Вы тут

Як партрэт стаў іконай


У сценах магілёўскага Свята-Мікольскага манастыра, які быў асабліва ўшанаваны імператарам Мікалаем ІІ, захоўваецца яго парадны партрэт у поўны рост. З ім звязана сапраўды дзіўная гісторыя.

Мастак Канстанцін Прашковіч напісаў яго ў 1990-я гады для аднаго з магілёўскіх бізнесменаў. У той час меліся ў асноўным чорна-белыя здымкі цара, і ніхто не ведаў нават, якога колеру ў яго мундзір. Дэталі адзення і атрыбутыку Прашковіч вывучаў па карцінах рускіх жывапісцаў і рэпрадукцыях у часопісе «Огонёк». А інтэр'ер прыдумаў сам. Заказчык застаўся задаволены, але неўзабаве... трапіў у турму.

А праз некаторы час партрэт зноў нагадаў пра сябе. Неяк у будынак былога камерцыйнага банка, кіраўнік якога нечакана застрэліўся на працоўным месцы, усяліўся філіял ВНУ. Памяшканне вырашана было асвяціць. Але так атрымалася, што святар, які павінен быў гэта зрабіць, забыўся прывезці ікону. Каб не губляць час на вяртанне, яму прапанавалі адслужыць малебен перад... партрэтам цара. Патлумачылі, што знайшлі карціну ў гэтым жа будынку, яна была схавана ў нішы за электраразмеркавальным шчытом.

Так пра незвычайную карціну даведаўся ўладыка Максім, які быў у той час архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім. Пасля хадайніцтва епархіі партрэт перадалі манастыру. Сам аўтар, дарэчы, пра ўсе гэтыя прыгоды сваёй карціны і не здагадваўся. І вельмі здзівіўся, калі аднойчы ўбачыў яе ў іканастасе, ды яшчэ з намаляваным кімсьці німбам над галавой імператара.

Напэўна, стаўшы іконай, партрэт перастаў прыносіць няшчасці. Абраз размешчаны, кажуць, у тым месцы храма, дзе маліўся імператар. За яго акладам захоўваецца залатая 5-рублёвая манета — яе перадалі манастыру нашчадкі жыхара Магілёва Сямёна Халімава. Пры жыцці ён расказваў, што атрымаў яе з рук цара падчас аднаго з набажэнстваў — той быў шчодры чалавек і любіў адорваць сваіх падданых.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.