Вы тут

Аляксандр Алешка: «Рабіць памылкі — азартная справа»


Вядомы расійскі акцёр кіно і тэатра, вядучы шматлікіх праектаў на тэлебачанні Аляксандр Алешка з юнага ўзросту марыў быць на сцэне. Сваю ролю ў гэтым, магчыма, адыграла і сустрэча з Алегам Паповым у Кішынёўскім цырку, калі той падарыў яму паветраны шарык, і іх фота трапіла ў мясцовую газету. Потым яно доўга вісела ў хлопчыка на сцяне. Артыст і сёння ўспамінае, як, пабываўшы ў лялечным тэатры, у музеі і потым апынуўшыся ў цырку, ён, савецкі хлопчык, убачыў неверагодную палітру фарбаў, творчасці, што і натхніла на выбар будучай прафесіі. Цяпер артыст сам з'яўляецца прыкладам творцы, які рэалізоўвае сябе ў розных праектах, прымярае новыя ролі і дзеліцца з аўдыторыяй сваімі эмоцыямі на сцэне...

Сёлета на «Славянскі базар» Аляксандр завітаў з уласным шоу. А пасля падзяліўся разважаннямі пра таленавітых людзей, самаіронію і «крытыкаў на канапе».

31-91

Заўважайце «белыя палосы»

— Нядаўна вы атрымалі званне заслужанага артыста Расіі. Наколькі важныя ў наш час такога кшталту ўзнагароды? Ці гэта толькі перажытак мінулага?

— Я не лічу прысваенне званняў перажыткам, бо для артыста такая адзнака важная. Але галоўнае не тое, што ў цябе ёсць званні і рэгаліі, з якіх ты пыл здзімаеш. Важна, калі маеш імя, творчы шлях, які разумеюць і прымаюць твае гледачы. Узгадваючы, напрыклад, Юрыя Нікуліна, мы адразу ўспамінаем не пра тое, што ён «народны артыст» Савецкага Саюза, а расплываемся ў добрай усмешцы ад таго, што ведаем артыста, які падзяліўся вялікай колькасцю дабрыні і святла з кожным сваім гледачом. І можна назваць шмат прыкладаў неверагодна таленавітых, годных, грандыёзных артыстаў, у якіх няма ніякіх званняў. Але гэта зусім не значыць, што яны бясследна існуюць або сышлі. Таму што кожны пакідае частку свайго жыцця, душы, музыкі, слоў у памяці гледачоў.

У дзяцінстве я меў план, як буду рэалізоўвацца. Калі б не разваліўся Савецкі Саюз, то я ажыццявіў бы яго. Склалася і так нядрэнна, але ўсё адбываецца нібы з нейкім спазненнем, з карэкціроўкай на час, на абставіны. Некалі я станавіўся на табурэтку і казаў: «Для вас спявае народны артыст Савецкага Саюза Саша Кабзон». Да такой перспектывы сябе рыхтаваў... Увогуле бывае так, што выходзіш пасля спектакля, у якім задзейнічаны народныя і заслужаныя, і нічога не адчуваеш, а іншы раз паглядзіш спектакль артыстаў без званняў, і на душы такі ўздым! Таму быць заўважаным прыемна, важна, але гэта не галоўнае.

— Ёсць думка, што глядач ходзіць «на акцёра» альбо «на рэжысёра» ў тэатр ... Які ваш пункт гледжання?

— Якая розніца? Хто на акцёра ідзе, хто на рэжысёра, а хтосьці проста хоча пайсці на сцены паглядзець. Для мяне не існуе такога пытання. Свет настолькі разнастайны! І таму я спакойна стаўлюся да любых пажаданняў аўдыторыі. Хай у кожнага будзе свой тэатр, свая дарога, свой артыст альбо рэжысёр. Выбірайце і жывіце спакойна. І не ганьце тое, што ёсць побач. У жыцці, што завецца зебрай, трэба перш за ўсё заўважаць белыя палосы. Тады і ў душы будзе гармонія. Зразумейце, няма часу добрага ці дрэннага. Ёсць толькі імгненне тут і цяпер, таму тое, з якім настроем вы пачынаеце новы дзень, каму ўсміхнуліся, даравалі, і вызначае ваша жыццё.

Маланка б'е толькі ў высокае дрэва

— Многія з'яўляюцца вялікімі прыхільнікамі тых вобразаў, якія вы стварылі ў праграме «Вялікая розніца». Як удавалася знайсці баланс, калі парадзіруеш расійскіх «зорак», у якіх часта адсутнічае самаіронія, каб было смешна і не крыўдна?

— Па-першае, я не лічу сябе парадыстам. Гэта тая частка маёй акцёрскай прафесіі, якая ў нейкі перыяд мне ўдалася. Выдатны парадыст у Расіі — Максім Галкін. Ён без грыму і без касцюма ўмее пераўвасабляцца глыбока і цікава. Вось гэта яго тэрыторыя. Я ж артыст тэатра і кіно, які, аказваецца, можа яшчэ і «паказаць» кагосьці. Заўсёды паўтараю, што «паказаць» Рэнату Літвінаву нескладана. Гэта зробіць любы студэнт другога курса тэатральнай ВНУ. Але пражыць у нейкім вобразе пэўны час ці зрабіць нейкую мініяцюру, сцэну — тут ужо пачынаецца мастацтва. Таму, калі атрымаў запрашэнне ад Аляксандра Цэкалы на праект «Вялікая розніца», то здавальняў свой голад па камедыйных ролях. Не давала спакою адчуванне, што ў ва мне столькі ўсяго сабралася, і гэта трэба куды-небудзь падзець. І вось з'явілася магчымасць. Поле, якое можаш узараць. Будзеш? Буду.

Добры артыст — гэта ўрач, які ў той час, як лечыць вам нешта, спявае. Ён забірае ваш неспакой, хваробы, цяжар з душы. Чаму артысты часам не здаровыя фізічна? Таму што пасля канцэрта ты сыходзіш напоўненым фізічна тым, што аддала табе аўдыторыя. Але забіраць чужыя клопаты — наш свядомы выбар... Вяртаючыся да пытання, як, парадзіруючы чалавека, не пакрыўдзіць яго, скажу: не думайце пра гэта. Рэагуюць героі на мой нумар ці не і якая ў іх рэакцыя — гэта ўжо факты не маёй біяграфіі, а тых людзей. Хоць, калі чалавек крыўдзіцца на пародыю, я заўсёды ўзгадваю выдатную фразу пра тое, што «маланка б'е толькі ў вельмі высокае дрэва». Значыць ты зрабіў нешта такое цікавае ці грандыёзнае альбо нецікавае, над чым можна пасмяяцца. У маім жыцці ёсць таксама такі шчаслівы момант — цяпер у КВЗ жартуюць пра мяне. Бываюць такія жарты, што ледзь з канапы не падаю. Але мне нават у галаву не прыходзіць ім тэлефанаваць, высвятляць узаемаадносіны. Я ўдзячны за такую ўвагу. У мяне пачуццё самаіроніі 150-працэнтнае. Люблю смяяцца з сябе.

Проста чалавек, які шмат працуе

— Ці няма ў вас адчування, што вас не да канца ацанілі?

— Я ніколі не назаву сябе «зоркай», бо для мяне гэта страшная пошласць. У нас цяпер куды ні паглядзі — усюды «зоркі». Я проста чалавек, які працуе ў тэатры, у кіно, шмат на тэлебачанні і ведае сваю дарогу, разумее, пра што хоча сказаць.

Калі вы спытаеце гледачоў, якія бачаць мяне ў самых розных амплуа, яны скажуць вам, што розніцы ў тым, аб чым мы гаворым з імі, калі я на сцэне, і пры сустрэчы ў кавярні, на вуліцы, не існуе. Бо я не прыдумляю сабе нейкі вобраз. Ёсць чалавек Саша Алешка, які спявае свае песні, перапявае іншых любімых артыстаў. Дарэчы, мы з Людмілай Гурчанкай размаўлялі неяк, і яна казала: «У кожнай песні, якую я выконваю, ёсць інтанацыі тых любімых артыстаў, без якіх не магу жыць». І мой канцэрт — тая самая эстафетная палачка, дзе я імкнуся дзяліцца словам і музыкай з людзьмі. Нават калі тыя, каму не спадабаецца нешта, зробленае мной, вернуцца да першакрыніцы, да тых артыстаў, якія гэта зрабілі лепш і ўпершыню, то лічу, што я пражываю сваё жыццё недарэмна. Важна падтрымліваць гэтую перапыненую сувязь часоў... На сваім канцэрце часта адказваю на пытанні гледачоў. Раней пра што пыталіся? Вашы творчыя планы, пра што вы чытаеце, якіх аўтараў любіце. Цяпер жа ўсіх цікавіць, колькі артыст зарабляе, хто яго жонка і гэтак далей.

— Зусім нядаўна ў шоу «Адзін у адзін» удзельнічалі тры беларусы — Руслан Аляхно, Анжаліка Агурбаш і Аляксандр Рыбак. Як лічыце, наколькі яны таленавіта паказалі сябе?

— Не бачыў ніводнага іх выступлення, таму што «Адзін у адзін» — гэта праект, паралельны шоу «Кропля ў кроплю». Я не ведаю, як яны сябе ў гэтым жанры праяўлялі. Насамрэч, калі чалавек не ўмее гэтага рабіць, то не значыць, што ён не таленавіты. Проста не кожны можа ўзяць гатовыя фарбы і працаваць з імі. А той, каму ўдаецца, мае магчымасць узбагачацца, развівацца, пражываючы чужы кавалачак жыцця. Мне, напрыклад, было вельмі складана працаваць з вобразам Андрэя Данілкі. Таму што яго паказваюць, калі ён на сцэне, а паказаць, як чалавек жыве па-за сцэнай, больш складана. І тады быў той рэдкі выпадак, калі мне спадабалася тое, што я рабіў.

...Я люблю людзей, якія не сядзяць дома на канапе і не займаюцца асуджэннем іншых, хто «ў тэлевізары», на сцэне, больш паспяховы па жыцці. Я паважаю ўдзельнікаў «Хвіліны славы» (хоць і там бываюць розныя гісторыі), таму што людзі з самых розных гарадоў і краін прыехалі, адстаялі вялізныя чэргі, прайшлі кастынгі, дабраліся да экрана і дабіліся на сцэне сваёй хвіліны прызнання. Там справа не ў славалюбстве. Для іх тыя імгненні — важная падзея ў жыцці, калі яны могуць выказацца. Творчая энергія наогул не дае чалавеку жыць спакойна. Усё, што я маю ў жыцці, заробленае. І я вучуся, спрабую і шукаю, але іду далей. Рабіць памылкі на вачах аўдыторыі — азартная справа. У мяне творчая свабода, і я магу называць сябе шчаслівым чалавекам.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.