Вы тут

«Моладзь пасіўная? Няпраўда!»


Юнакі і дзяўчаты Гродзеншчыны даказваюць гэта карыснымі справамі і цікавымі акцыямі.

Начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Паўла СКРАБКО можна часта ўбачыць сярод удзельнікаў альбо «балельшчыкаў» на розных імпрэзах, праектах. «Пасада абавязвае альбо нейкая ўнутраная патрэба?» — пацікавіўся ў яго карэспандэнт «Звязды».

30-31

— Пэўна, і службовыя абавязкі, і адчуванне ўнутранай патрэбы. У маладосці, працуючы ў камсамольскіх органах, мы таксама імкнуліся да, як цяпер модна казаць, крэатыву. Тады, у 1980-я гады, у прыватнасці, першымі ў Беларусі праводзілі фестываль «Рок-Крок», аўкцыёны па продажы твораў нашых мастакоў, ладзілі начную праграму «Сава», якая існуе па сёння, але ўжо ў іншым выглядзе. Вядома, хочацца, каб такой жа актыўнай была і цяперашняя моладзь.

«Жывая гісторыя»: нясумна пра важнае

— Аднак даводзіцца чуць пра яе пасіўнасць, безыніцыятыўнасць. Маўляў, дзе маладыя людзі найбольш актыўныя, дык гэта «Укантакце» і іншых сацыяльных сетках

— Няпраўда! Напрыклад, некалькі гадоў таму да мяне прыйшлі хлопцы і дзяўчаты з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і прапанавалі разам рабіць праект «Жывая гісторыя», які закранаў бы пытанні і нашай мінуўшчыны, і сучаснасці. Я быў вельмі ўзрушаны і падтрымаў гэтую ініцыятыву. Хаця, шчыра кажучы, некаторыя рэчы, што прапаноўваліся моладдзю, спачатку былі для мяне цяжка ўспрымальнымі. Напрыклад, ідэя развесіць проста на вуліцы фотаздымкі, прысвечаныя вядомаму чалавеку, які жыў у Гродне. Аднак калі гэта зрабілі, то аказалася, што многім вельмі падабаецца. Больш за тое, можна было не толькі паглядзець на фотаздымкі ці карціны, малюнкі, але і, праходзячы па гістарычным цэнтры горада над Нёманам, сустрэць маладых людзей у адзенні, стылізаваным пад эпоху таго ж Льва Бакста. Альбо ўбачыць гусараў і ўланаў часоў вайны 1812 года...

Да акцый праекта «Жывая гісторыя» далучыліся мастакі, музыканты, тэатральныя артысты, аматары іншых жанраў мастацтва, а таксама нашы калекцыянеры, якія прадастаўляюць свае матэрыялы — кнігі, фота, узнагароды і іншыя прадметы.

Дарэчы, праект закрануў і... грамадскі транспарт, дзе гучаць аўдыяролікі, прысвечаныя гісторыі горада і славутым людзям, якія тут жылі. Альбо акцыя «Укантакце» пад назвай «Мы — унукі пераможцаў». Кожны малады чалавек можа змясціць фотаздымак свайго дзеда ці прадзеда, які ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, расказаць пра яго, каб ведалі і памяталі нашы сучаснікі. А напярэдадні 70-годдзя Перамогі ўдзельнікі праекта разам з супрацоўнікамі абласной бібліятэкі імя Я. Карскага запрасілі ветэранаў у Новы замак — маладыя людзі з імі танцавалі, абмяркоўвалі новыя кнігі, артыкулы ў газетах і часопісах, выконвалі песні часоў Вялікай Айчыннай вайны.

— Ці хопіць у моладзі жадання, творчага натхнення і далей развіваць гэты праект?

— Мяркую, што так і будзе. Мы, зразумела, нешта падказваем, раім моладзі, але ў асноўным ініцыятыва ідзе ад іх саміх. Правялі, напрыклад, два фестывалі вулічнага мастацтва — з'яўляюцца ідэі па наступным. Прычым не толькі ад нашых землякоў, але і з Расіі, Польшчы, Літвы... А фестываль моды Grodno Fashіon Week дапамог нам адкрыць... сваіх жа маладых дызайнераў. Яны, аказваецца, ужо былі вядомыя ў замежжы, а ў Беларусі пра іх практычна ніхто не ведаў.

Пэўна, самае галоўнае ў тым, што праект «Жывая гісторыя» і іншыя маладзёжныя ініцыятывы аб'ядноўваюць шмат хлопцаў і дзяўчат, якія дагэтуль былі быццам самі па сабе, дзеля розных добрых спраў. І не толькі ў імпрэзах на гарадскіх вуліцах, у інтэрнэце, але і ў дачыненні канкрэтных людзей. Каб, падзякаваўшы ветэранам за Перамогу, уручыўшы ім кветкі і падарункі, дапамагчы і па гаспадарцы, у розных бытавых пытаннях. Каб былі дагледжаны могілкі загінулых і ў Першую сусветную вайну, і ў Вялікую Айчынную.

Рэаліі жыцця ў глыбінцы

— А якія сёння ў моладзі, якая авалодвае той ці іншай прафесіяй, перспектывы працаўладкавання?

— На мой погляд, трэба не толькі пераймаць найлепшы замежны вопыт прафесійнай адукацыі, але і цаніць уласны. Не сакрэт, што ў краінах Заходняй Еўропы чалавеку пасля заканчэння навучальнай установы ніхто не гарантуе першага працоўнага месца. А ў нас, асабліва для бюджэтнікаў, маецца гарантыя забеспячэння работай.

Але ёсць праблема замацавання кадраў у сельскай мясцовасці. Шэсць гадоў таму разам з актывістамі «Белай Русі» мы задумаліся: як знаёміць маладых людзей з рэаліямі жыцця ў глыбінцы, каб яны свядома рабілі свой выбар? Так з'явілася ідэя штогадовага абласнога злёту выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Гродзеншчыны. І калі спачатку трэба было іх угаворваць (паедзем, маўляў, паглядзім), то цяпер усе адгукаюцца з задавальненнем. Сустракаюцца з нядаўнімі студэнтамі, якія засталіся працаваць у сельскай мясцовасці, даведваюцца аб працоўных і сацыяльных гарантыях, што прадастаўляюць маладым спецыялістам.

У якасці прыкладу развіцця сацыяльнай сферы можна прывесці Ашмянскі раён — дарэчы, адзіны ў вобласці, дзе па выніках мінулага года склалася станоўчае дэмаграфічнае сальда. Нядаўна ў райцэнтры адчыніў дзверы фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў міжнародных трансгранічных праектах пабудавалі веладарожку і стадыён.

— Запомнілася выступленне на апошнім злёце маладых спецыялістаў у Воранаўскім раёне сельскага ўрача. Пэўна, далёка не ва ўсіх яго аднакурснікаў, якія засталіся ў гарадах, такія выдатныя жыллёвыя ўмовы, ды і зарплата...

— І аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў. Дарэчы, у кожным раёне створана аб'яднанне маладых спецыялістаў — з імі сустракаюцца старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі сфер, дзе моладзь працуе. Больш за тое, у некаторых раёнах (напрыклад, у Навагрудскім) імкнуцца яе зацікавіць не на апошнім курсе вучобы, а яшчэ раней. Прывозяць да сябе студэнтаў і паказваюць, што іх чакае.

Высокія тэхналогіі і... самаробная кніга

— Знакавай падзеяй для Гродна павінна стаць адкрыццё філіяла Парка высокіх тэхналогій...

— Сапраўды, кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама падтрымала гэтую ініцыятыву, скіраваную на дыверсіфікацыю эканомікі рэгіёна, каб зрабіць яе больш інтэлектуалаёмістай. Тым больш што спецыялістаў для гэтай сферы рыхтуе ГрДУ імя Янкі Купалы. Цяпер праект у стадыі рэалізацыі. Ужо традыцыйнымі сталі сустрэчы ў аблвыканкаме з маладымі вучонымі, дзе яны знаёмяць са сваімі распрацоўкамі, шэраг маладзёжных ініцыятыў падтрыманы праектам БРСМ «100 ідэй для Беларусі». Дарэчы, менавіта ў рамках гэтага праекта пабудавалі маладзёжны цэнтр «Гродна», дзе ў асноўным працуюць студэнты ў вольны ад заняткаў час.

Сёлета, у Год моладзі, мы хацелі бы падключыць нашых маладых вучоных да стварэння ў Гродне музея розных незвычайных распрацовак, каб паказваць іх жыхарам і гасцям горада. Запрашаем да супрацоўніцтва аўтараў цікавых ідэй, вынаходак.

— А ці будзе маладзёжны «акцэнт» падчас сёлетняга Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне?

— Плануем прэзентаваць шэраг маладзёжных праектаў, творы маладых пісьменнікаў і паэтаў. Адна з навінак — конкурс самаробнай кнігі, калі чалавек сваімі рукамі афармляе любы твор. Хочам таксама арганізаваць пляцоўку, дзе людзі з прыгожым почыркам маглі бы перапісаць нейкую вытрымку з верша ці паэмы. Японцы ж праводзяць конкурс на лепшую каліграфію іх алфавіту. Чаму і нам не зрабіць?

Розных імпрэз будзе шмат і, спадзяюся, кожны з жыхароў і гасцей Шчучына знойдзе для сябе нешта цікавае.
І, безумоўна, важна тое, што да свята завершыцца рэстаўрацыя палаца Друцкіх-Любецкіх, адчыняць дзверы пасля капітальнага рамонту раённыя Дом культуры і бібліятэка імя Цёткі.

— Гродна — сталіца Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
І на кожным можна ўбачыць нейкую навінку...

— Думаю, не стане выключэннем і наступны, 11-ты фестываль, які плануем правесці 3-4 чэрвеня наступнага года. Пакуль не буду раскрываць усе задумы, але нешта новае абавязкова з'явіцца. Пры гэтым будзем прытрымлівацца асноўнай канцэпцыі гэтага ўнікальнага фестывалю — паказаць здольнасці і дасягненні людзей розных нацыянальных суполак, якія жывуць у Беларусі. А разам з імі на тых жа нацыянальных падворках змогуць прадставіць сваю творчасць і госці з іншых краін.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prak@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.