Вы тут

Вяселле, якому верыш


За чатыры гады да шлюбу Юлія Літвінава пачала шыць сабе вясельны строй. Яна не ведала, кім будзе яе жаніх і калі дакладна надыдзе той самы дзень. Проста хадзіла на гурток вышывання і вучылася майстэрству. Тым часам Зміцер Мурашка атрымаў адукацыю архітэктара. Цікавіўся этнаграфіяй і ўсім тым, што непарыўна звязана з традыцыйнай Беларуссю. Займаўся любімай справай — праектаваў здаровыя дамы і маёнткі.

Той Самы Дзень наступіў у кастрычніку, калі схаладнелае сонца ў апошні раз лашчыць сціплай цеплынёй. Маладыя ў традыцыйных строях, бацькі і сябры, музыкі, рэстаран — усе і ўсё навокал стваралі атмасферу сапраўднага беларускага вяселля.

З тае пары прайшло пяць гадоў, але дагэтуль успамінаюцца дробязі кшталту «хто ткаў рушнікі для сватоў» і «як прадавалі касу маладой».

Жартуючы і сур'ёзна, са Змітром і Юліяй мы ўзнавілі традыцыйнае беларускае вяселле, абмеркавалі, чаму ў сучасных святах так многа штучнасці, і высветлілі, дзе шукаць шлюб, якому можна верыць.

30-14

— З якіх асноўных момантаў складаецца традыцыйнае беларускае вяселле?

Юлія. Першае — гэта сватанне, якое папярэднічае самому вяселлю. Пасля могуць адбыцца заручыны. І напрыканцы — вяселле, калі жаніх са сваёй дружынай прыязджае па нявесту, выкупляе яе. Потым маладых бласлаўляюць на шлюб, яны едуць або вянчацца, або ў загс, альбо туды і туды. Пасля могуць паехаць на могілкі да сваякоў ці пракаціцца па прыгожых месцах гораду ды пафатаграфавацца.

Зміцер. Раней традыцыйна наведвалі могілкі, адкуль і пайшла сённяшняя мода ездзіць да помнікаў.

Юлія. Так, раней ездзілі менавіта на могілкі, адведвалі сваякоў. Пасля пачыналася бяседа.

Зміцер. У кожнай мясціне святкавалі па-свойму. Пераважна было так: спачатку гулялі ў нявесты, пасля было застолле ў жаніха, дзе частавалі гасцей караваем. Госці дарылі маладым рознае: ці то нешта па гаспадарцы, ці то тканіну, мёд.

Юлія. Асноўны момант вясельнай бяседы — дзяльба караваю, адорванне маладых. Пасля, бадай, самы пяшчотны — здыманне вяночка з маладой...

Зміцер. І завязванне наміткі.

Юлія. Звычайна гэта робіць свякроў, але ў розных мясцовасцях можа быць па-рознаму. Пасля маладая выпраўляецца да маладога са сваім пасагам. Шлюбная ноч. Па традыцыі на наступны дзень яе адведвалі, глядзелі, ці цнатлівая, ці чыстая дзяўчына.

Зміцер. У залежнасці ад убачанага ці хамут надзявалі, ці на дзяжу садзілі.

Юлія. Гэты дзень называецца пярэзвы. Хоць у кожнага ён зваўся па-свойму — напрыклад, «петухі». Вадзілі цыганоў. Але зноў жа: кожная мясцовасць мела свае адметнасці. Розныя кпіны, жарты гучалі менавіта ў гэты дзень.

Зміцер. Яшчэ перад самім вяселлем дзяўчына мусіла падрыхтаваць сабе добры пасаг: падушкі, коўдры, паясы, посцілкі, кашулі. Гэтымі рэчамі часта адорвалі сваякоў падчас свята.

— З якім пасагам прыйшлі вы, Юлія, да Дзмітрыя ў хату?

Зміцер (жартуе). Сапраўды, з якім? З кашуляй, якую 4 гады сабе рабіла?

Юлія (не паддаецца на жартачкі). Так, вышыла сабе і пашыла маладому. З чым я ішла? З адной кашуляй. І са звычайнымі рэчамі, якія спатрэбіліся ў побыце.

— Што з ужо пералічаных абрадаў было на вашым вяселлі?

Юлія. Па-першае, мы былі ў традыцыйных строях, якія зрабілі сабе самі. Па-другое, бацькі бласлаўлялі на шлюб і выпраўлялі нас. Абсыпалі жытам, вылівалі пад колы вядро вады. Калі мы прыехалі пасля таго, як распісаліся, нас сустракалі музыкі з традыцыйнымі спевамі і вясельнымі маршамі, бацькі — з хлебам і мёдам. Праз ручнік усе праходзілі ў залу. Там ішлі на пасад — адзін з важных момантаў, калі маладых садзяць за стол. Гэта рабіў мой брат. Мама звязала нам ручніком рукі, а ён вёў вакол стала тры разы, і тады мы садзіліся на кажух.

Зміцер. Дарэчы, навошта звязваюць рукі? Каб маладыя былі разам. Увогуле непажадана, калі хтосьці між імі пройдзе альбо пяройдзе дарогу. Яны мусяць быць непадзельна, разам, бо гэта асаблівы момант пераходу ў сям'ю. Важна, каб ён быў непарушаны, каб маладыя глядзелі адно на аднаго. Сёння вельмі часта сустракаюцца малюнкі з жыцця, калі малады на вяселлі стаіць убаку і курыць, а дзяўчына наводдаль з сяброўкамі здымкі на тэлефоне разглядвае. Нам жа звязвалі рукі, і мы хадзілі паўсюль разам.

Зміцер. Падчас застолля на стале былі традыцыйныя стравы. У тым ліку самагонка і сівуха.

Юлія. Так, хацелі падтрымаць не толькі знешняе, але і ўнутранае напаўненне.

Пасля было дарэнне, дзяльба караваю. Напрыканцы вяселля здымалі вяночак. Намітку на той момант я не паспела зрабіць, таму свякроў завязвала шалік. Пасля з вяночкам я танцавала з незамужнімі дзяўчатамі, каб яны выйшлі замуж. Далей з хлопцамі, клала ім на левае плячо вянок, каб ажаніліся.

Зміцер. А можа, на нос ім вешала, каб на чужых дзяўчат не заглядаліся? (Жартуе.)

Юлія. Так і не. Закрывала ім вяночкам вочы.

Зміцер. Наша вяселле не было традыцыйным у класічным разуменні, калі свята доўжыцца два тыдні. З адметнага — госці апрануліся ў традыцыйныя строі, музыкі аздобілі свята аўтэнтычнай музыкай. Мы навучылі гасцей традыцыйным танцам і гульням. На вяселлі гучалі дуда, скрыпка, беларускія спевы.

Юлія. Сватам завязвалі ручнікі, якія ткала мая бабуля. Былі і дружкі, і дружына. Дзяўчаты спявалі песні, калі апраналі мяне і запляталі вяночак.

30-15

— Як мусяць быць апранутыя маладыя?

Юлія. Традыцыйна для маладога — кашуля (яе вышывала маладая), пояс, нагавіцы, камізэлька.

Зміцер. Камізэлька абавязкова. Хадзіць проста ў кашулі было нягожа. Быццам расхрыстаны. У мяне была хоць не камізэлька, але світка.

Юлія. Дарэчы, калі мужчына жаніўся, ён меў права паўсюль хадзіць у шапцы. Напрыклад, сядзець так за сталом у хаце. Калі казаць пра маладую, то яна была апранута ў кашулю, андарак, спадніцу, фартушок, гарсэт (але гэта не абавязкова) і вяночак.

Зміцер. Абавязкова вяночак. У нас у Беларусі вэлюму як такога і не было нават.

Юлія. Ён з'явіўся пазней. Дзяўчаткі прыходзілі ў зборную суботу да маладой і рабілі ёй вяночак. Вяночак — галоўны атрыбут, які сімвалізуе, калі яго здымае свякроў, што дзяўчына становіцца жанчынай.

— Кажуць, што на тысячу вяселляў у Беларусі прыпадае адно традыцыйнае. Чаму вы вырашылі зладзіць менавіта такое?

Зміцер. Мы не хацелі станавіцца аднымі з тысячы. Проста з самага пачатку шанавалі родную традыцыю. Хацелі, каб наша вяселле як традыцыйнае было звычайным, без аніякіх статыстык. Каб зрабіць прыемна і сабе, і сябрам, якім гэта блізка.

Юлія. Да таго ж я рабіла сабе строй, яшчэ не ведаючы, калі і за каго выйду замуж. Я адмыслова шыла-вышывала для вяселля, і не хацелася закінуць яго на далёкія паліцы, ні разу не надзеўшы. Пасля, калі вырашылася пытанне, калі будзе вяселле...

Зміцер. ...І жаніх знайшоўся (смяецца).

Юлія. ...дзе, хто з музыкаў будзе на ім граць, хацелася вытрымаць усё па-сапраўднаму.

Зміцер. Гэта наша традыцыя, гэта натуральна для нас.

Юлія. Вяселле — такі момант у жыцці, калі людзі пераходзяць з аднаго стану ў іншы. Па сутнасці, гэты момант вельмі слабы. Яму патрэбна падтрымка і роду, і сваякоў. У традыцыйным вяселлі ўсе абрады накіраваны на тое, каб неяк падтрымаць маладых, абараніць іх. Каб яны перажылі гэты стан, сталі сям'ёй. Мне здаецца, што ў традыцыйным вяселлі ўсё лагічна, да месца, асэнсавана.

Зміцер. Строі вельмі гарманізуюць. Яны неверагодна ўрачыстыя і адметныя. Калі глядзіш звычайны парад нявест «у белым», бачыш розныя ўборы, якія выглядаюць аднолькава. Нацыянальныя строі маюць адметную эстэтыку. Яны адраджаюць шляхетную культуру людзей, якія спрадвеку жылі на гэтай зямлі. Гэта пашана да іх і да нас як часткі гэтай зямлі.

Юлія. Быццам вяртаемся да вытокаў.

— Ці даводзілася сутыкацца са складанасцямі падчас падрыхтоўкі да вяселля?

Юлія. Не, акрамя таго, што доўга давялося шукаць сабе абутак.

Зміцер. Цяпер мы ведаем, як гэта вырашыць: можна і пашыць. А тады, калі сутыкнуліся ўпершыню, было цяжка. З музыкамі пытанняў не было, бо мы ведалі, да каго звяртацца — да Алеся Лася. Пытання, дзе гуляць, таксама не стаяла. У свой час лёс звёў мяне з гаспадарамі рэстарана «Камяніца». Вядома, я вырашыў падтрымаць сяброў, якія самі шмат укладаюць у нацыянальную традыцыю. Яны, вядома, з радасцю пагадзіліся і зрабілі ўсё найлепшым чынам.

У Юлі ўжо была вышытая кашуля. Калі ў каго няма, то за месяц гэта цяжка зрабіць, асабліва калі вышываць калінкавіцкім узорам.

Дарэчы, раскажу пра момант, які для мяне быў істотным. Раней, калі ўпрыгожвалі тройку коней, вешалі шаргуны. Пасля яны захоўваліся дома на ўдачу. Падчас вяселля шаргуны звіняць і такім чынам ахоўваюць маладых ад нячысцікаў ды ўсялякага чараўніцтва. Дык вось мы набралі піўных бляшанак, накідалі ў іх гаек і прычапілі на машыны. Ехалі і грымелі. Таксама здорава было.

Юлія. Такое сабе пераасэнсаванне шаргуноў.

— Нядаўна чытала інтэрв'ю фатографа, які здымаў вяселлі. Ён казаў пра тое, чаму больш не мае ніякіх стасункаў з гэтай сферай. Звычайнае вяселле ён бачыць як нешта штучнае. Ён перастаў верыць таму, што здымае. Адсюль пытанне: што такога атмасфернага ёсць у традыцыйным вяселлі, што сведчыць: гэтаму можна верыць?

Зміцер. Па-першае, трэба мець на ўвазе, што кожнае вяселле — традыцыйнае. У пэўнай ступені нейкія каноны і забабоны ўсё адно захоўваюцца. Штучнасць — калі людзі ненатуральна сябе паводзяць. Штучнасць — калі з кантэксту вырываюцца такія рэчы, як адорванне маладых альбо дзяльба караваю. Дарэчы, наш каравай выпякалі маці ў пячы. Каравай — гэта святое. А на многіх вяселлях гэта звычайны пачастунак, які можна пакаштаваць і пакінуць, забыў альбо яшчэ што іншае з ім зрабіў. Вось гэта і ёсць штучнасць, калі замест дзяльбы каравая застаецца нейкі недаедзены торт.

Юлія. Вельмі часта маладыя не маюць разумення, навошта ім гэта. Яны хочуць выканаць усе вонкавыя правілы, аздобіць патрэбнымі атрыбутамі, але што традыцыйнае вяселле азначае насамрэч, разумее не кожны.

Зміцер. Тое самае і з музычным аздабленнем. Я быў на адным вяселлі, дзе бабуля выйшла да маладой і сказала: «Хачу праспяваць для сваёй унучкі песню». І тамада-балалаечнік яе хуценька спыняе: «Ну, дык спяем жа песню «Ах, эта свадзьба, свадзьба, свадзьба». Толькі з чацвёртай спробы ў бабулі атрымалася выканаць тое, што яна спецыяльна рыхтавала. Калі няма еднасці духу, калі збіраюцца людзі з розных рэгіёнаў і перад імі самарэалізуецца нейкі музыка-пачатковец — вось гэта падаецца штучнасцю.

Юлія. Раней гулялі вяселлі і ведалі, што будзе наступным крокам. Усё было да месца.

Зміцер. Ніхто не бегаў і не пытаўся: «А што рабіць цяпер?» Вельмі часта мамы не ведаюць, ці правільна яны робяць? «А што рабіць? А ў які бок весці вакол стала? А я не ведаю!» У адным рэгіёне водзяць па сонцы, у іншым — супраць. «А калі сыпаць? А, зараз сыпаць». Гэта мітусня пацвярджае, што мы страцілі веды пра сваю традыцыю.

Любоў КАСПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.