Вы тут

З праграмістаў у... гандляры


Сярэднестатыстычны беспрацоўны Віцебшчыны — 41-гадовы мужчына з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй.

Бадай, ніхто з паэтаў яшчэ не «пераплюнуў» Маякоўскага, які вельмі добра рэкламаваў некаторыя прафесіі. Памятаеце: «Нужные работники — столяры и плотники!». А вось яшчэ цытата: «Докторам хорошо, а рабочим — лучше...» А скончыў свой «гімн» прафесіям паэт такім вывадам: «Все работы хороши, выбирай на вкус!»

29-22

Сёння на Віцебшчыне ў рэйтынгу самых запатрабаваных прафесій швачка, слесар, электраманцёр... А яшчэ рэгіёну вельмі не хапае вадзіцеляў, кухараў, цырульнікаў, гандляроў. У «топавым» спісе таксама бухгалтары, інжынеры, медыцынскія сёстры, урачы. У сельскай мясцовасці вельмі запатрабаваныя трактарысты, аператары машыннага даення, жывёлаводы, ветурачы.

За паўгоддзе ў вобласці вярнулася на «біржу працы» больш як 21 тысяча чалавек — на 13% больш, чым летась. У тым ліку на 30% больш зарэгістравана беспрацоўных.

Адна з іх, якой ужо «за 40» (думаю, у гэтым выпадку можна не быць джэнтльменам), у БДУ атрымала спецыяльнасць праграміста. Дык і працавала б, тым больш што менавіта праграмісты ў лідарах па ўзроўні зарплаты... Але ж чамусьці прэстыжная прафесія ёй не падабалася. Перакваліфікавалася ў эканамісты. Плацілі мала. Калі ўрэшце зразумела, што нават з падпрацоўкай не можа зарабіць на прыстойнае жыццё, звольнілася. Спачатку шукала працу праз знаёмых. Але такія ж, як яна, або самі марылі знайсці лепшае месца, або казалі, што эканамісты ім не патрэбны... Нарэшце, жанчына знайшла вакансію ў буйным гандлёвым цэнтры, які ў хуткім часе павінен быў адчыніцца. У выніку на «біржы працы», дзе яна ўжо была зарэгістравана, атрымала накіраванне на курсы гандляра. Цяпер практыку праходзіць...

— Па інфармацыі на пачатак ліпеня, з больш чым 7 тысяч беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, 37% — жанчыны. Пры гэтым колькасць жанчын на 5% зменшылася ў параўнанні з пачаткам года. Такім чынам, на сёння ў беспрацоўя Віцебшчыны мужчынскі твар. Сярэднестатыстычны беспрацоўны — гэта 41-гадовы мужчына з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, — расказвае Ірына Матвеева, намеснік старшыні камітэта па працы занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.

Найменш канкурэнтаздольныя на рынку працы людзі з абмежаванымі магчымасцямі, перадпенсійнага ўзросту, вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі, — такіх сярод беспрацоўных каля 25%.

— Сёлета дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» падштурхнуў да легалізацыі тых працаздольных грамадзян, якія афіцыйна не працавалі і не былі раней зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных. Павелічэнне колькасці зваротаў па працу тлумачыцца і аптымізацыяй колькасці работнікаў, скарачэннем вакансій на прадпрыемствах і ў арганізацыях, — каментуе Ірына Матвеева.

А ў сувязі з сумна вядомымі падзеямі ва Украіне, верагодна, тысячы ўкраінцаў шукаюць у нас працу? Аказалася, што іх не так ужо і многа. Ды і не ўсім ідуць насустрач — вядома ж, у першую чаргу трэба ўладкоўваць на працу суайчыннікаў.

— Так, сёлета ў нас большасць імігрантаў з Украіны — 52,4%, а таксама з Кітая — 33,2%... Усяго іх 885 з 26 краін: працуюць на лесанарыхтоўках, дрэваапрацоўцы, будаўніцтве і ў сельскай гаспадарцы, — дадала супрацоўніца камітэта.

Сярэднямесячная зарплата ў Прыдзвінскім краі ў маі (апошнія звесткі. — Аўт.) склала 5,8 мільёна рублёў.

— З пачатку года і ў маі Віцебшчына сярод іншых абласцей і Мінска на 5-м месцы па ўзроўні зарплаты. Апярэджвае Брэстчыну і Магілёўшчыну, — канстатуе Святлана Зіноўева, начальнік упраўлення сацыяльна-працоўных адносін і заработнай платы вышэйзгаданага камітэта.

Найбольшы заробак у будаўнікоў — перавышае 6,8 мільёна рублёў. Для параўнання, у бюджэтнікаў — каля 4,7 мільёна, працаўнікоў вёскі — прыкладна 4,5 мільёна... На прамысловых прадпрыемствах сярэдні заробак — больш за 6,5 мільёна, а ў сферах транспарту і сувязі, гандлю зарплата аднолькавая: пад 5,4 мільёна.

— Зарплата ў маі ў адносінах да студзеня павялічылася ў сярэднім на 565 тысяч рублёў, або на 10,6%... Распаўсюджваюцца так званыя гнуткія сістэмы аплаты працы: калі работнікі зацікаўлены ў больш эфектыўнай дзейнасці арганізацыі, прадпрыемства. Апошніх з такой формай аплаты ўжо больш за 1000. І ўсе арганізацыі камунальнай формы ўласнасці перайшлі на гэтую практыку стымулявання працы, — працягвае Святлана Зіноўева.

На жаль, вельмі актуальным застаецца пытанне своечасовай выплаты заробку. Пратэрмінаваную запазычанасць мелі 175 арганізацый на агульную суму 96655,8 мільёна рублёў. І амаль што ўсе даўжнікі (164) — арганізацыі аграпрамысловага комплексу. За тое, што людзі чакалі заробленае, прыцягваліся да дысцыплінарнай адказнасці старшыні райвыканкамаў і іх намеснікі 12 раёнаў, чыноўнікі Віцебскага гарвыканкама... А кіраўнікоў 5 арганізацый вызвалілі ад пасады.

Эксперты лічаць: каб зарплата выплачвалася своечасова і павышалася, кіраўнікі павінны па-іншаму вырашаць фінансава-эканамічныя праблемы. Зарплата павінна быць заробленай, а не налічанай...

А не хочаш, як той сказаў, «працаваць на дзядзьку», можаш распачаць сваю справу. З боку дзяржавы гарантуюць падтрымку. Свежы прыклад: днямі «новая» прадпрымальніца запрасіла на прэзентацыю цырульні. Прайшла адпаведнае навучанне, атрымала фінансавую пазыку. Словам, ёсць нагода для яшчэ аднаго рэпартажу.

Аляксандр ПУКШАНСКІ. pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.