Вы тут

Рукацца душамі


Сярод маіх знаёмых шмат жанчын, якіх хлебам не кармі — дай паскардзіцца на сваіх абраннікаў. І, шчыра прызнацца, я ўжо з гэтым настолькі звыклася, што... Калі адна з іх абмовілася, што яе муж з-за фінансавых цяжкасцяў на прадпрыемстве цяпер працуе тры дні на тыдзень замест пяці (вядома, гэта не магло не адбіцца і на яго заробку), вельмі здзівілася. Здзівілася не таму, ШТО яна сказала, а таму — ЯК. Маўляй, «ну, нічога страшнага. Розныя перыяды былі ў жыцці, але ж выкручваліся. І тут выкруцімся».

Зноў і зноў пераконваюся, што на любую сітуацыю можна паглядзець па-рознаму. Спрацоўвае прынцып напалову поўнай/пустой шклянкі. «Я вось радуюся, — працягвае сяброўка, — у мужа з'явілася больш часу на мяне. Сама ж бачыла, які ён мне рабочы стол зрабіў са старой нямецкай швейнай машынкі, на лецішчы шчыруе... Я не збіраюся ператварацца ў бурклівую старуху ля разбітага карыта: і тое не так, і гэта». Калі папрасіла яе падзяліцца сакрэтам сямейнага шчасця, пачула: «Ведаеш, для нас заўсёды на першым месцы былі нашы адносіны. Спачатку думалі, чым парадаваць адно аднаго, а ўжо потым аб працы і іншым. І, вядома, падстаўлялі плячо адно аднаму і ў горы, і ў радасці».

Дазволю сабе не пагадзіцца з класікам, сказаць, што ўсе шчаслівыя сем'і шчаслівыя па-свойму. З гэтай нагоды ўзгадалася прыпавесць. Муж і жонка пражылі разам 50 гадоў. Не было паміж імі сакрэтаў, акрамя... скрынкі з-пад абутку, у якую муж ніколі не зазіраў. Аднойчы жанчына захварэла і вырашыла падзяліцца з ім сваёй таямніцай. Калі той адкрыў скрынку, унутры ўбачыў дзве вельмі прыгожыя вязаныя лялькі і пачак грошай. «Што гэта?» — спытаў здзіўлены муж. «Ведаеш, перад нашым вяселлем бабуля адкрыла мне сакрэт шчаслівага сямейнага жыцця. Яна сказала: «Калі ты раззлуешся на мужа, то ніколі не спрачайся, а ідзі і звяжы адну ляльку».

На вочы мужа навярнуліся слёзы, бо ў скрынцы было ўсяго дзве лялькі. Тады ён спытаў: «Што гэта за грошы?». «Я назбірала іх, прадаючы лялек...»

Не так даўно сяброўка, якая не праміне паскардзіцца на мужа, пачала мяняцца на вачах. Прызналася, што зразумела сакрэт шчаслівага сямейнага жыцця: «НІКОЛІ і НІКОМУ не скардзіся на свайго мужа... Бо заўтра ты забудзешся на тую крыўду, даруеш (бо кахаеш), а мама будзе памятаць і перажываць. А ў вачах сябровак твой муж назаўсёды застанецца «казлом» і г.д.».

Што тычыцца мяне, то я не прыхільніца калекцыянавання крыўдаў-лялек. Не раз бачыла, чым такое заканчваецца. Пагадзіцеся, не ў кожнай жанчыны столькі цярпення, як у той жонкі з прыпавесці. Хутчэй за ўсё некалі на беднага мужа ўрэшце выльюцца ўсе тыя вашы крыўды-«лялькі» бурным патокам. Таму я за тое, каб прагаворваць усё, што хвалюе, адразу. Як толькі закралася крыўда — тут жа, замест таго, каб сядзець і дзьмуцца, бяромся за пруткі і вяжам, толькі не сам-насам, а абавязкова ўдваіх. То бок дзелімся сваімі перажываннямі-адчуваннямі з крыўдзіцелем, рукаемся душамі. Вельмі важна своечасова агучыць тую разбуральную крыўду, бо муж можа нават і не зразумець, што сказаў або зрабіў нешта не так. У мужчын жа адрознае ад нас, жанчын, успрыняцце многіх рэчаў.

На вясельным караваі мы з мужам папрасілі пекара выкласці чатыры словы — Згода, Дабрыня, Суладдзе і Гумар. І менавіта апошняе, дарэчы, вельмі дапамагае згладзіць вострыя вуглы. Не верыце? Праверце!

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Іншыя матэрыялы рубрыкі

Бачыць галоўнае

Бег за шчасцем

Вучымся… падаць

Цаніце тое, што заслужылі

Не стамляйцеся здзіўляць

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.