Вы тут

«Шкарпэткі нас больш не задавальняюць»


Хто апранае дрэвы, аўтобусы і лаўкі ў вязаныя сукенкі?

Я не асабліва здзівілася, калі ўпершыню ўбачыла каля Нацыянальнага гістарычнага музея гармату. Падобныя экзэмпляры ўпрыгожваюць музеі і ў іншых гарадах. Аднак сёлета, у сярэдзіне мая, адбыўся выпадак, дзякуючы якому маё ўспрыманне гэтага аб'екта змянілася. Ідучы знаёмай вулачкай, звыкла кінула позірк на гармату і... не пазнала яе, схаваную пад вязанай «сукенкай у кветачкі». Услед за здзіўленай усмешкай узнікла жаданне памацаць гэтую «мілату»... А пасля само сабою напрасілася пытанне — хто аўтар шэдэўра?

[caption id="attachment_93796" align="alignnone" width="600"]30-16 Ярн­бом­бер­кі мо­гуць аб­вя­заць усё, што за­ўгод­на, — на­ват аў­то­бус![/caption]

Вязаныя «выбухоўкі»

Вязальшчыцы-хуліганкі ні ад кога не хаваюцца, а, наадварот, шукаюць новых людзей і новыя аб'екты для творчасці. Сёння ў касцяку апантаных вязаннем жанчын толькі пяць удзельніц — Таццяна Мартынюк, Наталля Мядзведзева, Таццяна Дзмітрыева, Алена Сапажкова і Настасся Бахышова.

Заснавальніца клуба «Zabombі.by» Таццяна вялікай аматаркай вязання сябе ніколі не лічыла. Падчас дэкрэтнага водпуску вырашыла сябе чымсьці заняць і пачала вязаць. Пра ярнбомбінг (у перакладзе з англійскай — «выбух пражы») жанчына выпадкова даведалася з тэматычнай расылкі «жывога часопіса» расійскіх вязальшчыц.

Вулічнае вязанне з'явілася ўсяго дзесяць гадоў таму, калі амерыканка Магда Сайег вырашыла пазбавіцца ад лішкаў старой пражы і «завязала» дзвярныя ручкі сваёй крамы. Ноу-хау прыйшлося да душы многім аматарам вязання, і ў хуткім часе Магда сабрала вялікую групу аднадумцаў. Жанчыны сталі апранаць у вязаную адзежу дрэвы і помнікі. У Нью-Ёрку ярнбомберкі «завязалі» верхнюю частку апор манарэйкавай дарогі пятнаццаццю метрамі пражы. Паступова вязаныя «выбухоўкі» сталі з'яўляцца і ў іншых частках свету, у кожнай краіне — свае «асаблівасці». Напрыклад, у Францыі апранахі з пражы дораць помнікам і скульптурам. Англічанкі любяць «бамбіць» дрэвы і кусты. Бомберкі з Расіі ўвогуле паставілі ярнбомбінг на камерцыйную плыню: вяжуць прома-сувеніры, для акцый не лянуюцца абвязваць аўтамабілі ці столь крамы. Калі ў Вільнюсе Таццяна на свае вочы ўбачыла вялікае дрэва, аздобленае вязаным дэкорам, то падумала — а чаму такой прыгажосці няма ў Беларусі? І вырашыла змяніць сітуацыю.

— Насамрэч, першыя ярнбомберскія акцыі былі зроблены ў Беларусі некалькі гадоў таму. У 2011 годзе кіраўніца гуртка па вязанні апранула сабаку са скульптуры «Дама з сабачкам», які стаіць каля Камароўскага рынка. Праз год дзесяцікласніцы з Салігорска звязалі гетры для каня са скульптурнай кампазіцыі «Кароль, які вандруе». Каралю дастаўся абвязаны флагшток. На гэтым усё сціхла.

[caption id="attachment_93798" align="alignnone" width="600"]30-18 Гар­ма­та «за­цві­ла» дзя­ку­ю­чы пра­цы мін­скіх вя­заль­шчыц.[/caption]

Мастацкае хуліганства

У лютым Таццяна вырашыла працягнуць пачатую справу: стварыла суполку ў сацыяльнай сетцы і пачала шукаць аднадумцаў. Да яе далучылася Наталля Мядзведзева. Жанчыны зладзілі акцыю да Дня ўсіх закаханых: удзвюх звязалі 50 сэрцаў і развесілі іх на галінках дрэва каля вуліцы Талбухіна ў Мінску. Сваякі і знаёмыя жанчын ставіліся да праекта скептычна. Але рэакцыя мінакоў усё раставіла па сваіх месцах.

— Людзі ішлі, пасля заўважалі незвычайнае дрэва. Затым пачыналі ўважліва прыглядацца, нешта абдумваць... і рука цягнулася за тэлефонам, каб сфатаграфаваць гэты цуд. На фоне шэрых будынкаў яркае дрэва глядзелася здорава. Спачатку мы думалі зрабіць абмен сардэчкамі: дазвалялі здымаць іх з дрэва. Але дарослыя чамусьці баяліся дакрануцца да вязаных сэрцаў. Выручыла дзіця, якое проста ўзяло ды зняло «цацку». Праз пару дзён дрэва асірацела, і толькі на вяршыні вісела самотнае папяровае сэрца. Пасля акцыі да нас далучылася яшчэ адна аматарка вязання.

— Мы прывыклі думаць, што вязанне — гэта інтымны занятак. Калі людзі бачаць вязаныя рэчы ў грамадскім асяроддзі, у іх галовах адбываецца шок, а пасля ўзнікае ланцужок асацыяцый — бабуля-шкарпэтка-фатэль... вуліца? У галаве адбываецца дысананс: што гэта, хто і навошта зрабіў, як доўга яно тут будзе вісець? Звязаць шапачку і павесіць яе на помнік — гэта хуліганства. Але, як правіла, скульптары не супраць: разумеюць, што такія дэталі прыцягваюць яшчэ больш увагі да іх твораў. Мэта ярнбомбінгу ў тым і заключаецца, каб затрымаць позірк на грамадскім аб'екце, убачыць яго па-новаму, — адзначае ярнбомберка. — Дарэчы, самі вязальшчыцы па-рознаму ставяцца да руху: адны падтрымліваюць ярнбомбінг і бачаць у ім від вулічнага мастацтва, іншым ён падаецца бессэнсоўным заняткам: навошта абвязваць лаўкі, якія намокнуць, калі можна звязаць падарункі дзецям і сябрам?

[caption id="attachment_93797" align="alignnone" width="600"]30-17 Ва­лу­ны з пус­ты­ні Сан­та-Бар­ба­ра, што ў ЗША, на ты­дзень апра­на­юц­ца ў тры­ка­таж.[/caption]

Як гармата расцвіла

Наступным аб'ектам няўрымслівых вязальшчыц стала гармата каля Нацыянальнага гістарычнага музея. Напярэдадні жанчыны збіраліся «забамбіць» дрэвы ў Лошыцкім парку на свята 1 Мая, аднак атрымалі катэгарычную адмову ад адміністрацыі парку... Насамрэч, узгадненне аб'ектаў з уладамі — важны момант, ад якога залежыць, ці з'явіцца вязанае «графіці» ў горадзе. Пасля «правалу» ярнбомберкі пазнаёміліся з арганізатарам «Ночы музеяў» Захарам Дудзінскім ды прапанавалі абвязаць гармату каля Нацыянальнага гістарычнага музея. Ідэя спадабалася, вязальшчыцам далі «зялёнае» святло. Спонсарам выступіла крама пражы.

— Асабіста для мяне гармата — гэта сімвал вайны. Мае сваякі з Украіны, і я не магу быць абыякавай да падзей, якія там адбываюцца. Гармата, абвязаная кветачкамі, — маё «не» вайне, — раскрывае выбар аб'екта Таццяна.

Сем жанчын, адна гармата і тры тыдні часу... Бомберкі падзялілі аб'ект па ўчастках, размеркавалі пражу і пачалі працаваць. Асноўным матывам палатна стаў узор «афганская кветка»; акрамя яго, на вязаным полі «выраслі» валошкі і сланечнікі. Часу не хапала, Таццяна вязала нават у метро — смеючыся, адзначае, што пазбавілася ад страху вязаць у грамадскіх месцах. Калі надышоў час збіраць агульнае палатно, усе моцна хваляваліся.

— Вядома, калі людзі непублічныя, а тут — столькі ўвагі, можна і панервавацца. Затое жанчыны атрымалі новы вопыт: вылезлі з «коканаў» ды адчулі, што прымаюць удзел у жыцці горада. Яны сталі больш упэўненыя, не баяцца фантазіраваць, хочуць больш працы. Шкарпэткі іх больш не задавальняюць, — смяецца Таццяна.

Атрымалася гармата, якую хочацца абняць і легчы з ёй побач. Самыя эмацыйныя прыхільнікі твора ярнбомбінгу — дзеці. Малыя не ўтойваюць эмоцый, адразу заскокваюць на гармату. Праз тыдзень сімвал «вайны» давялося рамантаваць.

А што далей? Таццяна кажа, што гэта адно з самых папулярных пытанняў, якія ім задаюць. Зараз жанчыны рыхтуюць сюрпрыз да Дня горада Мінска.

Сама Таццяна марыць абвязаць калоны Нацыянальнага мастацкага музея і «забамбіць» нешта ў прамым эфіры. Яе натхняюць прыклады іншых ярнбомбераў. Напрыклад, Стэфан Дунэйер, вядомы ў ЗША ярнбомбер, робіць інсталяцыі ў пустыні Санта-Барбара. На тыдзень велічэзныя валуны апранаюцца ў трыкатаж, пасля Стэфан здымае з камянёў пражу. Ён працуе выкладчыкам ва ўніверсітэце і з'яўляецца жывым прыкладам таго, што ў ярнбомберы прыходзяць людзі розных прафесій.

Калі вы таксама не хочаце абмяжоўвацца шкарпэткамі — ярнбомберкі чакаюць вашы рукі!

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.