Вы тут

Уступная кампанія не дае шанцаў трапіць у ВНУ з «чорнага» ходу


Уступныя іспыты — кампанія выключна важнага сацыяльнага гучання, паколькі яе правядзенне і вынікі закранаюць інтарэсы абітурыентаў і іх бацькоў, сваякоў, выкладчыкаў, устаноў адукацыі і г.д. — практычна ўсяго грамадства. Гэта не толькі праверка ведаў і ўменняў абітурыентаў, не толькі індыкатар якасці навучання, але і фактычна дзяржаўны экзамен на справядлівасць, які здае ўлада, — у першую чаргу перад юнымі грамадзянамі, што ўступаюць у дарослае жыццё. Пра тое, як арганізавана ўступная кампанія і што мае патрэбу ў карэкціроўцы, якія звароты паступаюць ад абітурыентаў і іх бацькоў, якім будзе кошт платнага навучання ў новым навучальным годзе, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказала віцэ-прэм'ер, старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ўступнымі іспытамі 2015 года Наталля Качанава.

29-37

29-37

 

— Наталля Іванаўна, на першым пасяджэнні дзяржкамісіі па кантролі за ўступнымі іспытамі 2015 года вы паставілі задачу так арганізаваць работу, каб не даць ніякіх шанцаў ахвотным трапіць у ВНУ з чорнага ходу. Ці можна сказаць, што гэта ўдалося зрабіць?

— У Беларусі скончыўся этап цэнтралізаванага тэсціравання, завяршыўся прыём дакументаў для паступлення ў ВНУ на бюджэт на дзённую і завочную формы навучання (за выключэннем завочнай формы ў сельскагаспадарчыя ВНУ), ідзе прыём дакументаў на платную форму навучання, ва ўстановах вышэйшай адукацыі праводзяцца ўступныя іспыты на спецыяльнасці, на якіх прадугледжаны экзамены па творчасці, фізічнай культуры і літаратуры, а таксама для выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія паступаюць на скарочаны тэрмін навучання.

Па выніках першага этапу ўступнай кампаніі магу з упэўненасцю сказаць: атрымаць студэнцкі білет без трывалых ведаў у абыход закону ніхто не зможа. І спадзяюся, што змагу гэта паўтарыць пасля завяршэння ўсіх этапаў кампаніі.

Асноўнай задачай камісіі з'яўляецца кантроль за прадастаўленнем абітурыентам аднолькавых магчымасцяў пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэспублікі. Гэта задача выконваецца на самым высокім узроўні, камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў працуюць зладжана і дакладна, у адпаведнасці з ускладзенымі на іх функцыямі. Я асабіста пераканалася ў гэтым, наведваючы ўніверсітэты, дзе праходзіла цэнтралізаванае тэсціраванне. Дарэчы, зваротаў у дзяржкамісію ад абітурыентаў і бацькоў па пытанні арганізацыі ЦТ не паступала.

— За апошнія пяць гадоў не было выяўлена фактаў карупцыі пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта ўступная кампанія не стане выключэннем?

— На цяперашнім этапе ніводнага такога факта не выяўлена. Уступная кампанія праходзіць у поўнай адпаведнасці з устаноўленым парадкам. Хачу запэўніць, што працэдура залічэння на навучанне будзе такой жа дэмакратычнай і публічнай, як і папярэднія этапы кампаніі.

— Як вы ацэньваеце створаны ў Беларусі механізм фарміравання студэнцкай аўдыторыі, ці мае патрэбу ён у далейшым удасканаленні?

— Упэўнена: ідэальнай сістэмы адукацыі, таксама як і ідэальнага механізма прыёму на навучанне, няма ні ў адной дзяржаве свету, таму ўдасканаленне — заканамерны працэс для любой краіны. Пытанне ў тым, што рабіць гэта трэба прадумана, паэтапна, з улікам сусветнага вопыту і нацыянальных асаблівасцяў.

Пры правядзенні сустрэч з педагагічнымі работнікамі запрашаю іх да шчырай размовы аб тым, якія ў іх ёсць пытанні, прапановы, пажаданні па ўдасканаленні сістэмы адукацыі. Шэраг важных і цікавых прапаноў будзе разгледжаны ў ходзе дапрацоўкі праекта закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (плануецца прадставіць у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў снежні бягучага года. — Заўвага БЕЛТА).

Што датычыцца вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, то ўдзел у ім прынялі 99 тыс. 177 чалавек. Традыцыйна задаюць пытанне, колькі сярод іх замежных грамадзян. Гэта не сакрэт: ЦТ здавалі 599 іншаземцаў, з якіх 435 чалавек маюць пасведчанне на права жыхарства ў Беларусі, 164 прад'явілі пашпарт замежнага грамадзяніна (у тым ліку 112 — расійскі). Сярод тых, хто здаваў ЦТ, 47,42% скончылі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і 19,23% — установы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў 2015 годзе, 33,27% — выпускнікі навучальных устаноў мінулых гадоў.

За парушэнні — пераважна наяўнасць мабільных тэлефонаў у аўдыторыі — не дапушчаны да праходжання ЦТ 12 чалавек (летась — 25). І прычына — не няўважлівасць або няпамятлівасць абітурыентаў, бо іх неаднаразова папярэджвалі перад пачаткам ЦТ па кожным прадмеце. Крыўдна, што з-за гэтага хлопцы і дзяўчаты пазбавіліся права паступлення сёлета, але спадзяюся, што яны атрымаюць з гэтага ўрок на будучыню.

Па медыцынскіх паказаннях тэсціраванне не прайшлі 12 абітурыентаў. Ім была дадзена магчымасць здаць ЦТ у рэзервовы дзень.

Радуе, што колькасць абсалютных вынікаў — 100 балаў — сёлета 277, а гэта больш як у 2 разы перасягае леташнюю (122). Прычым 11 абітурыентаў атрымалі максімальныя вынікі па 2 прадметах.

— Калі пагаварылі ўжо пра выдатнікаў, то лагічна прывесці лічбы і па нездавальняючых адзнаках.

— Не пераадолелі парог па рускай і беларускай мовах, устаноўлены для ўдзелу ў конкурсе пры паступленні ў ВНУ, 7 тыс. 770 чалавек. Тэставы бал, ніжэйшы за неабходны для ўдзелу ў конкурсным адборы па рускай і беларускай мовах і першым профільным прадмеце, маюць 35 тыс. 205 абітурыентаў, у тым ліку 2 тыс. 31 абітурыент не пераадолелі парогавага значэння адначасова па трох навучальных прадметах, 10 тыс. 572 — па двух, 22 тыс. 602 — па адным навучальным прадмеце. Тэставы бал, ніжэйшы за неабходны для ўдзелу ў конкурсным адборы ў ВНУ па рускай і беларускай мовах і другім профільным прадмеце, маюць 20 тыс. 274 абітурыенты, у тым ліку 539 абітурыентаў не пераадолелі парогавага значэння адначасова па трох навучальных прадметах, 3 тыс. 738 — па двух, 15 тыс. 997 — па адным навучальным прадмеце. У 237 выпадках абітурыенты па выніках выканання тэстаў атрымалі 0 балаў, у тым ліку 225 чалавек — па адным навучальным прадмеце, 6 абітурыентаў — па двух навучальных прадметах.

Пры гэтым, падкрэслю, ЦТ здалі ў цэлым лепш, чым летась.

— Ці ёсць інфармацыя аб тым, выпускнікі якіх тыпаў устаноў адукацыі прадэманстравалі на ЦТ больш моцныя веды?

— Як паказвае аналіз, найлепшы сярэдні бал — у выпускнікоў гімназій і ліцэяў, на наступнай пазіцыі — выпускнікі сярэдніх агульнаадукацыйных школ, потым — выпускнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і выпускнікі мінулых гадоў. Неабходна адзначыць, што профільнае навучанне, якое ўводзіцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, дасць магчымасць павысіць якасць падрыхтоўкі і, вядома, выніковасць цэнтралізаванага тэсціравання.

— Цэнтралізаванае тэсціраванне як форма правядзення ўступных іспытаў ужо даказала сваю аб'ектыўнасць, хоць падабаецца не ўсім абітурыентам і бацькам. Якое ваша стаўленне да ЦТ?

— На мой погляд, цэнтралізаванае тэсціраванне з'яўляецца аб'ектыўнай формай праверкі ведаў: усе абітурыенты знаходзяцца ў роўных умовах, механізм дзеянняў адпрацаваны, вызначаны дакладныя правілы гульні. Гэтая сістэма ацэнкі ведаў выключае любыя карупцыйныя з'явы і суб'ектыўныя перакосы.

— Але пры гэтым пастаянна даводзіцца чуць, што ЦТ здаць на высокі бал немагчыма без заняткаў з рэпетытарам. Зразумела, што не ў кожнай сям'і ёсць грошы для аплаты іх паслуг. Атрымліваецца, што абітурыенты маюць усё-такі розныя стартавыя пазіцыі: у адных за плячамі толькі школьная праграма, у другіх — аплачанае бацькамі рэпетытарства.

— Гэта пытанне вельмі злабадзённае. Я неаднаразова абмяркоўвала яго на сустрэчах з работнікамі сферы адукацыі і пераканана, што калі ў школе добрыя педагогі-прадметнікі, то рэпетытары не патрэбны. Рэпетытар у большай ступені арыентаваны на падрыхтоўку да ЦТ, у той час як сапраўдны школьны настаўнік імкнецца даць вучням веды. І мы бачым гэта па выніках праведзенага ЦТ: у школах, дзе, напрыклад, добры настаўнік па фізіцы, ёсць і пераможцы, і ўдзельнікі прадметных алімпіяд, і выпускнікі са 100 баламі ў сертыфікаце, і вялікі працэнт тых, хто паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Дарэчы, сёлета даволі хутка ўкамплектаваліся педагагічныя ВНУ. Сярод тых, хто падаў дакументы, шмат медалістаў, хлопцаў і дзяўчат з добрымі адзнакамі. Гэта сведчыць аб тым, што прэстыж настаўніцкай працы павышаецца. У тым ліку дзякуючы той увазе, якая аказваецца гэтай сферы на ўзроўні Прэзідэнта і ўрада.

— У некалькіх беларускіх ВНУ «недалічыліся» заяў, чакаецца дадатковы набор на бюджэтныя месцы. Ці будзе паніжана ніжняя планка адмоўных адзнак пры правядзенні дадатковага набору? І ці варта змяніць план набору на ўступную кампанію 2016 года?

— Цяпер застаюцца вакантнымі больш за 350 бюджэтных месцаў у 11 ВНУ. Найбольшая колькасць незапоўненых бюджэтных месцаў у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Беларуска-Расійскім універсітэце, Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В. Сухога. У конкурсе пры правядзенні дадатковага набору змогуць прыняць удзел абітурыенты, якія здалі неабходныя ўступныя іспыты на здавальняючыя адзнакі. Планка адзнак, што прыраўноўваюцца да нездавальняючых, зніжацца не будзе.

План набору ў наступным годзе будзе скарэкціраваны не толькі зыходзячы з вынікаў цяперашняй уступнай кампаніі, але і патрэб галін эканомікі. У прыватнасці, у перспектыве спатрэбяцца кадры па высокатэхналагічных спецыяльнасцях, напрыклад, з улікам стварэння вытворчасцяў у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».

— Колькі зарэгістравана зваротаў у дзяржкамісію па кантролі за ўступнымі іспытамі? Ці былі абгрунтаваныя скаргі?

— З моманту стварэння дзяржкамісіі паступіла 43 пісьмовыя і вусныя звароты. Разглядаем іх аператыўна, дзейнічаючы ў адпаведнасці з заканадаўствам, і пры гэтым максімальна ўлічваем інтарэсы абітурыентаў. Прывяду прыклад. Паступіў зварот ад жанчыны, якая ніяк не магла паверыць, што яе сын заслужана атрымаў нізкі бал тэста, і прасіла прад'явіць арыгінал выкананага ім задання. Пайшлі насустрач — у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў ёй і сыну паказалі работу. Пытанне адпала само сабой — тэставыя заданні былі выкананы сапраўды дрэнна, балы тэсціравання былі аб'ектыўныя.

Дарэчы, паўторных зваротаў не было.

— Калі будуць падведзены канчатковыя вынікі ўступнай кампаніі?

— У канцы жніўня, пасля залічэння на ўсе формы навучання ў ВНУ і ССНУ. Хачу запэўніць, што яны будуць такія ж даступныя шырокай публіцы, як і вынікі ЦТ.

— Наталля Іванаўна, вы ўпершыню сталі старшынёй дзяржаўнай камісіі па кантролі за ўступнымі іспытамі. На ваш погляд, якія змены трэба ўнесці ў работу камісіі?

— Старшыня і члены дзяржаўнай камісіі традыцыйна па выніках работы рыхтуюць справаздачу, у якой знойдуць адлюстраванне прапановы па яе дзейнасці і якая будзе прадстаўлена кіраўніку дзяржавы.

— Паступіць у ВНУ і ССНУ вельмі важна. Але ці стане дыплом аб заканчэнні ўстановы адукацыі для маладых людзей безумоўным пропускам у працоўную дзейнасць?

— На жаль, на рынку працы рэспублікі назіраецца дэфіцыт адных кадраў і лішак іншых. Вырашэнне гэтай праблемы патрабуе комплекснага падыходу. Неабходна стварэнне аптымальнай сістэмы падрыхтоўкі кадраў розных прафесій і спецыяльнасцяў з улікам перспектыўных патрэб эканомікі і развіцця дэмаграфічнай сітуацыі.

Трэба палепшыць прафарыентацыйную работу, каб хлопцы і дзяўчаты ў старшых класах ведалі, якія прадпрыемствы, установы, арганізацыі ёсць у краіне, якія прафесіі найбольш запатрабаваны на рынку працы. У гэтым дапаможа і профільная адукацыя, якая прадугледжвае вывучэнне асобных прадметаў з 10-га класа на павышаным узроўні і правядзенне прафесійна-арыентаваных факультатыўных заняткаў, а таксама конкурсны адбор навучэнцаў. У той жа час захаваецца магчымасць навучання вучняў у 10-х класах на базавым узроўні.

— І яшчэ аб адной навацыі. У СМІ прамільгнула інфармацыя аб тым, што быццам бы з верасня бягучага года пасада рэктараў ВНУ будзе выбарнай. Ці так гэта?

— Прэтэндэнты на пасаду рэктара павінны будуць прадставіць савету ВНУ сваю праграму дзеянняў. Па выніках разгляду пададзеных праграм савет накіруе прапанову ў Міністэрства адукацыі, якое правядзе ацэнку кандыдатур па шэрагу крытэрыяў для іх назначэння ў адпаведнасці з заканадаўствам. Таму размова ідзе аб адборы кандыдатаў, зыходзячы з праграмы іх дзеянняў.

— Наталля Іванаўна, вельмі хвалюе студэнтаў і іх бацькоў пытанне кошту навучання. Якія перспектывы на наступны навучальны год?

— Хачу падкрэсліць: кошт навучання па раней заключаных дагаворах (для студэнтаў другога-пятага курса) не зменіцца. Ён не змяняўся і на працягу ўсяго 2014/2015 навучальнага года. Што датычыцца кошту навучання першакурснікаў, то ён вызначаецца, зыходзячы з затрат на падрыхтоўку спецыяліста па канкрэтнай спецыяльнасці — у дыяпазоне Br12-26 млн. Пры залічэнні студэнтаў заключаюцца дагаворы на навучанне, у якіх будзе названы кошт.

Гэтае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі нясуць персанальную адказнасць за неабгрунтаванае павышэнне кошту навучання.

Алена ПРУС,

БЕЛТА.

Загаловак у газеце: Наталля Качанава: «Уступная кампанія не дае ніякіх шанцаў ахвотным трапіць у ВНУ з «чорнага» ходу»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».