Вы тут

Абы запытацца?


Ад штатных скаржнікаў церпяць іншыя, каму сапраўды патрэбна дапамога.

Закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», які прадугледжвае адказнасць за неабгрунтаваныя звароты, падпісаны. Але да таго, як ён уступіць у сілу, у насельніцтва яшчэ ёсць час разабрацца, што маецца на ўвазе. Карэспандэнт «Звязды» паспрабавала высветліць, якія пытанні можна аднесці да неабгрунтаваных і ці шмат іх паступае ў органы дзяржаўнай улады.

Сёлета насельніцтва атрымала яшчэ адну магчымасць наўпрост паразмаўляць з мясцовай уладай. Кожную суботу з 9 да 12 гадзін у рай- і аблвыканкамах працуюць «прамыя лініі». Ахвотнікаў патэлефанаваць больш чым хапае. Апошняя «лінія» ў Магілёўскім аблвыканкаме не выключэнне. Роўна ў 9.00 гучыць першы званок. На сувязі з народам старшыня аблсавета дэпутатаў Анатоль Ісачанка, яму дапамагае больш як 10 адказных за розныя сферы дзейнасці асоб. Каб чалавек змог адразу атрымаць поўную кансультацыю па сваім пытанні.

Жанчына занепакоеная тым, што з сацыяльнага пакета выкраслены канал «Саюз». Ад імя праваслаўных вернікаў яна просіць ліквідаваць несправядлівасць. Пасля яе тэлефануе жанчына са скаргай, што ў ліфце адарвалася планка, а начальнік ЖЭУ не можа знайсці шрубу, каб яе замацаваць, — спасылаецца на адсутнасць грошай. Наступны грамадзянін не жадае пераплачваць за вываз смецця і нават хацеў бы пазбавіцца ад гэтай паслугі. Яшчэ адзін мужчына скардзіцца на неабгрунтаванае звальненне. Упэўнены, што алкатэстар, у які яму далі дыхнуць, быў няспраўны і памылкова паказаў больш за 2 праміле... Тэлефон не змаўкае ўсе 3 гадзіны. Васьмідзесяцігадовы жыхар з Асіповіцкага раёна заказаў паліва, але, каб прывезці яго, павінен заплаціць амаль... паўтара мільёна рублёў. Менавіта ў такую суму ацэньваюць пастаўшчыкі дастаўку грузу на адлегласць 40 кіламетраў. Кажуць, інакш гэта не рэнтабельна. Жанчына з Быхаўскага раёна паскардзілася на адсутнасць у вёсцы інтэрнэту. Яна набыла «Трыджык», але ён не працуе... З Брэсцкай вобласці патэлефанавалі ў спадзяванні, што ім дапамогуць вярнуць грошы за агуркі, якія яны здалі летась аднаму з асіповіцкіх прыёмшчыкаў. Доўг у 56 мільёнаў вісіць ужо амаль год. Не дапамаглі нават звароты ў рэспубліканскую Федэрацыю прафсаюзаў. Адказ адзін: чакайце, пакуль праблема са сродкамі. Малады спецыяліст, які прыехаў па размеркаванні ў Слаўгарадскі раён, паведаміў, што ўжо два месяцы змагаецца, каб яму выдзелілі пакой у інтэрнаце. Скардзіліся таксама на адсутнасць аптэкі, затрымкі з заробкамі, разбітыя дарогі. Прасілі пасадзейнічаць у ліквідацыі будаўнічых недапрацовак, правядзенні добраўпарадкавання, узвядзенні станцыі абезжалезвання. Усяго набалелым непасрэдна са старшынёй аблсавета падзяліліся 32 жыхары вобласці, яшчэ 23 скаргі выслухалі спецыялісты. А наогул было зарэгістравана 3 тысячы спроб патэлефанаваць.

— На гэты раз амаль не было неабгрунтаваных зваротаў, — падвёў вынікі дзяжурства Анатоль Ісачанка. — Асабліва звяртаеш увагу на, так мовіць, сістэмныя пытанні, якія хвалююць не толькі таго, хто тэлефануе, а вялікую колькасць людзей. Асабістыя праблемы таксама трэба вырашаць, але калі чалавек задае пытанні па вадзе, рамонце вуліцы, адкрыцці аптэкі, гэта датычыцца ўсяго насельніцтва, якое жыве на гэтай тэрыторыі.

Але калі падзяляць пытанні, якія паступаюць на «прамыя лініі» ў цэлым, то прыкладна 20% з іх наогул пустыя. А з тых, якія можна вырашыць на месцах, працэнтаў 70 і нават больш. З імі зусім не трэба выходзіць на ўзровень вобласці ці рэспублікі. Тыя змены, якія ўнесены ў Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў», дапамогуць навесці парадак, бо больш адказна будуць ставіцца не толькі грамадзяне, але і афіцыйныя асобы, да якіх яны звяртаюцца. Адказ на зварот таксама павінен быць абгрунтаваны. Ёсць, безумоўна, пытанні, якія раён не можа самастойна вырашыць: тая ж газіфікацыя, падвод дарог. Але мясцовая ўлада сама можа ўзнімаць гэтую праблему перад вышэйшай. Што датычыцца грамадзян, то яны таксама павінны разумець, што калі па іх пытанню ўжо дадзены поўны адказ, не трэба зноў і зноў яго агучваць. А то бываюць выпадкі, калі ў адказе пазначана канкрэтная дата вырашэння праблемы, а чалавек нават не лічыць патрэбным пачакаць.

Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Горацкага райвыканкама Наталля Шапарава ўзгадала два яскравыя прыклады, калі людзі злоўжывалі сваім правам. Адна жанчына на працягу апошніх 30 гадоў скардзіцца на тое, што яе зямельны ўчастак падтопліваюць суседзі. «Колькі разоў мы ні выязджалі, факт не пацвердзіўся, — кажа Наталля Валер'еўна. — Суседзі ж, каб жанчына не скардзілася, нават водаадводы пабудавалі, але яна ўсё роўна нам тэлефануе». Яшчэ адна жанчына не згодна з тым, што яе звольнілі з працы. Яна звярталася ва ўсе інстанцыі і нават Вярхоўны Суд. Але ніхто не ўгледзеў у дзеяннях наймальніка нейкіх парушэнняў. Жанчына ж працягвае «ваяваць». А замест таго, каб займацца яе беспадстаўнымі скаргамі, маглі б дапамагчы іншаму чалавеку, які сапраўды мае ў гэтым патрэбу.

— Што датычыцца паўторных зваротаў, то ў нас іх не вельмі шмат, — кажа Наталля Шапарава. — Некаторыя пастаянна звяртаюцца да нас з рознымі праблемамі, але гэта людзі, якія лічаць сябе так званымі інспектарамі ад народа. Яны звычайна вырашаюць пытанні, якія датычацца вялікай колькасці людзей і, зразумела, дазваляюць і ім нешта для сябе палепшыць.

Тое, што людзі сігналізуюць аб праблемах, добра. Напрыклад, пасля звароту на тэлефонную лінію ў Чавускі райвыканкам была зроблена паркоўка з прыцягненнем асабістых сродкаў гараджан. Але ж хапае і іншых выпадкаў.

— Як паказаў аналіз, з пачатку года каля 25-30% зваротаў па вобласці былі неабгрунтаванымі, — кажа начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама Іна Філіпава. — У кожным раёне ёсць людзі, якія пішуць і тэлефануюць па адных і тых жа праблемах. Гэта розныя пытанні, у тым ліку тыя, якія датычыцца маёмасных спрэчак. Праводзіцца праверка, даюцца адказы, але зноў і зноў паступаюць звароты з тым жа пытаннем. Мы спыняем перапіску, бо ніякіх новых адказаў даць не можам, але бескарысна. У нас ёсць выпадак, калі чалавек за паўгода напісаў 30 зваротаў па розных пытаннях. Мы праверылі ўсе, але ніводзін факт не пацвердзіўся. Ёсць асобы, якія імкнуцца ціснуць на ўладу, дабіцца свайго любой цаной, ігнаруючы нават існуючае заканадаўства і інтарэсы іншых грамадзян. Мы збіраемся больш дэталёва аналізаваць кожны зварот і рабіць высновы. Некаторым «штатным» скаржнікам не перашкодзіць астудзіць запал.

Нэлі ЗІГУЛЯ. zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.