Вы тут

Праз Свіслач — на бронетранспарцёры


Дэсантнікі выйдуць святкаваць у гарады.

У гэтыя выхадныя ў краіне будзе адзначацца Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый. Сёлетняя дата юбілейная: упершыню вучэнні з удзелам такога роду войскаў адбыліся 85 гадоў таму. Тады дванаццаць першых дэсантнікаў былі парашутаваны на вучэннях ВПС Маскоўскай ваеннай акругі пад Варонежам. Пазней ПДВ адыгралі значную ролю ў самых розных войнах і канфліктах, у тым ліку і падчас Вялікай Айчыннай вайны.

— Сёлета мы вырашылі памяняць наш традыцыйны фармат святкавання, — паведаміў камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Вадзім ДЗЕНІСЕНКА. — Мабільныя брыгады зменяць практыку правядзення святочных мерапрыемстваў у месцах пастаяннай дыслакацыі на гарадскія выступленні. Нашу ініцыятыву падтрымалі выканаўчыя органы Брэсцкай і Віцебскай абласцей. У Віцебску мерапрыемствы пройдуць на плошчы Перамогі, салдаты будуць фарсіраваць Заходнюю Дзвіну на бронетранспарцёрах, выконваць паказальныя скачкі і дэманстраваць шэраг іншых навыкаў. У Брэсце пляцоўкай для аналагічных выступленняў стане вяслярны канал. На Дзень Незалежнасці мы ўжо практыкавалі такі фармат у Віцебску, і гараджанам ён прыйшоўся даспадобы.

Вядома, не абыдуць увагай і сталіцу краіны. Тут святочныя мерапрыемствы пройдуць 1 жніўня. У 11 гадзін у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыюць выставу «85 гадоў на абароне Бацькаўшчыны», дзе ўсе ахвотныя змогуць даведацца пра гісторыю дэсантных войскаў у Беларусі. Зусім побач, у Парку Перамогі, развернецца выстава сучаснай тэхнікі, якую маюць на ўзбраенні войскі сіл спецыяльных аперацый. Тут жа пройдзе і паказальная частка. Абяцаюць такое ўнікальнае відовішча, як перасячэнне Камсамольскага возера на БТРах, а таксама інсцэніроўку эпізодаў баявых дзеянняў на вадзе.

Пятая брыгада, што дыслацыруецца ў Мар'інай Горцы, будзе святкаваць двойчы: Дзень дэсантніка пройдзе на базе вайсковай часці, а Дзень спецыяльнай разведкі адзначаць 24 кастрычніка ўжо ў Пухавічах.

Сілы спецыяльных аперацый — адзін з родаў беларускіх войскаў, што развіваюцца, пэўна, найбольш імкліва. Гэта датычыцца як матэрыяльнай, так і вучэбнай частак. Напрыклад, у студзені скончыліся выпрабаванні бронеаўтамабіля айчыннай вытворчасці «Ліс», які збіраюць на Мінскім заводзе колавых цягачоў. Машына распрацавана спецыяльна для беларускіх прыродных умоў: раўніннай мясцовасці, вялікай колькасці балот. Стралковая зброя, вадалазнае абмундзіраванне, касцюмы радыяцыйнай хімічнай і біялагічнай абароны — пераўзбраенне ідзе поўным ходам. Замест звыклай снайперскай вінтоўкі Драгунова пачынаюць выкарыстоўваць найноўшую расійскую ORSІS T-5000. Оптыку самага рознага кшталту — ад каліматарных да начных прыцэлаў — ствараюць на заводзе БелОМА.

Сярод вучэнняў, у якіх возьмуць удзел беларускія дэсантнікі, варта вылучыць сумесны з расіянамі «Шчыт Саюза», які пачнецца ўжо ў верасні. У трэцім квартале гэтага года ў Наварасійску пройдуць трэніроўкі з удзелам вайскоўцаў з Расіі і Сербіі. А ўжо ў наступным годзе дэсантнікі будуць пераймаць вопыт кітайскіх калег — вучэнні з рамантычнай назвай «Імклівы арол» пройдуць на тэрыторыі КНР. «Сёлета на вучэннях з кітайцамі ўжо праз тры дні не было патрэбы ў перакладчыках, — распавёў Вадзім Дзенісенка. — Цяжка сказаць, якім чынам, але салдаты адзін аднаго вельмі хутка разумелі. А таму выкананне самых цяжкіх задач не стала складанасцю, і дэсантнікі атрымалі высокія адзнакі».

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.