Вы тут

Тры фільмы пра свабоду, якія варта паглядзець


Магічнае слова «свабода» ўсё часцей выходзіць за межы паняццяў, якія матэрыяльна ўвасабляюцца. Свабода чалавека, суполкі, слова, душы ці цэлага грамадства — усё ставіць з'яву ў лік абсалютных каштоўнасцяў, прымушае гаварыць пра яе, як пра няўлоўную, ірацыянальную, ледзь адчувальную тэкстуру. Азіраючыся на сакральнае паняцце, мы прапануем паглядзець тры фільмы, што дыхаюць імкненнем да вольнай прасторы вакол сябе фізічнага і сябе духоўнага.

У фільме «Шоу Трумана» Пітэра Уіра, што выйшаў на экраны ў 1998 годзе, галоўны герой у выкананні Джыма Кэры (ён выдатна спраўляецца не толькі з камічнымі персанажамі) становіцца міжвольным удзельнікам грандыёзнага тэлешоу. Перадача, якая ад самага нараджэння адсочвае кожны крок Трумана, яго асабістыя трагедыі, вучобу, сямейнае жыццё, працу страхавым агентам, чыстку зубоў і сон, надзвычай папулярная. Паклоннікі перадачы набываюць атрыбутыку з партрэтам Трумана і плачуць падчас асабліва кранальных момантаў. Сам жа Труман, не ведаючы гэтага, жыве ў свеце, дзе ўсё вакол — бутафорыя. Ён сустракае тых жа людзей, кажа тыя ж словы суседзям з раніцы, набывае газеты ў аднаго прадаўца, а яго жонка часам размаўляе рэкламнымі слоганамі. Момант, калі тайнае стане яўным, паставіць Трумана перад выбарам: заставацца ў свеце, дзе ўсё працуе дзеля яго (штат персаналу тэлешоу сапраўды неверагодны) ці адчыніць дзверы, пераступіць парог і апынуцца ў сапраўдным жыцці.

У мексіканскім фільме 2013 года «Залатая клетка» Дыега Кемада-Дыеса свабода лунае недзе ў паветры. Падлеткі-гватэмальцы накіроўваюцца ад беднасці і бесперспектыўнасці ў іншы свет — у Злучаныя Штаты па амерыканскую мару. У Мексіцы яны сустракаюць яшчэ аднаго хлопчыка і бяруць яго ў сваю кампанію. Бязмежныя раўніны, дахі цягнікоў (таму што на білет няма грошай), невядомыя гарады, закінутыя вагоны — гэта шлях маладых людзей да міфічнага лепшага жыцця, і шлях гэты яны выбіраюць самі, як абутак у краме. Ці магчыма дасягнуць мары, паўстае пытанне. Але галоўнае, якой акажацца запаветная зямля, ці вартай яна будзе тых выпрабаванняў, што прыйшлося прайсці падлеткам?

[caption id="attachment_94018" align="alignnone" width="600"]Стыў рас­соў­вае рам­кі ў філь­ме «Ма­мач­ка». Стыў рас­соў­вае рам­кі ў філь­ме «Ма­мач­ка».[/caption]

Апошні (пакуль што) фільм маладога канадскага рэжысёра Ксаўе Далана «Мамачка» (2014) расказвае пра «нязручнага» 16-гадовага хлопчыка Стыва і яго адносіны з маці Дзіянай. Пасля таго, як яна вымушана забраць яго са школы-інтэрната (на свабоду!), іх адносіны развіваюцца ад абсалютна непрымальных да ідылічных. «Паміж сабой яны бліжэй, чым мужчына з жанчынай», у пачуццях маці і сына ёсць нешта інцэстуальнае, але разам з тым прысутнічае сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці ў Стыва. Тым не менш хлопчык рассоўвае рамкі, што яго абмяжоўваюць, і побач з маці аказваецца на свабодзе. Некаторыя рашэнні і падзеі прывядуць яго да «абсалютнай свабоды», маральная ж ацэнка канцоўкі фільма — справа гледача...

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.