Вы тут

Вігвам вам у хату


Страляць з лука, улюлюкаць, ладзіць буданы, называць сябе чынгачгукам і зачытвацца прыгодніцкімі раманамі Джэймса Фенімара Купера даводзілася мне, як і многім, у сваім дзяцінстве. Не хапала, відаць, толькі аднаго — сапраўднага індзейскага вігвама. Гэта было раней. А цяпер разжыцца падобным намётам для свайго маленькага «індзейца», аказваецца, вельмі проста. Каб больш даведацца пра асаблівасці вігвамаў, іх стварэнне, мы напрасіліся ў госці да Марыі Покуць і яе маці Вольгі Cяргееўны, якія наладзілі міні-вытворчасць індзейскіх буданоў.

[caption id="attachment_93799" align="alignnone" width="600"]30-24 Дзет­кі адчуваць сябе ў віг­ва­мах вель­мі доб­ра.[/caption]

«Першы шалаш зрабілі напярэдадні Новага года»

— У маленстве мне таксама падабалася будаваць шалашы, гуляцца ў іх, але на ідэю вырабляць вігвамы гэта не паўплывала, — трымаючы на руках сына, якому хутка споўніцца два гады, кажа Марыя. — Рэч у тым, што я даволі актыўны інтэрнэт-карыстальнік, цікаўлюся дэкорам дзіцячых пакояў. Летась заўважыла ў «Інстаграме», што вігвамы — даволі распаўсюджаная з'ява ў Еўропе, а ў нас імі на той момант амаль ніхто не займаўся. Мая маці шые ўсё сваё жыццё. Я прапанавала ёй паўдзельнічаць. Яна пагадзілася, і пад Новы год мы стварылі першы вігвам у падарунак, а пасля, калі знаёмыя пачалі прасіць зрабіць вігвам для іх, вырашылі падзарабіць. Першы, дарэчы, па выкананні быў самым складаным — досведу не было. Агулам стварылі больш за 30 дамкоў. Цяпер усё ведаем, ніякіх цяжкасцяў не ўзнікае.

— Вы адразу планавалі, што на вігвамах можна будзе падзарабіць?

— Так, і гэтая ніша была амаль свабодная. Акрамя нас на той момант у Беларусі вігвамы рабілі ўсяго некалькі чалавек. Мы ўвязаліся ў канкурэнцыю, у такое невялічкае спаборніцтва за патэнцыйных пакупнікоў. І цяпер за месяц ствараем прыкладна 3-4 вігвамы.

— А як падзяляеце паміж сабой абавязкі?

— Я — менеджар, ідэйны натхняльнік. Займаюся пошукам кліентаў, — усміхаецца Марыя. — А маці непасрэдна шые вігвамы. Іх, дарэчы, робім і прадаем афіцыйна. Мама зарэгістравана рамесніцай.

[caption id="attachment_93800" align="alignnone" width="600"]30-25 «Я пра­па­на­ва­ла ма­ці паў­дзель­ні­чаць, яна па­га­дзі­ла­ся, і пад Но­вы год мы зра­бі­лі пер­шы віг­вам».[/caption]

«Тканіна — асобная гісторыя»

Уся вытворчасць індзейскіх буданоў сканцэнтравана на хатнім рабочым стале Вольгі Сяргееўны. Тут усё самае неабходнае: швейная машына, выкрайкі, лякалы, нажніцы... Працуе спадарыня Вольга звычайна ўвечары, калі з'яўляецца вольны час.

— А што неабходна для таго, каб зрабіць вігвам?

— Напачатку набываем ручкі грубай апрацоўкі, якія служаць апорай для усёй канструкцыі. Пасля свідруем іх, шкурым, фарбуем, сушым. Паралельна працуем з лекаламі і выкрайкамі. Тканіна — гэта наогул асобная гісторыя. Мы выкарыстоўваем выключна натуральныя: сацін, паркаль, лён. Але найчасцей вігвамы замаўляюць з бязі. Яна лёгкая і недарагая.

— Дарэчы, а якія вігвамы ў вас найчасцей замаўляюць?

— Розныя. У нас ёсць шмат варыянтаў: і з акенцамі, і з кішэнямі... Колеравая гама таксама разнастайная. Вырабляем яшчэ і лаўкі сноў. Нядаўна прадалі вігвам для хлопчыкаў з выявай мядзведзікаў. А «Акварыум», — суразмоўца паказвае на блакітны шалаш, па якім «плаваюць» вялікія рыбы, — мая ідэя. Мне здаецца, дзеткам ён павінен спадабацца. Трэба дадаць, што мамы набываюць вігвамы для малых, але яны хочуць, каб ён стаў часткай інтэр'ера кватэры. Дзеткі, між іншым, пачуваюцца ў іх вельмі добра. Адна заказчыца паказвала фотаздымак, на якім у вігваме спіць дзіця, а да яго ў госці прыйшоў сабака. У гэтых дамках ідзе сваё жыццё! Вось і мы з унукам там таксама спалі. У вігваме вельмі ўтульна.

— А ці не збіраецеся пашыць вігвам, які б адрозніваўся ад усіх папярэдніх?

— Так, мы хацелі зрабіць двухпакаёвы домік, але пакуль за яго не ўзяліся.

— Маша, а ці ўяўляеш, што і праз некалькі гадоў таксама вы будзеце займацца вігвамамі?

— Я хоць і настаўнік англійскай мовы па адукацыі, але наогул у будучыні хачу сур'ёзна займацца фатаграфіяй. Што да вігвамаў, то, пакуль яны модныя, імі варта займацца. Тым больш для нас з маці гэта не проста занятак, а творчасць, хобі, ад якога мы атрымліваем асалоду.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».