Вы тут

Зрабіць свядомы выбар


Як праходзіць збор подпісаў на вуліцах сталіцы.

29-38

Ініцыятыўныя групы васьмі прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду развярнулі свае пікеты на вуліцах гарадоў. Для рэгістрацыі кандыдата неабходна сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Кожны грамадзянін можа падпісацца за рэгістрацыю адразу некалькіх прэтэндэнтаў, але пры гэтым ён не мае права пакідаць свой подпіс за аднаго і таго ж чалавека больш за адзін раз.

Карэспандэнты «Звязды» наведалі некалькі асабліва шматлюдных месцаў сталіцы і пацікавіліся ў членаў ініцыятыўных груп, наколькі ахвотна людзі пакідаюць свае подпісы.

Падзея і для маладых, і для сталых

Ля ўніверсама «Цэнтральны» пікеты развярнулі ініцыятыўныя групы некалькіх прэтэндэнтаў на пост Прэзідэнта.

Яўген Рыбакоў, член ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч, прызнаецца, што для яго важна, каб на выбарах было некалькі кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта.

— Свае подпісы пакідаюць людзі розных узростаў, — адзначае ён. — Я заўсёды ў гутарцы з мінакамі звяртаю ўвагу на тое, што кожны мае права пакінуць свой подпіс на карысць адразу некалькіх прэтэндэнтаў.

Яго «калега» — малады ўсмешлівы хлопец Вячаслаў з ініцыятыўнай групы Віктара Цярэшчанкі — ахвотна дзеліцца сваімі сённяшнімі назіраннямі.

29-41

— Людзі падыходзяць, задаюць пытанні: нехта хоча даведацца пра нашага прэтэндэнта літаральна ўсё. Нехта, у каго не так шмат часу, каб чытаць біяграфію, падыходзіць і просіць расказаць у двух словах; ёсць людзі, якія проста падыходзяць і пакідаюць свой подпіс.

Ля пікета, устаноўленага ініцыятыўнай групай Аляксандра Лукашэнкі, спыняецца мужчына і дае жанчынам свой пашпарт, каб тыя ўнеслі яго голас у падпісны ліст.

Пакуль яго звесткі ўносяць у спіс, тлумачыць, чаму ён падпісваецца за перавыбранне цяперашняга Прэзідэнта.

— У нас спакойна, бяспечна — гэта на сённяшні дзень галоўнае.

Алена Дашкевіч, член ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, унёсшы неабходную інфармацыю ў спіс, ахвотна адказвае на мае пытанні.

29-40

— Людзі падыходзяць, пакідаюць свае подпісы, — дзеліцца назіраннямі жанчына. — Што радуе, падпісваецца і шмат моладзі. Многія кажуць, што гатовы прагаласаваць зараз жа. Часта падыходзяць замежнікі, якія таксама хочуць пакінуць свой подпіс за нашага Прэзідэнта. Праўда, законам гэта забаронена, таму ім дзякуем і адмаўляем.

Даведацца пра ўсіх прэтэндэнтаў

Пікеты ля ГУМа таксама карыстаюцца папулярнасцю ў мінакоў — ля кожнага спыняюцца, чытаюць біяграфіі прэтэндэнтаў, гутараць з прадстаўнікамі ініцыятыўных груп.

Вікторыя, член ініцыятыўнай групы Віктара Цярэшчанкі, заўважае, што сёння за яе прэтэндэнта пакідаюць свае подпісы ў асноўным людзі больш сталага ўзросту. Пытанні таксама задаюць вельмі актыўна.

— Цікавяцца, напрыклад, чым займаецца Віктар Цярэшчанка зараз, ці з'яўляецца ён членам якой-небудзь партыі. Некаторых трошкі бянтэжыць узрост прэтэндэнта — яму ўжо 65 гадоў.

Ігар Мікалаевіч збірае подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Мужчына канстатуе: прахожыя цікавяцца выбарчай кампаніяй.

— Звычайна шмат пытанняў мне не задаюць — дзейнага Прэзідэнта ўсе ведаюць. Таму ахвотныя проста падыходзяць і пакідаюць свой подпіс.

Ля пікета ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч будаўнік Сяргей расказаў, што гэта першая з прэтэндэнтаў на пост Прэзідэнта, за якую ён сёлета падпісаўся.

— Але думаю пачытаць і пра іншых — можа, падпішуся за каго-небудзь яшчэ, — прызнаецца ён.

Патрэбна канкурэнцыя

Настасся, член ініцыятыўнай групы Сяргея Гайдукевіча, заўважае, што людзі падыходзяць паставіць свой подпіс самі — ніхто іх спецыяльна не зазывае.

— Чалавек сам можа зрабіць выбар. Калі нешта незразумела пра кандыдата, мы тлумачым. У асноўным свае подпісы пакідаюць людзі сярэдняга ўзросту.

Маладая жанчына Наталля, якая толькі што пакінула свой подпіс, прызналася, што хоча, каб выбары прайшлі ва ўмовах канкурэнцыі.

За той час, пакуль я гутарыла з прадстаўнікамі ініцыятыўных груп і прахожымі, ніводзін пікет не заставаўся незапатрабаваным — ля кожнага стаялі людзі: дзяліліся сваімі думкамі, здагадкамі. Адразу відаць — мінчане займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і хочуць зрабіць свой выбар свядома.

Надзея ЮШКЕВІЧ. yushkevich@zviazda.by

Галоўнае — не скрыні, а тое, што ў іх

Празрыстыя скрыні — усяго толькі модная фішка, якая ніяк не ўплывае на ход галасавання. Пра гэта ўчора заявіла журналістам старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына перад пачаткам семінара па арганізацыі і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінскім аблвыканкаме.

Кажучы пра эфектыўнасць выкарыстання празрыстых скрынь для галасавання, кіраўнік ЦВК адзначыла, што гэта ўсяго толькі іміджавыя моманты, якія не ўплываюць на вынікі выбараў. «Увесь свет думае пра перспектывы электроннага галасавання, таму празрыстыя скрыні — гэта ўсяго толькі модная фішка, распаўсюджаная толькі ў краінах былога СССР, — падкрэсліла яна. Прычым не ў тых краінах, якія ўступілі ў Еўрасаюз, а ў тых, якія спрабуюць даказаць, што ў іх усё дэмакратычна і добра. Галоўнае — не скрыні для галасавання, а тое, што ў іх знаходзіцца, гэта значыць бюлетэні з пэўным волевыяўленнем».

Аналагічную думку Лідзія Ярмошына выказала і ў дачыненні да сучасных сродкаў відэаназірання, якімі абсталяваны некаторыя выбарчыя ўчасткі. «Дзе-нідзе ў нас яны маюцца, але зноў жа, усё гэта падобна да празрыстых урнаў. Запісы з відэакамер пасля нават не могуць служыць доказам празрыстасці выбараў. Відэакамеры даюць агульны план і фіксуюць толькі відавочныя парушэнні. Таму ўспрымаць празрыстыя скрыні і відэакамеры як панацэю немэтазгодна, да таго ж гэта яшчэ і дорага», — адзначыла яна. Так, адна празрыстая скрыня каштуе каля $100, а на кожным выбарчым участку павінна быць 5 скрыняў для галасавання, з якіх 3 пераносныя і 2 стацыянарныя.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, у краіне празрыстыя скрыні ўсталёўваюць там, дзе мясцовыя ўлады знайшлі на гэта сродкі. Напрыклад, у Мінскай вобласці імі будуць забяспечаны 12% выбарчых участкаў, у Віцебскай вобласці — 70%.

Кіраўнік ЦВК таксама паведаміла журналістам, што збор подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты праходзіць без парушэнняў. У Мінскай вобласці працуюць каля сотні пікетаў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.