Вы тут

Вязынка. Муза


Радзіма Купалы натхняе на фотаздымкі.

Пра тое, што тут выдатна фатаграфавацца, ведаюць тыя, хто наведваў ці любіць наведваць Вязынку. Але тады яна ўсё ж на другім плане. У фотамастака Валерыя Вядрэнкі, наадварот, — Вязынка на першым месцы, на першым плане, і фактычна муза — ужо другі фотапраект прысвячае ён мясцінам Купалы. Як і першы, гэты прадстаўляе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, дзе да 15 жніўня працуе выстава «Святло Вязынкі. Графіка».

Можна здзіўляцца: ну як можна столькі здымкаў прысвяціць толькі аднаму аб'екту? Можна, прычым на кожным з іх гэты аб'ект паўстае іншым, загадкавым, невядомым, прывабным, фантастычна-прыгожым, рамантычна-паэтычным, знакавым... Так і ёсць. Але не ўсе гэта могуць убачыць, а вось фатограф Валерый Вядрэнка можа падкрэсліць усе асаблівасці аднаго месца. Ён наогул любіць здымаць асобныя архітэктурныя помнікі, гарады ці мястэчкі, гістарычныя комплексы, якім часам прысвячае тэматычныя выставы. Пра яго працы, прысвечаныя адметнасцям Беларусі, мы ўжо пісалі. Але цяпер чарговы праект. Не, хутчэй усё ж працяг адкрыцця Вязынкі, якая падаецца і з розных ракурсаў і з асаблівым падыходам.

Аўтар бярэ за пункт адліку пачатак ХХ стагоддзя — тое, як фатаграфавалі тады; робіць здымкі ў стылі піктарыялізму, які набліжаў фатаграфію да жывапісу і графікі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Так, і фота маглі выглядаць падобна да твора, напрыклад, імпрэсіяністаў, ці мець рысы сімвалізму. Трэба было не проста мець тэхніку ў руках, а ўмець працаваць з ёй асаблівым чынам, выкарыстоўваць розныя аб'ектывы ці фільтры. Фотатэхніка можа не проста фіксаваць, яна можа яшчэ і адлюстроўваць настрой таго, хто здымае, яго пачуцці да таго, што здымаецца. І можа падкрэсліваць цуд таго, што ёсць ў рэальнасці. Як гэта атрымліваецца ў Вядрэнкі з серыямі, прысвечанымі Вязынцы. Толькі ён мае мэту не столькі ў гістарычным аднаўленні той фотатэхнікі (усё ж працуе ў лічбавай фатаграфіі), колькі выкарыстоўвае погляд таго часу на мясціны сучасныя. Нібыта погляд з мінулага. Нібыта погляд Купалы, які быў паэтам і ўмеў убачыць нечаканае ў звыклых рэчах.

На гэты раз гледачу прапанавана серыя з 26 прац, мастацкіх, паэтычных, створаных чалавекам, улюбёным у сваю радзіму і тое, што стварае яе гонар. Ён паказвае іншым, як можна (і проста!) закахацца, калі на нешта паглядзець інакш. Як можна абудзіць цеплыню да таго, што, можа быць, існуе ў свядомасці як важны пункт на карце, але праз фота ён сапраўды атаясамліваецца з чалавекам, які з ім звязаны нараджэннем, адчуваннем, паэзіяй. З Купалам. Не дзіва, што серыя фотапрац Валерыя Вядрэнкі, прысвечаная Вязынцы, захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.