Вы тут

Дэградацыя зямель — адна з пагроз нацыянальнай бяспекі


Спецыялісты б'юць трывогу: такой засухі, якую давялося назіраць гэтай вясной і летам, у Беларусі не было больш за дзесяць гадоў. Яны прагназуюць падзенне ўраджайнасці азімых збожжавых у асобных раёнах на 40-45% у параўнанні з леташнімі паказчыкамі. Даўся ў знакі нізкі запас вільгаці ў глебе. Што гэта: чарговыя капрызы прыроды або вынік няправільнага ўздзеяння на глебы? І наогул, ці не ператворыцца Сінявокая аднойчы ў змярцвелую пустыню?

28-10

Не чарназём, але ўсё магчыма

Эксперты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя супакойваюць: нашай краіне апустыньванне пакуль не пагражае, дзякуючы дастатковай колькасці ападкаў і наяўнасці пастаяннай расліннасці (лясы і лугі). Між тым у Беларусі выяўлена больш за 20 відаў і формаў дэградацыі зямель (улічваючы глебы). Страты ўраджаю на нездаровых землях складаюць ад 5 да 60%. У цэлым па краіне 29 раёнаў знаходзяцца ў групе з неспрыяльным экалагічным станам зямель, а 62 раёны прызнаны непрыдатнымі для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Па словах загадчыка навукова-даследчай лабараторыі экалогіі ландшафтаў БДУ Валянціна ЯЦУХНА, у Беларусі налічваецца 443 разнавіднасці глебы. Самы распаўсюджаны тып — дзярнова-падзолістыя глебы — не могуць пахваліцца высокай урадлівасцю. Па гэтым крытэрыі нашы глебы істотна адрозніваюцца. Напрыклад, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці сярэдні кадастравы бал урадлівасці глеб складае ўсяго 17, у Нясвіжскім Мінскай вобласці — 40 (з 100 магчымых). Сярэдні паказчык для Беларусі — 32 балы, даволі невысокі, калі параўноўваць з паказчыкамі краін-суседзяў.

Ёсць і рэдкія для краіны дзярнова-карбанатныя глебы (Жыткавіцкі, Столінскі раёны) з высокай урадлівасцю. Іх ацэньваюць максімальнымі 100 баламі, аднак такой зямлі мала. Для нас гэтыя «чарназёмы», можна сказаць, унікальныя.

Але, нават нягледзячы на слабую прыродную ўрадлівасць глеб, Беларусь уваходзіць у лік дваццаці першых краін свету па велічыні долі ворных зямель на аднаго чалавека, якая складае 0,6 га.

На што «хварэе» наша зямля?

— Водная і ветравая эрозія — асноўныя віды дэградацыі глеб Беларусі, — інфармуе намеснік дырэктара па навуковай рабоце рэспубліканскага навуковага даччынага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі», кандыдат сельскагаспадарчых навук Андрэй ЧАРНЫШ. — Ужо дэградавалі 550 тысяч га, а глебы з патэнцыйна магчымай праявай эрозіі (эразійнанебяспечныя) займаюць каля 40% ад усіх сельскагаспадарчых зямель. 1,4 мільёна га — патэнцыйна небяспечныя ў дачыненні да воднай эрозіі, 1 мільён га — да ветравой.

Пры ветравой эрозіі здзімаюцца ўрадлівыя пласты глебы. Звычайна «захворванне» праяўляецца вясной, калі глеба перасохла, а расліны яшчэ не з'явіліся, і ўвосень, пасля збору ўраджаю. Характэрная праява — пясчаныя буры. Водная эрозія ўзнікае з-за моцных ападкаў, а за апошнія гады ліўні сталі звычайнай з'явай.

Па звестках Інстытута глебазнаўства і аграхіміі, штогод губляецца каля 10-15 тон з га глебавага драбназёму, азоту — 10 кг з га, фосфару і калію — 4,5 кг з га, кальцыю і магнію — па 56 кг з га, а перагною —150 кг з га. Куды «знікаюць» усе гэтыя рэчывы? Ва ўмовах складанага рэльефу яны змываюцца вадой і трапляюць у вадаёмы, у выніку адбываецца лакальная экалагічная катастрофа — забруджванне вады.

Як абараніць глебу ад воднай эрозіі? Універсальнага рэцэпту няма. Вядома, што вырошчванне шматгадовых культур дазваляе абараніць глебу на 90%, збожжавых — на 50-60%. Таксама спецыялісты не рэкамендуюць пакідаць глебу адкрытай, пустой. Калі глебы непрыдатныя для сельскай гаспадаркі, варта пазбягаць гэтай дзейнасці і пакінуць іх у натуральным стане.

Андрэй Чарныш вылучае і такую форму дэградацыі, як ушчыльненне глебы. Яно адбываецца ў асноўным праз выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі, якая разбурае структуру глебы. Прыкладна палова ўсіх беларускіх ворных зямель ушчыльнена, і гэта непазбежны працэс. Спецыялісты бачаць выйсце ў выкарыстанні такіх прыёмаў апрацоўкі глебы, як шчыляванне і рыхленне.

На думку навукоўца, дзяржава выдаткоўвае дастаткова сродкаў для пераадолення дэградацыі глеб. Трэба толькі памятаць: эрадзіраваныя і эразійнанебяспечныя землі патрабуюць дыферэнцаванага падыходу. У барацьбе з эрозіяй на першае месца спецыяліст ставіць правільную арганізацыю тэрыторыі — мэтазгоднае выкарыстанне зямель з улікам ландшафтных асаблівасцяў. Затым варта правільна падабраць культуры — гэта самы просты і танны спосаб, пры якім дадаткова не трэба араць зямлю альбо праводзіць шчыляванне. Можна замяніць узворванне безадвальнай апрацоўкай альбо глыбокім рыхленнем: гэтыя прыёмы абараняюць глебу. Ёсць сэнс і ў правядзенні аграхімічных мерапрыемстваў.

Хімічнае забруджванне глебы — яшчэ адно праяўленне дэградацыі глеб. Пераважаюць такія шкодныя для глебы рэчывы, як свінец, кадмій, нікель, медзь, ртуць і нафтапрадукты. Зараз вядзецца актыўная праца па пераадоленні радыеактыўнага забруджвання: удасканальваюцца тэхналогіі, якія перашкаджаюць паступленню радыенуклідаў у расліны.

28-11

Тарфянікі — будучыя пустыні?

«Ранамі зямлі» называюць выпрацаваныя ў выніку меліярацыі тарфянікі. У свой час Беларусь была піянерам сярод краін СССР у гэтай сферы. Яшчэ зусім нядаўна тэрыторыя нашай краіны адносілася да зоны залішняга ўвільгатнення: кожны сёмы гектар быў балотам. Глебы асушаных балот, здавалася, падораць харчовы дабрабыт на доўгія гады. У выніку меліярацыі (якая, дарэчы, перакладаецца з лацінскага як «паляпшэнне») у нас засталося больш за 200 тысяч га выпрацаваных тарфянікаў.

Што адбываецца з імі сёння? «Гэтыя землі альбо зусім не выкарыстоўваюцца, альбо выкарыстоўваюцца вельмі незадавальняюча», — тлумачыць навуковы супрацоўнік Інстытута меліярацыі і лугаводства НАН Беларусі Анатоль МЕЯРОЎСКІ. Вярнуць да жыцця дэградаваныя землі можна пры дапамозе паўторнага забалочвання. На плошчы каля 50 тысяч га гэтая працэдура ўжо праведзена.

Мерапрыемствы па паўторным забалочванні падтрымліваюцца міжнароднымі арганізацыямі. Напрыклад, з 2013 года рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН / ГЭФ «Распрацоўка інтэграваных падыходаў да кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі з улікам прынцыпу шматмэтавага ландшафтнага планавання з мэтай атрымання шматбаковых экалагічных выгод» («Тарфянікі-2»). Ён садзейнічае аднаўленню тарфянікаў, якія раней выкарыстоўваліся ў лясной і сельскай гаспадарках. Праект «Кліма-Іст»: захаванне і ўстойлівае кіраванне тарфянікамі ў Беларусі для скарачэння выкідаў вугляроду і адаптацыі балотных экасістэм да зменаў клімату» пачаўся ў лютым 2014 года, разлічаны на чатыры гады. Яго мэта — аднаўленне нізінных балот «Званец» і «Спораўскае», асноўных месцаў гнездавання на тэрыторыі Беларусі вяртлявай чаротаўкі — рэдкай птушкі, занесенай у Чырвоную кнігу краіны.

— Што трэба зрабіць, каб выпрацаваныя тарфянікі не ператварыліся ў пустыні і не ўчынілі катастрофу для сельскай гаспадаркі і эканомікі краіны? — задаецца пытаннем каардынатар праекта «Тарфянікі-2» Аляксей АРЦЮШЭЎСКІ. — Мы прапануем трансфармаваць тарфяныя землі, якія раней выкарыстоўваліся, у шматгадовыя лугавыя ўгоддзі. З аднаго боку, гэта дазволіць рэзка запаволіць хуткасць мінералізацыі арганічнага рэчыва і дэградацыі тарфяных зямель. З іншага боку, дасць магчымасць ажыццяўляць эканамічную дзейнасць на экалагічна дружалюбнай аснове.

Новая стратэгія

Сёння дэградацыя зямель прызнана адной з пагроз нацыянальнай бяспекі краіны. 2015 год быў абвешчаны Сусветным годам глеб, а ў красавіку Мінпрыроды Беларусі зацвердзіла Стратэгію па рэалізацыі гэтага дакумента і Нацыянальны план па прадухіленні дэградацыі зямель (улічваючы глебы) на 2016-2020 гады. Дакументы ўзаемазвязаны: калі ў стратэгіі пазначаны асноўныя праблемы і напрамкі, то ў плане прапісаны канкрэтныя мерапрыемствы, якія будуць рэалізаваны ў Беларусі.

Сярод прыярытэтаў вылучаюць захаванне агратэхналогій, якія забяспечваюць захаванне натуральнай урадлівасці глеб, распрацоўку інавацыйных тэхналогій, развіццё навуковага патэнцыялу ў галіне аховы і рацыянальнага выкарыстання зямель. Акрамя гэтага, плануецца звесці да мінімуму ўзровень мінералізацыі арганічнага рэчыва тарфяных глеб і аднавіць парушаныя экасістэмы. У спісе значыцца развіццё арганічнага земляробства.

Дэградацыя глеб прызнана пагрозай глабальнага маштабу. З гэтым сцвярджэннем згодны і ў Беларусі, бо калі не звярнуць увагу на «хваробы» глеб ужо цяпер, якая будучыня чакае нас праз дзясяткі гадоў?

Пыльныя буры

Гэтай вясной інтэрнэт ускалыхнуў відэаролік, галоўным «героем» якога стала апакаліптычная пыльная бура, што накрыла Салігорск. За апошнія 45 гадоў у Беларусі зафіксавана 350 такіх выпадкаў. Мабыць, гэта самая пераканаўчая праява ветравой эрозіі і разам з тым яскравы паказчык кліматычных змен.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.