Вы тут

Усе хочуць «прыгарад»!


Участкі, што карыстаюцца павышаным попытам,  можна набыць толькі на аўкцыёне.

29-18

На старце станаўлення нашай дзяржавы, пасля развалу СССР, зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва ўласнага жылля і для садаводства раздавалі ледзь ці не ўсім ахвотным. Вакол буйных гарадоў актыўна ўзнікалі катэджныя пасёлкі і дачныя кааператывы... Зразумела, што за апошні час сапраўды ліквіднай зямлі ў нашай краіне не стала больш. Разам з тым жаданне мець сваю жыллёвую нерухомасць засталося і ў сённяшняга пакалення.

Цяпер, згодна з нормамі Указа Прэзідэнта № 667 «Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў», участкі пад індывідуальнае будаўніцтва можна атрымаць двума спосабамі: праз аўкцыён і без аўкцыёна.

Статус тэрыторыі і катэгорыя кліента

У юрыдычным аддзеле Дзяржаўнага камітэта па маёмасці нам паведамілі, што на спецыялізаваным аўкцыёне зямельны надзел пад будаўніцтва можа набыць любы грамадзянін нашай краіны, нават калі ён у поўнай меры забяспечаны жыллём. Без аўкцыёну зямельныя ўчасткі афармляюцца па пэўных алгарытмах у залежнасці ад канкрэтнай тэрыторыі, дзе кліент збіраецца атрымаць зямлю, і ад катэгорыі самаго заяўніка (маецца на ўвазе яго сацыяльны статус — напрыклад, яму патрабуецца палепшыць жыллёвыя ўмовы альбо ён з'яўляецца шматдзетным).

У прыватнасці, у Мінску зямельны ўчастак без аўкцыёну могуць атрымаць толькі шмадзетныя сем'і, якія адначасова з'яўляюцца маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У іншых абласных цэнтрах краіны такія зямельныя ўчасткі могуць атрымаць толькі тыя, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Акрамя таго, кожны аблвыканкам самастойна вызначае дадатковыя населеныя пункты (тэрыторыі), дзе зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца ахвотным па выніках аўкцыёнаў, а без аўкцыёнаў — толькі чаргавікам.

Спецыялісты Дзяржкаммаёмасці ўдакладняюць, што на тых тэрыторыях, дзе запланавана правядзенне аўкцыёнаў (а без аўкцыёнаў зямельныя ўчасткі прадастаўляюцца толькі чаргавікам), мясцовыя выканкамы павінны штомесяц вывешваць на сваіх стэндах абноўленую інфармацыю аб пераліку свабодных участкаў. Для атрымання гэтага ўчастка кліент павінен звяртацца ў выканкам з заявай. Такая чарга фарміруецца ў залежнасці ад даты падачы заявы і ад таго, ці з'яўляецца заяўнік маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Атрымліваецца, што чалавек без статусу жыллёвага чаргавіка можа атрымаць зямельны ўчастак (калі ён ёсць) без аўкцыёна толькі ў той далёкай вёсцы, якая не ўнесена ў спіс тэрыторый, дзе прадугледжана правядзенне зямельных аўкцыёнаў.

Відавочна, што самы вялікі попыт на зямельныя ўчасткі па лініі індывідуальнага будаўніцтва прыпадае на прыгарад абласных цэнтраў. Лідзіруе па такім попыце прысталічны рэгіён, дзе ў чарзе па ўчасткі стаяць тысячы чалавек і сем'яў. Аднак зразумела, што пералік свабодных участкаў у сталічным рэгіёне нават блізка не перакрывае попыт, таму зямельная чарга рухаецца тут вельмі марудна. Мясцовыя ўлады большую колькасць сапраўды якасных участкаў прапануюць кліентам набываць на аўкцыёне, а ў пералік свабодных участкаў для чаргавікоў трапляюць усе астатнія.

«Элітную» зямлю — і садаводам за грошы

Сёлета з першых дзён студзеня ўсе свабодныя зямельныя ўчасткі ў садовых таварыствах у прыгараднай зоне Мінска вырашана прадастаўляць выключна праз аўкцыёны.

Тут нам патлумачылі, што тэрыторыя прыгараднай зоны Мінска ўжо насычана садовымі таварыствамі (толькі ў Мінскім раёне іх 320) і свабодных масіваў практычна не засталося. Указам кіраўніка дзяржавы №387 уведзена забарона на стварэнне тут новых таварыстваў і дачных кааператываў. У прыгарадных зонах Мінска і абласных цэнтраў уведзена і забарона на адчужэнне (куплю-продаж, мену, дарэнне) зямельных участкаў, якія прадастаўлены ў прыватную ўласнасць для калектыўнага садоўніцтва (у тым ліку зямельных участкаў, створаных у выніку іх падзелу, зліцця), на перадачу іх у арэнду, а таксама адчужэнне садовых домікаў, незавершаных закансерваваных будынкаў, размешчаных на зямельных участках, што прадастаўлены для калектыўнага садаводства, да заканчэння 5 гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ўзнікнення правоў на іх.

Трэба ўдакладніць, што 5-гадовая забарона на адчужэнне тычыцца выключна зямельных участкаў, прадастаўленых грамадзяніну мясцовым выканаўчым камітэтам для вядзення калектыўнага садоўніцтва, калі з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі ў грамадзяніна права на іх не мінуў пяцігадовы тэрмін.

Але забарона на адчужэнне зямельных участкаў не тычыцца тых «кавалкаў зямлі», а таксама садовых домікаў, права прыватнай уласнасці на якія перайшло па спадчыне (незалежна ад даты дзяржаўнай рэгістрацыі права прыватнай уласнасці спадчынадаўца і спадчыннікаў на зямельны ўчастак); якія набыты грамадзянінам на падставе грамадзянска-прававых здзелак (на падставе дагавораў куплі-продажу, дарэння, мены і г.д.). Не варта хвалявацца гаспадару зямлі, што належыць яму на правах пажыццёвага спадчыннага валодання або арэнды і была выкуплена ім у прыватную ўласнасць, калі з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі права пажыццёвага спадчыннага валодання або арэнды ў асобы, якой першапачаткова зямельны ўчастак быў прадастаўлены мясцовым выканаўчым камітэтам для вядзення калектыўнага садоўніцтва, прайшоў 5-гадовы тэрмін.

Канфіскуюць часам сотнямі

Сёлета за першае паўгоддзе за неэфектыўнае выкарыстанне было канфіксавана каля 260 зямельных участкаў, якія раней былі прадастаўлены грамадзянам для будаўніцтва індывідуальнага жылля.

Начальнік землеўпарадкавальнай службы Мінаблвыканкама Віктар МАНЕВІЧ паведаміў, што ў 187 выпадках уладальнікі добраахвотна адмовіліся ад участкаў з-за адсутнасці фінансавых магчымасцяў для будаўніцтва жылых дамоў. У 71 выпадку пытанне вырашалася ў прымусовым парадку. Больш за ўсё канфіскавана ўчасткаў у Мінскім (63), Салігорскім (29), Дзяржынскім і Стаўбцоўскім (па 24), Валожынскім (21), Пухавіцкім (17), Барысаўскім (16) і Лагойскім (14) раёнах.

Бывае, што некаторыя грамадзяне ўжо пасля прыняцця рашэння аб спыненні правоў на зямельны ўчастак самавольна пачынаюць будаўніцтва дома на ім. І ў такім выпадку даводзіцца дзейнічаць праз суд. Віктар Маневіч тлумачыць, што, у адпаведнасці з заканадаўствам, грамадзянін абавязаны прыступіць да засваення зямельнага ўчастка на працягу года з моманту атрымання дакументаў на яго. Калі ўмова не выканана, мясцовы выканкам выдае прадпісанне з указаннем тэрміну, на працягу якога неабходна пачаць выкарыстанне зямлі па мэтавым прызначэнні. У выпадку невыканання гэтага патрабавання мясцовыя ўлады прымаюць рашэнне аб спыненні правоў на зямельны ўчастак і накіроўваюць яго ў Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры для ўнясення адпаведных змен. Калі ўчастак знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, то яго адабранне ажыццяўляецца праз суд.

У далейшым адабраныя зямельныя ўчасткі пераразмяркоўваюць паміж грамадзянамі, якія маюць у іх патрэбу. Толькі за першае паўгоддзе сёлета пераразмеркавана 150 такіх участкаў. Частка іх, асабліва размешчаных у прыгараднай зоне Мінска, прадаецца на аўкцыёнах.

Сяргей Куркач

kurkасh@zvіаzdа.bу

Каментарый у тэму

Сёлета 13 ліпеня Прэзідэнтам Беларусі быў падпісаны Указ № 323 (уступіць у сілу 16 студзеня 2016 г.). Згодна з ім, грамадзяне, якія маюць зямельныя ўчасткі для вядзення калектыўнага садаводства, але не зарэгістравалі ў вызначаным парадку свае правы на іх, абавязаны звярнуцца ў адпаведную арганізацыю для дзяржаўнай рэгістрацыі сваіх правоў на зямельныя ўчасткі.

Пры выяўленні мясцовымі выканкамамі незарэгістраваных участкаў грамадзянам будуць накіроўвацца прадпісанні аб неабходнасці звярнуцца ў гэтыя выканкамы з заявай аб выдачы адпаведных дакументаў на іх у месячны тэрмін з дня атрымання такога прадпісання. Невыкананне патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў такіх прадпісаннях, з'яўляецца падставай для канфіскацыі зямельных участкаў.

Варта адзначыць, што заканадаўчыя абавязкі рэгістраваць свае правы на зямлю ў садоўніцкіх таварыствах з'явіліся ў жніўні 2008 года з прыняццем Указа Прэзідэнта № 50, якія потым падаўжаліся да 1 студзеня 2012 года.

У Дзяржкаммаёмасці чарговы раз нагадваюць: дзяржава толькі тады гарантуе поўную абарону маёмасных правоў сваіх грамадзян, калі гэтыя правы афіцыйна аформлены.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.