28-43

Падчас цырымоніі адкрыцця праекта на плошчы Тысячагоддзя быццам бы ажылі палотны майстра. У прыватнасці, цыркачы, якія ігралі ролю закаханых, літаральна ляталі над горадам...

Ажыццявілі фотапраект «Гораду Марка Шагала прысвячаецца...». Потым фота расійскіх фатографаў будуць паказаны ў Маскве... Працавала выстава-кірмаш «Шагалаўскі Віцебск». Адбылася прэзентацыя вясельных аўтамабіляў «Вясельны дыліжанс»...

У двары дома, які належаў сям'і Шагала, падчас сімвалічнага іўдзейскага шлюбнага абраду яблыку недзе было ўпасці. Цікава, што правёў яго сапраўдны рабін. Надоўга запомняцца і дэманстрацыя калекцыі вясельных убораў, майстар-клас па вясельным вальсе, светлавое шоу...

У юбілейных Шагалаўскіх чытаннях бралі ўдзел даследчыкі біяграфіі і творчасці мастака з Беларусі, ЗША, Японіі, Расіі, і Латвіі.

28-41

— За ўсе гады правядзення чытанняў геаграфія ўдзельнікаў была вельмі разнастайнай. Складана сказаць, прадстаўнікі якіх краін яшчэ не былі ў Віцебску. Сёлета прыехалі 15 дакладчыкаў, — адзначыла Ірына Воранава, дырэктар музея Марка Шагала ў Віцебску.

А гісторык Людміла Хмяльніцкая падкрэсліла ўнікальнасць віцебскіх чытанняў:

— 25 гадоў — сур'ёзны тэрмін для навуковай канферэнцыі. Больш за тое, канферэнцыі манаграфічнай, прысвечанай аднаму чалавеку. Цяжка наогул уявіць, як такое магчыма: на працягу чвэрці стагоддзя кожны год Віцебск збірае даследчыкаў, і іх не становіцца менш. Я падлічыла, што за ўсе гады прачытана каля 260 дакладаў. Цікава, што былі і выязныя чытанні — у польскім горадзе Люблін падчас шагалаўскага фестывалю.

Улада і надалей будзе спрыяць правядзенню навуковага мерапрыемства.

— 25 гадоў чытанням — на маю думку, гэта толькі пачатак. І ўпэўнены, што яны застануцца назаўжды. Можа быць, будуць праводзіцца раз на 2 гады або штогод. Але ў любым выпадку яны будуць, — запэўніў прысутных Пётр Падгурскі, намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Цікава, што ў дні святкавання юбілею шлюбу Шагала і яго музы ў Віцебску заручыліся 24 маладыя пары.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.