Вы тут

Крама — у кожнай вёсцы


Як спажыўкааперацыі застацца запатрабаванай?

У некаторых рэгіёнах у адрас спажывецкай кааперацыі паступае шмат нараканняў. Маўляў, адстаюць ад сучаснасці: асартымент у крамах небагаты, самі гандлёвыя пункты не дагледжаны. Лунінецкі раён, наадварот, сваім спажыўтаварыствам ганарыцца. Мясцовая кааперацыя заўсёды сярод лідараў па рэспубліцы. Пра дасягненні і планы ў гэтай галіне мы спыталіся ў намесніка старшыні Лунінецкага райвыканкама Уладзіміра КАВАЛЕВІЧА.

28-38

— Уладзімір Міхайлавіч, як сёння развіваецца мясцовае спажыўтаварыства?

— Наша кааперацыя абслугоўвае ўсе 69 тысяч насельніцтва раёна, задавальняе пакупнікоў практычна па ўсіх таварных групах. Моцны штуршок дала Дзяржаўная праграма ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады, згодна з якой удасканальваецца гандлёвая сетка ў мястэчках. У кожнай вёсцы (за выключэннем дзвюх — там наладжана выязное абслугоўванне) адкрыта крама. Яна ёсць нават пры колькасці насельніцтва ў сто чалавек. Адзінае, што графік працы скарочаны: прыйсці па пакупкі можна з 9 да 15 гадзін. У крамах усіх аграгарадкоў зроблены капітальны рамонт, устаноўлена новае абсталяванне, дзейнічае самаабслугоўванне. Мэблю і бытавыя прыборы вясковыя жыхары атрымліваюць па заяўках: выбіраюць той жа халадзільнік па каталогу, і праз тыдзень-два рэч прывозяць пакупніку на дом. Ніхто не хоча завальваць склад. У Лунінцы і Мікашэвічах спажыўкааперацыя ўстанаўлівае «лёгкія» крамы — гандлёвыя пункты модульнага тыпу з невялікай плошчай залы (50 квадратных метраў). Падобныя крамы крокавай даступнасці зручна размяшчаць у дваровых тэрыторыях густанаселеных раёнаў горада. Як і любой арганізацыі, нам ёсць, над чым яшчэ працаваць. Напрыклад, трэба паляпшаць культуру абслугоўвання. Асартымент тавараў — пытанне, якое заўсёды будзе актуальным.

— На вашу думку, ці ёсць у нас структура, якая магла б замяніць кааперацыю ў раёнах?

— На сёння пакуль няма. Спажывецкае таварыства займаецца ж не толькі гандлем. Яно вядзе нарыхтоўчую дзейнасць: насельніцтва здае на перапрацоўку клубніцы, чарніцы, вішню, яблыкі, бульбу, моркву. Прыёмныя пункты створаны практычна ў кожнай сельскай краме. Запазычанасцей у нас няма, грошы людзям выплачваюць адразу. Туды ж можна прынесці і другсыравіну. Вядома, макулатуру і металалом прымаюць і камунальнікі, але гэта ўсяго 3-4 пункты на раён. Паколькі ў нас шмат населеных пунктаў знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага забруджвання, сняданкі школьнікаў аплачваюцца са сродкаў бюджэту. Пытанні харчавання ляжаць на спажыўкааперацыі, якая цалкам абслугоўвае сетку навучальных устаноў. Ды і што тычыцца крамаў, індывідуальных прадпрымальнікаў цікавяць толькі буйныя населеныя пункты. У вёсцы з дзвюма тысячамі жыхароў, напрыклад, ёсць пара прыватных крам і кавярня. А ў малыя мястэчкі прыватнікі не паедуць.

— А што, калі ў райцэнтр прыйдзе вялікі рытэйл кшталту «Еўраопта»? Гэта ж сур'ёзны канкурэнт.

— Так, на нейкі момант адток пакупнікоў адназначна будзе. Непадалёк, у Пінску, ёсць «Еўраопт». Калі ён там адкрыўся, людзі ледзь не аўтобусамі ў той гіпермаркет ездзілі. Паглядзелі, закупіліся. Зверылі чэкі. Розніца на пачку макаронаў ці крупы — некалькі сотняў рублёў. Падумалі, што не такая вялікая сума, каб набіраць за раз поўную машыну прадуктаў і рабіць дома залежы. І пакрысе ад гэтай практыкі адышлі. Можна ж усё набыць і побач з домам. У кожнай краме спажыўтаварыства прадаюцца лімоны, яблыкі, бананы. Часам нас крытыкуюць, што на халадзільнай вітрыне кожнага віду фруктаў ляжыць толькі па 5-6 штук. Але ж у вёсках шмат і не трэба. Наша кааперацыя мабільная, хутка падладжваецца пад патрэбы спажыўцоў. Паглядзела, як працуюць буйныя рытэйлы, і цяпер таксама робіць тыя ж аўкцыённыя тавары. Кожны тыдзень устанаўлівае зніжкі на пэўную групу тавараў. Таму канкурэнцыі мы не баімся і гатовы развівацца далей.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.