Вы тут

«Героі» на кантролі


З назіральнай камісіяй Прыбыткаўскага сельвыканкама Гомельскага раёна мы накіраваліся ў чарговы рэйд — у тыя сем'і, дзе сітуацыя патрабуе пастаяннай увагі.

— У нас у пасёлку Будзілка жыла маці з траімі дзецьмі. Сям'я стаяла на ўліку як сацыяльна небяспечная, — расказвае старшыня Прыбыткаўскага сельскага Савета Галіна Чумакова. — Аднойчы мне паведамілі, што маці дома не начавала. Мы прыйшлі туды раніцай, агледзелі дзяцей — аднаму
з іх медыкі паставілі дыягназ «знясіленне». Аказалася, што маці яго проста не карміла. Менавіта пасля гэтага я зразумела, што ў асобных выпадках трэба прымаць вельмі жорсткія меры, адбіраць дзяцей у такіх бацькоў.

Разам са спецыялістамі МНС, міліцыі, камісіі па справах непаўналетніх, энерганагляду, сацыяльнай службы ходзім па «адрасах». Галіна Мікалаеўна біяграфію кожнага са сваіх «героеў» ведае, амаль як сваю.

У доме Алены П. цяпер ідзе рамонт печы. Дарэчы, пачаўся ён пасля папярэдняга рэйду правяраючых. Алена — інвалід другой групы, жыве з сужыцелем і двума сынамі. Члены камісіі падрабязна пытаюцца — хто з працаздольных мае работу і дзе, ці няма запазычанасцяў па камунальных плацяжах. Адначасова спецыялісты — кожны па сваім профілі — глядзяць праводку, стан апавяшчальнікаў у пакоях, нават агарод — што дзе як засеяна і ці будзе што есці насельнікам зімой.

— Малодшы сын Алены наведвае Зябраўскую школу, — інфармуе Галіна Чумакова. — Здаралася, што гаспадыня з сужыцелем запівалі. Мы думалі, што давядзецца адбіраць малодшага сына. Але ж старэйшы змог маму «выцягнуць». Пакуль Жэня тут, усё добра. Дарэчы, за час, пакуль сям'я стаіць у нас на ўліку, у доме нешта ўсё ж змянілася ў лепшы бок. Раней тут нават падлогі не было, цяпер ёсць.

[caption id="attachment_93697" align="alignnone" width="600"]Старшыня Прыбыткаўскага сельскага Савета  Галіна Чумакова размаўляе з «падапечнай». Старшыня Прыбыткаўскага сельскага Савета Галіна Чумакова размаўляе з «падапечнай».[/caption]

 

Зразумела, каб падтрымліваць парадак у вясковым доме, неабходны не толькі сродкі, але і жаданне ўладкаваць сваё жыццё. Але многім гэта не патрэбна, — кажа Галіна Мікалаеўна:

— Тэлевізар вялізны купяць, потым хутка яго разаб'юць, а на шпалеры грошай не знаходзіцца.

Вось менавіта таму — з сотым па ліку тлумачэннем — старшыня сельскага Савета ідзе да тых, хто ўпарта не хоча яе чуць. У дом да Жанны П. мы прабіраемся з вялікімі цяжкасцямі. Складана нават апісаць, што ўяўляе сабой гэтае жыллё. Чалавечае? Здаецца, «мазанка» з цэлафанам замест вокнаў была пабудавана ў пазамінулым стагоддзі. І менавіта з таго часу тут ніхто і ніколі не браў у рукі анучу. Прызнацца, страшнавата пралазіць у пакой праз дзверы, якія амаль не адчыняюцца. Лямпачкі ў змрочных сенцах няма, таму прабіраемся, арыентуючыся на святло з вуліцы. Узнікае адчуванне, што паветра ўнутры лімітавана і ўсім яго не хопіць. А пах...

[caption id="attachment_93698" align="alignnone" width="600"]Назіральная камісія Прыбыткаўскага сельсавета на адным з падворкаў. Назіральная камісія Прыбыткаўскага сельсавета на адным з падворкаў.[/caption]

 

Гаспадыня халупы Жанна Міхайлаўна жыве тут з 16-гадовым сынам Алегам. Старэйшая яе дачка перабралася ў Гомель. Алег радасна паведамляе, што залічаны ў гомельскі прафесійны ліцэй — будзе будаўніком. Яго маці ніяк не хоча ўступіць у права спадчыны на дом пасля смерці мужа. Чаму? Адказ на гэтае пытанне мы не можам знайсці. Дарэчы, як і старшыня сельскага Савета Галіна Чумакова. Яна ўжо шмат разоў растлумачвала гаспадыні, куды трэба пайсці і да каго звяртацца. Але ж беспрацоўная жанчына, у якой няма парадку ні ў доме, ні на агародзе, на ўсе пытанні адказвае аднолькава:

— Вінаватая я...

— У вас жа невялікі агарод, — кажа Галіна Мікалаеўна. — Пасадзілі б кусты — ягады на рынку прадавалі б.

— А каму патрэбны гэтыя ягады?

— Жыць у вёсцы і не выкарыстоўваць зямлю — не разумею, як гэта магчыма? Праблема ў тым, што вы нікуды не ездзіце і нічым не займаецеся. Пад ляжачы камень вада не пацячэ. А ваш сын Алег не зможа стаць на ўлік тых, каму патрэбна жыллё... А калі б вы ўступілі ў права спадчыны, то жыллё прызналі б непрыдатным для пражывання — і ён стаў бы ў чаргу.

29-24

— Так, я вінаватая. Ой...

Дыялог заходзіць на другі круг. Тым часам у калідоры выяўляецца небяспечная праводка. Адсутнічае корпус разеткі. Печка таксама мае патрэбу ў рамонце.

— Я на зіму замажу, — абяцае Жанна.

Прынамсі, тым, каму патрэбна дапамога, яе аказваюць тры сацыяльныя работнікі, якія працуюць у вёсках Прыбыткаўскага сельсавета. Многім тут бясплатна ўсталявалі пажарныя апавяшчальнікі. Інспектар сам іх прыкручвае і правярае работу. У гэтым мы пераканаліся на свае вочы ў сям'і Анатоля і Наталлі Анішчанак, якія жывуць у шматкватэрным доме ў Зябраўцы.

Інспектар нагляду і прафілактыкі Гомельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Удодаў не толькі пераканаўся, што адзін з апавяшчальнікаў не працуе, але і прымусіў гаспадара схадзіць у краму і купіць новую батарэйку. Толькі пасля таго, як усё было заменена, «адчапіўся» ад Анатоля. З мужчыны, дарэчы, пакуль не знята судзімасць за справы мінулыя, таму ён імкнецца паводзіць сябе добра.

У сям'і, якая жыве ў двухпакаёўцы, атрыманай па льготным крэдыце, — пяцёра дзяцей. Маці Наталля выхоўвалася ў дзіцячым доме, таму спачатку зусім не мела навыкаў вядзення гаспадаркі. Але ж на гэты раз старшыня сельскага Савета застаецца больш-меньш задаволенай: многае змянілася ў лепшы бок. Галіна Мікалаеўна зазірае ў халадзільнік, задае пытанні наконт аплаты жылля і дапамог на дзяцей, тлумачыць, як налета ўзяць зямельны ўчастак пад вырошчванне гародніны і як адвучыць дзіця ад памперсаў...

— Так, дзіцячыя рэчы ў доме чыстыя, прадукты харчавання ёсць. Тут быў нядаўна інцыдэнт, але мы растлумачылі, што, калі гаспадары будуць сюды гасцей запрашаць — забяром дзяцей. Анішчанкі дзецьмі даражаць, таму і імкнуцца нешта рабіць. З гэтай сям'ёй мы працуем даўно, пры актыўнай дапамозе сацыяльных педагогаў мясцовай школы. Наталля ж калісьці не ведала, як распараджацца грашовымі сродкамі, як правільна прыгатаваць ежу... Шмат ёсць нюансаў, з чым прыходзіцца сутыкацца ў такіх сем'ях...

Дарэчы, каля 70% дзяцей, якіх камісійна вымушаны былі забраць у бацькоў, потым у сем'і вярнуліся. Работу праводзяць і праваахоўнікі. Бацька праблемнай сям'і з Клімаўкі, у якой выхоўваецца трое дзяцей, быў змешчаны на невялікі тэрмін у выпраўленчую ўстанову за абразу ўчастковага міліцыянера. Пасля здарэння, відаць, тое-сёе асэнсаваў, таму цяпер куды цішэй паводзіць сябе і са сваякамі.

— Нашы грамадзяне, на жаль, не дысцыплінаваныя, і іх прыходзіцца кантраляваць пастаянна, — заўважае Галіна Чумакова. — Калі ведаюць, што да іх прыйдуць і правераць, тады і комін пачысцяць, і расколіну замажуць. Кагосьці ўгаворваем, а кагосьці і штрафам караем. Хтосьці лічыць, што гэта нармальна — жыць у беспарадку, нават не ведае, што можна інакш. Хтосьці не навучаны нешта рабіць і не бачыць, што так сябе паводзіць — дрэнна. Я перажываю за ўсіх.

Між тым самая вялікая колькасць сацыяльна небяспечных сем'яў у Прыбыткаўскім сельсавеце была зарэгістравана ў 2012-2013 гадах — 17. Цяпер іх засталося 12. Паступовая работа працягваецца і прыносіць плён. Аднак і тыя, хто з уліку ўжо зняты, знаходзяцца ў полі зроку кіраўніка сельсавета, мясцовых дэпутатаў і ўсіх жыхароў, якія добра ведаюць — хто, што, дзе, калі і з кім...

Фота аўтара.

astashkevich@zviazda.by

Ірына АСТАШКЕВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.