Вы тут

ЛЮБОЎ МАЕЦЦА НА ЎВАЗЕ


Калі запытацца ў Васілісы, каго яна любіць, дачка, нават не задумваючыся, выдасць: «Бубу баба, дзедзя, Аня, аў, іго-го». Колькасць аб'ектаў сімпатыі і іх чарговасць можа змяняцца ў залежнасці ад сітуацыі і настрою дачкі. Але там ніколі не будзе слоў, якія так цешаць бацькоўскае вуха, — «бубу мама, бубу тата». Неяк прыкра ад такой несправядлівасці, але гэтая крыўда — памылковая.

Не так даўно дачка ўпершыню па-сапраўднаму засмуціла жонку. Справа была на лецішчы, дзе ў выхадны дзень мы адпачывалі разам з бацькамі Вікі. Васіліса вельмі прывязана да бабулі. Сёння яна — яе лепшы сябар, які заўсёды рады і пагуляць, і дазволіць часам тое, што забараняюць тата і мама. Дык вось, прыйшоў час класці малую спаць. Сабе ў напарнікі тая адразу запатрабавала бабулю. Паколькі цешча была занятая па гаспадарцы, пайшлі спаць з мамай. Ды дзе там! Дачка падняла гвалт і з крыкам: «Баба, баба!» з усёй моцы ўчапілася жонцы ў валасы. Ледзьве супакоілі, патлумачылі, што так рабіць дрэнна, але ўсе ж такі спаць адправілі з бабуляй.

Віка ледзь стрымліва слёзы. «У такія хвіліны мне здаецца, што дачка любіць бабулю, а не мяне», — патлумачыла яна сваю крыўду. У мяне на гэты конт свая думка. Некалькі разоў мне даводзілася на цэлы дзень заставацца з малой. Дык кожны раз, нягледзячы на тое, што з Васілісай мы добра ладзім, ужо праз некалькі гадзін пасля ад'езду жонкі я бачыў, што дзіця пачынае сумаваць і шукаць матулю. Цацкі, гульні, прысмакі — усё гэта дапамагала толькі на лічаныя хвіліны адцягнуць яе ўвагу. Да вечара сум дасягаў крытычнай адзнакі, і толькі са слязамі на вачах мы клаліся спаць. Жонка пра гэта ведала з маіх слоў. Толькі я ніколі не гаварыў ёй пра сваю «крыўду»: «Малая любіць маці, а мяне, бацьку, не». Але ўсё гэта толькі словы...

Яшчэ ў студэнцкія гады я рыхтаваў матэрыял для «Звязды» з сацыяльнага прытулку. Для гэтага папрацаваў там адзін дзень у якасці выхавальніка. За праведзены час паспеў зблізіцца з яго «жыхарамі», таму потым кожны раз пры магчымасці наведваўся да дзяцей у госці. Была там адна дзяўчынка гадоў чатырох-пяці. Маленькая такая, каротка пастрыжаная і вельмі баязлівая. Яна заўсёды трымалася асобна. Знайсці падыход да яе было складаней за ўсё. А неяк раз сама падышла і пацікавілася ў мяне, ці не магу я нешта перадаць яе маці, а то ў той, напэўна, няма грошай, каб прыехаць у райцэнтр. Безумоўна, я адказаў, што пры неабходнасці ўсе перадам. Узрадаваная малая пабегла ў пакой, адкуль вярнулася са сваім скарбам — пакецікам, у якім былі ласункі. «У мамы няма грошай, каб набыць, а яна таксама іх любіць», — патлумачыла яна. Я разгубіўся. Добра ведаў, з якой дзяўчынка сям'і, таму адразу ўявіў сабе, як «матуля», вяртаючыся з крамы з чарговай дабаўкай «чарніла», тлумачыць дзецям, чаму не набыла цукеркі. А тут такі ўчынак дачкі! Стала не па сабе. Якую волю неабходна было мець малой, каб утрымацца ад спакусы з'есці цукеркі і пернікі, якія ёй і так рэдка перападаюць. Па зацёртых фанціках было відаць, што іх не раз пераглядалі, але не елі. Некаторых пернікаў і цукерак (напэўна, тых, якімі частавалі ў адзінкавым экзэмпляры) былі толькі палавінкі. Безумоўна, узяць такую перадачу я не мог. Давялося схітрыць. Сказаў, што мяне нядаўна пачаставалі цукеркамі, а паколькі я не ласун, то завязу яе маці свае прысмакі. Шчасцю малой не было межаў.

З таго моманту прайшло 8 гадоў, а мне дагэтуль сорамна, што не стрымаў слова, але сэнс не ў гэтым. Учынак той малой стаў для мяне своеасаблівым эталонам самай чыстай дзіцячай любові. Ён дапамог асэнсаваць прапісную ісціну: дзеці ўжо нараджаюцца з гэтым пачуццём да бацькоў у сваім сэрцы. Яны яшчэ не ведаюць, як яно называецца, не могуць вымавіць само слова, а ўжо любяць: моцна і бескарысліва. Мы расцём з гэтым пачуццём, але так рэдка гаворым пра яго. Хіба што падчас віншаванняў з днём нараджэння... Мяне і маіх бацькоў сёння аддзяляюць амаль 500 кіламетраў. Гэта зусім не адлегласць, але выбрацца дадому ўсё ніяк не атрымліваецца. Сорамна, але ўжо год я не ціснуў руку тату, не абдымаў і не цалаваў маму. Важныя словы таксама гаварыў даўно: падчас тэлефонных размоў усё больш увагі ўдзяляем розным клопатам. Але, нягледзячы на ўсё гэта, я іх вельмі моцна люблю.

Калі запытацца ў Васілісы, каго яна любіць, дачка, нават не задумваючыся выдасць: «Бубу баба, дзедзя, Аня, аў, іго-го». Гэтыя словы мы, бацькі, успрымаем з усмешкай і ніколі знарок не папраўляем яе, не перавучваем. Бо глыбока перакананы, што тое пачуццё, якое дачка адчувае да нас, для яе больш моцнае і значнае, чым простае «бубу». Нам дастаткова таго, што кожную раніцу яшчэ праз сон яна шукае маму і тату, што кожны раз імчыць да нас, каб пашкадавалі яе «ваву», што можа проста так падысці, абняць і пацалаваць. Гэта ўжо не толькі словы.

Аляксандр АЛЕСІК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.