Вы тут

Уладзімір Дражын: «Гольф — гэта сумленна!»


У 2020 годзе мы ўбачым на Алімпійскіх гульнях і нашых суайчыннікаў-гальфістаў. Старшыня асацыяцыі гольфа пра тое, ці ёсць умовы для яго развіцця ў нашай краіне

«Гульня для багатых», «вольны час дыпламатаў», «забавы для мільянераў»... За сваю стагадовую гісторыю гольф здабыў мноства эпітэтаў, нават стэрэатыпаў. А тым часам ужо ў наступным годзе гэты від спорту будзе прадстаўлены на ХХХІ Летніх Алімпійскіх гульнях у Бразіліі. Гэта дае падставу разабрацца ў праўдзівасці выказванняў пра гольф, звярнуць увагу на развіццё гульні ў нашай краіне і падумаць пра перспектывы беларускіх спартсменаў на галоўным старце чатырохгоддзя. Для гэтага мы сустрэліся са старшынёй Беларускай асацыяцыі гольфа Уладзімірам Дражыным, у нядаўнім мінулым палітыкам і дыпламатам.

— Гольф — гэта адзін з самых элегантных відаў спорту, магчымасць весці актыўны лад жыцця і адначасова быць у гармоніі з прыродай. Бо гольф-палі — гэта спартыўныя збудаванні, якія арганічна ўпісаны ў прыроду; гэта і рака, і возера, і лес, — пачынае свой расказ з захаплення Уладзімір Несцеравіч. — Акрамя таго, гэта спорт з кодэксам гонару, там цябе ніхто не кантралюе, ты бярэш свой мяч, робіш на ім пазнаку і з гэтым мячом, прайшоўшы 18 лунак, вяртаешся на зыходную пазіцыю. Твае страты і ўдары не адсочваюцца суддзёй, усё на сумленні спартсмена.

29-11

— У большасці краін свету гольф — гэта ўжо даволі папулярная гульня. Што ён уяўляе сабой у нас?

— Мы робім толькі першыя крокі па развіцці гольфа ў нашай краіне. Вядома, дзяржавы Еўропы, Расія і нават Казахстан ужо прайшлі пэўны шлях і маюць добрую гольф-інфраструктуру. Сёння мы вымушаны іх даганяць. У першую чаргу — прыцягваць людзей і будаваць гольф-клубы. У нас у краіне пакуль толькі адзін гольф-клуб — «Мінск».

Яшчэ ў 2012 годзе ў краіне была створана федэрацыя, але, на жаль, яна не займалася работай, якая называецца «масавае развіццё віду спорту». У асноўным вяла местачковы лад існавання. Калі я вярнуўся з-за мяжы, паступіла прапанова ўзначаліць асацыяцыю гольфа ў Беларусі, у якую ўваходзяць федэрацыі прафесійнага і аматарскага гольфа, а таксама міні-гольфа. Я разумеў, што трэба пачынаць маштабную працу.

— І з чаго пачалі?

— У першую чаргу трэба было стварыць агульную сістэму, была падрыхтавана стратэгія развіцця гольфа ў Беларусі, пазней зацверджаная ўрадам. Першая ступень — гэта, вядома, дзіцяча-юнацкі гольф, бо спорт — аснова сацыяльнай палітыкі і здароўя нацыі. Таму мы вырашылі, што гольф павінен пачынацца са школы і пераходзіць у гімназіі, каледжы і далей — у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Сёння працуем над тым, каб магчымасць займацца гольфам атрымлівалі як мага больш людзей. Думка пра тое, што гэта дарагі і выключна элітарны від спорту, няправільная. Калі мы гаворым пра дзіцячы спорт, то сёння ёсць методыкі навучання першапачатковым відам гольфа — гэта шорт-гольф. Купляецца камплект, у які ўваходзіць 10-20 мячоў, 6-10 клюшак, мішэні, і ў крытай спартзале, якая ёсць у кожнай школе, дзеці атрымліваюць першапачатковыя навыкі. Гэта не патрабуе вялікіх выдаткаў.

Яшчэ адна магчымасць далучыцца да гольфа — міні-гольф-пляцоўкі. На тэрыторыі паўгектара ствараецца 18 дарожак, на якіх пабудаваны штучныя перашкоды для мяча. Далей можна пераходзіць на паўнавартасныя трэніровачныя палі.

Таксама мы ставім перад сабой задачу пабудаваць па адным чэмпіёнскім і адным трэніровачным гольф-полі ў кожнай вобласці плюс яшчэ адзін комплекс у Мінску. Адпаведна, там з'явяцца і гольф-клубы.

У абласных цэнтрах і гарадах з насельніцтвам больш за 30 тысяч мы плануем увесці ў эксплуатацыю 33 пляцоўкі для гульні ў міні-гольф, а потым яны з'явяцца і ў раённых цэнтрах. Такім чынам, да 2020 года мы можам дасягнуць такіх вынікаў, што гольфам тэарэтычна будзе займацца кожны 10-ты беларус.

Не варта забываць, што развіццё такога віду спорту спрыяе павышэнню іміджу краіны на міжнароднай арэне, прапагандзе здаровага і актыўнага ладу жыцця для ўсіх слаёў і ўзростаў насельніцтва, развіццю гольф-турызму і вырашэнню многіх іншых сацыяльных і эканамічных аспектаў жыцця нашай дзяржавы.

29-27

— Хто можа навучыць дзяцей гульні ў гольф — спецыялістаў, як я разумею, у нас няшмат?

— Усё так, да 2020 года для паўнамаштабнай рэалізацыі праграмы развіцця гольфа неабходна забяспечыць падрыхтоўку кадравага патэнцыялу трэнерскага складу, судзейскага корпуса, спецыялістаў у галіне гольф-менеджменту і кіравання гольф-клубамі. Цэнтрам гэтай працы мы бачым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, дзе з 1 верасня 2015 года плануецца стварэнне кафедры гольфа для падрыхтоўкі трэнераў і суддзяў, а таксама Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Асацыяцыя плануе арганізацыю рэгулярнай адукацыйнай дзейнасці ў гарадах і раёнах. У прыватнасці, правядзенне семінараў і канферэнцый па правілах гульні, судзейства і іншых напрамках.

— Што сабой уяўляюць гольф-клубы?

— Паўнавартасны гольф-клуб павінен мець клубны дом, дзе наведвальнік змог бы камфортна адпачыць і арганізаваць дзелавыя сустрэчы, гольф-акадэмію для азнаямлення са структурай заняткаў, тэарэтычнай падрыхтоўкай, гасцявыя дамы, а таксама акадэмічнае поле з аб'ектамі для трэніровак.

— Усім вядома, што з 2016 года гольф уключаны ў алімпійскую праграму. Калі мы зможам убачыць там беларусаў?

— Цяперашні цыкл мы, вядома, прапускаем, таму што маем на сёння невялікую колькасць спартсменаў у гэтым відзе. Але запэўніваю, у 2020 годзе мы ўбачым на Алімпійскіх гульнях суайчыннікаў. Таму што падрыхтоўку мы вядзём ужо цяпер.

— Хто гуляе ў гольф сёння ў Беларусі?

— Гэта людзі маладога і сярэдняга ўзросту, якія працуюць у зусім розных галінах, а таксама ўсё больш дзяцей мы бачым на гольф-пляцоўках. Гэта радуе. Мы маем некалькі спартсменаў, у якіх высокі гандыкап, так званы ўзровень прафесіяналізму. Пакуль у нас мала жанчын, якія добра гуляюць у гольф, каля 12 чалавек, 30 спартсменаў школьнага ўзросту. Усяго набіраецца каля двухсот чалавек. Вядома, гэта мала. Прывяду прыклад: у Фінляндыі пражывае 4 мільёны чалавек, яны маюць 158 гольф-палёў, і 200 тысяч чалавек займаюцца гэтым найцікавейшым відам спорту.

Каб развівацца хутчэй, мы наладжваем супрацоўніцтва з замежнымі асацыяцыямі, гэта дасць магчымасць у першую чаргу пераняць вопыт калег і паказаць сябе на міжнародных турнірах.

— Можа, у нас ужо ёсць спартсмены, якія заявілі пра сябе на міжнародным узроўні?

— У нас ёсць добрыя вынікі. Напрыклад, наша каманда спартсменаў-аматараў заняла першае месца ў розыгрышы міжнароднага турніру па гольфе з колькасцю ўдзельнікаў больш за 150 гульцоў. Гэта быў Кубак прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Літоўскай Рэспублікі Дайны Гудзіневічуце, ён прайшоў у маі ў сталічным гольф-клубе пад Вільнюсам. Галоўнае цяпер для асацыяцыі — надаць больш шырокую папулярнасць і масавасць гольфу ў нашай краіне, і поспехі абавязкова прыйдуць.

— Якія спаборніцтвы па гольфе праходзяць у Беларусі?

— Сёлета мы адкрылі сезон у маі і адразу правялі майстар-клас для паслоў, потым адбыўся 5-ты кубак Беларусі па гольфе, далей у нас будзе яшчэ адзін майстар-клас для дыпламатаў, акрэдытаваных у Беларусі, міжнародны турнір на прызы пасла Казахстана і другі этап кубка Беларусі, дзе мы падвядзём вынікі ўсяго сезона. Наогул, мы ставім задачу праводзіць 12 турніраў за год.

— Ну а самі вы ў гольф гуляеце?

— Па-сапраўднаму я пазнаёміўся з гэтым спортам, калі працаваў паслом Беларусі ў Літве. Там і ўзяў першыя ўрокі. Прафесійным гульцом гольфа я не стаў, але аматарам з'яўляюся.

Дома стварыў міні-гольф-поле, там, праўда, толькі тры лункі. Мы з унукамі кожную раніцу выходзім і спаборнічаем.

Дар'я Лабажэвіч.

lobazhevich@zviazda.by

цікава!

Спартыўная гульня, вядомая як гольф, існуе ў сучаснай інтэрпрэтацыі ўжо больш за сто гадоў. Афіцыйныя спаборніцтвы па гольфе праводзяцца ў 56 краінах свету.

• • •

Існуе версія, што асновы гэтай гульні былі закладзены яшчэ сярэднявечнымі пастухамі, якія білі па круглых каменьчыках сваімі палкамі, каб не сумаваць падчас выпасу авечак.

• • •

У кожнай гульні ўдзельнік павінен прайсці пэўную колькасць лунак (як правіла, 18) у канкрэтным парадку. Для гульні ў гольф можна выкарыстоўваць ад 2 да 14 відаў клюшак. Звычайна адзін матч працягваецца 4-5 гадзін, за гэты час чалавек спальвае ад 750 да 1000 калорый.

• • •

Гальфісты павінны прыходзіць у клуб у пэўнай вопратцы. Стаўленне да дрэс-кода на розных палях рознае. Напрыклад, у закрытых прыватных клубах можа быць рэгламентавана даўжыня і расфарбоўка мужчынскіх шкарпэтак, а таксама глыбіня выразу на жаночых блузках.

• • •

Хуткасць руху клюшкі для гольфа ў большасці гульцоў — 150 км/г. У славутага Тайгера Вудса — 201 км/г.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?