Вы тут

Псіхалогія паспяховай працы, або як прасунуцца па кар'ернай лесвіцы


Няма нічога больш казытлівага для нерваў, чым паспрабаваць папрасіць павышэння ў свайго начальства, нават калі вы гэтага сапраўды заслугоўваеце. 

Існуе мноства артыкулаў у інтэрнэце аб тым, як гэта рабіць, аднак нашмат менш тых, што падкажуць найбольш спрыяльны час. Бо многае ўскладняецца яшчэ і тым, што вы можаце трапіць на размову да свайго начальніка якраз у той момант, калі ён у дрэнным настроі. Існуе думка, што поспех у просьбе аб павышэнні залежыць ад таго, у які час дня і тыдня аб ім прасіць. Шмат што залежыць ад вашага начальніка і ад вашых асабістых якасцяў і псіхалагічнага стану. Зразумела, што не існуе адзінай універсальнай формулы для кожнай канкрэтнай сітуацыі, але ёсць некаторыя правілы, якія павінны дапамагчы ў выбары часу.

Панядзелак — цяжкі дзень

Не трэба быць з двума віхрамі, каб зразумець, што панядзелак — не самы лепшы час, бо гэта дзень, калі многія супрацоўнікі прыходзяць на працу пасля «лянівых выхадных». Калі вы вырашылі гаварыць аб павышэнні, то разумна будзе ўсё ж чакаць сярэдзіны тыдня.

Узаемапаразуменне больш свежае раніцай

Няма дакладных даследаванняў пра тое, каб прасіць павышэння менавіта раніцай, але ёсць нямала інфармацыі з іншых сфер псіхалогіі. Амерыканскія эксперты прыйшлі да думкі, што больш спагадлівым ваш начальнік можа быць менавіта раніцай. Існуе так званы «эфект ранішняй маральнасці» — людзі больш спагадлівыя менавіта раніцай — да таго, пакуль не паспяваюць стаць раздражнёнымі. У гэтым выпадку мае сэнс пагаварыць з начальнікам, калі ён яшчэ ў добрым настроі, напрыклад, пасля ранішняй кавы. Але пачакайце таго моманту, калі ваш кіраўнік скончыць сваю рабочую руціну, якая на пачатку дня заўсёды прысутнічае.

Пятніца можа быць найлепшым днём!

Дакладна разлічыўшы, што ваш начальнік не збіраецца пачаць свае выхадныя з пятніцы, для вас будзе вельмі зручным перагаварыць аб павышэнні менавіта ў гэты дзень. Ваш начальнік у прадчуванні выхадных, хутчэй за ўсё, будзе ў добрым настроі. А вось вечара пятніцы, на думку амерыканскіх псіхолагаў, чакаць не варта. Да гэтага часу вы можаце страціць свой зарад упэўненасці, ды і ваш начальнік, хутчэй за ўсё, будзе спешна пакідаць офіс. У выпадку, калі ваша павышэнне адхіляць, у вас будзе час, каб выпрацаваць новую стратэгію. А калі прымуць — усе выхадныя наперадзе, каб адсвяткаваць.

Не ўсе кампаніі аднолькава ранішнія

З кожнага правіла ёсць выключэнні, у тым ліку і з «ранішняй тэорыі». Для некаторых кампаній вячэрні час можа быць менш стрэсавым. Калі дзень быў досыць плённы і вы адчуваеце, што ў офіснай атмасферы пераважае пазітыўны настрой — самы час падысці да начальніка і пагаварыць наконт вашага павышэння.

Ведайце, наколькі загружаны ваш кіраўнік

Каб лепей падысці да начальніка для размовы, ведаць яго/яе звычкі і асаблівасці яшчэ недастаткова. Неабходна быць у курсе працоўнага графіка. Бо калі ён/яна загружаны, пра тое каб разгледзець ваша павышэнне, хутчэй за ўсё, не можа быць і гаворкі. Найлепшы дзень для размовы тут вызначае менавіта тое, ці завяршае ваша начальства, напрыклад, які-небудзь важны праект, або толькі да яго прыступае. Ваша задача — дакладна ведаць аб тым самым дні, калі вы атрымаеце максімальную ўвагу без усялякіх вонкавых фактараў. Не прасіце аб павышэнні падчас выканання важнай стрэсавай працы. Лепш за ўсё пачакаць яе заканчэння. У журналістыцы, напрыклад, лепш за ўсё гэта рабіць пасля добрай вёрсткі або эфіру.

images (1)

Думкі ўплываюць а становішча

Але самае важнае (нават больш, чым час дня, тыдня, настрой ці загружанасць вашага начальніка), на думку амерыканскіх псіхолагаў, — менавіта ваша перакананасць у тым, што вы аб'ектыўна просіце аб сваім павышэнні згодна з вашымі заслугамі і навыкамі. Вы самі павінны лічыць, што прыклалі шмат намаганняў і вы досыць кампетэнтны, каб атрымаць павышэнне. У першую чаргу перад вашымі вачыма павінен быць спіс тых прычын, па якіх, як вы лічыце, вас павінны павысіць. Гэта дазволіць набрацца ўпэўненасці, перш чым гаварыць з начальнікам.

Ёга і рэпетыцыі

Беларускія спецыялісты таксама сыходзяцца на думцы, што ў першую чаргу неабходна ведаць, чаму менавіта вы павінны атрымаць павышэнне. Па словах псіхолага «Цэнтра паспяховых адносін» Вольгі Гарбаценкі, размовы аб павышэнні лепей весці ў прыватнай размове.

«Ніякіх папер з просьбай аб павышэнні пісаць не трэба. Прычым дамаўляцца пра тое, каб атрымаць больш высокую пасаду, неабходна адразу з пачатку размовы. Начальнік, магчыма, будзе супраціўляцца, спрабаваць знайсці аргументы, каб адмовіць. У гэты момант неабходна пачаць свой аповед, чаму вы лічыце, што заслугоўваеце павышэння. Важны момант тут — асабістая эфектыўнасць, якая будзе адлюстравана ў якой-небудзь статыстыцы ці ў колькасці і якасці завершаных праектаў. Гэтыя довады лепей прыводзіць, пакуль начальнік не скажа нешта канкрэтнае. Што тычыцца часу, то лепш за ўсё просьбы аб павышэнні адрасаваць да начальніка ў першай палове дня», — патлумачыла Вольга Гарбаценка.

Таксама спецыяліст адзначыла, што часам можна нават перабольшваць свае дасягненні.

«Галоўнае, каб вы былі згодны з тым, пра што вядзеце гаворку. Бо плацяць работніку менавіта столькі, наколькі ён лічыць сваю працу каштоўнай. Вы не павінны прасіць, каб вам пазычылі пасаду. Вы павінны адчуваць, што менавіта на гэтым месцы будзеце добра спраўляцца са сваімі абавязкамі», — удакладніла Вольга Гарбаценка.

Таксама яна параіла ўсім, хто хвалюецца, выкарыстоўваць дыхальныя практыкаванні для супакаення. Аб некаторых можна прачытаць у кнігах па ёзе. «Рэпетаваць за некалькі дзён да размовы свае словы перад сябрамі або люстэркам будзе таксама нядрэнна», — падагульніла спецыяліст.

Ілья КРЫЖЭВІЧ. krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.