Вы тут

Ровар з праблемамі


Веласіпедысты працягваюць станавіцца ўдзельнікамі дарожна-транспартных здарэнняў. І як раней паведамлялі ў Дзяржаўтаінспекцыі, амаль палова ДТЗ адбываецца па віне гаспадароў двухколавага транспарту. У Мінску іх таксама хапае. У праблеме спрабаваў разабрацца карэспандэнт «Звязды».

«У сталіцы ўсё зроблена для веласіпедыстаў»

Чарговае дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам веласіпедыста зноў адбылося ў сталіцы. Дзесяцігадовы школьнік, жыхар вёскі Шчомысліца, выехаў на праезную частку са сцежкі па вуліцы Ландара (з боку чыгуначных пуцей) і трапіў пад колы маршруткі. Дзякуй Богу, хуткасць на гэтым участку дарогі не была высокай.

— Я размаўляў з яго бацькам, і ён кажа, што сам не разумее, як сын узяў ключы, адамкнуў гараж, забраў веласіпед і паехаў катацца разам з сябрам у Мінск, — кажа Сяргей Маслаў, старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе ДАІ Кастрычніцкага раёна сталіцы. — І тут узнікаюць пытанні. Як можна было са Шчомысліцы паехаць катацца ў Мінск? Нават для дарослага шлях няблізкі... Хлопчык зараз адчувае сябе нармальна. У яго была рваная рана. Наклалі тры швы. Урачы наогул ставілі дыягназ «пералом перадплечча», але ён не пацвердзіўся.

Як кажа Сяргей Маслаў, падобны выпадак для раёна вялікая рэдкасць. «Агулам за першыя 6 месяцаў у Мінску адбылося 11 дарожных здарэнняў з узделам веласіпедыстаў, 11 чалавек атрымалі пашкоджанні рознай ступені. Ніхто не загінуў. І мы стараемся рабіць усё для таго, каб падобныя выпадкі не паўтараліся. Дзеля гэтага праводзім вялікую работу з дзецьмі. Не кажучы ўжо пра дарослых, многія з якіх памянялі чатырохколавы транспарт на двухколавы».

— Да нашага раёна адносіцца пасёлак Сокал, які знаходзіцца за 20 кіламетраў ад горада, — працягвае суразмоўца. — Мы нават і там арганізоўваем працу. Абсталявалі для школьнікаў велапаркоўку, і цяпер дзеці на роварах могуць прыязджаць на вучобу.

Сітуацыю з дарослымі веласіпедыстамі Маслаў таксама не лічыць крытычнай.

— Яна кантралюецца. Мы шмат працуем з падобнай катэгорыяй і ладзім прафілактычныя мерапрыемствы. Ну а да непаслухмяных прымаем адміністрацыйныя санкцыі. Калі інспектар бачыць, што пры наяўнасці веладарожкі веласіпедыст спрабуе выехаць на праезную частку, парушальніка спыняе. На маю думку, у горадзе зроблена ўсё для веласіпедыстаў: і веладарожкі, і спецыяльныя зоны, у якіх можна свабодна пакатацца, не сустракаючыся з другім транспартам. І каб проста пакатацца, месцаў па ўсёй сталіцы хапае. У Кастрычніцкім раёне, напрыклад, веладарожку зрабілі ў раёне вуліцы лейтэнанта Кіжаватава, нанеслі спецыяльную разметку і ўсталявалі знакі.

Шанхайскім шляхам

Ягор Хвайніцкі, 27-гадовы вэб-дызайнер, кажа, што на ровары катаецца ўсё сваё свядомае жыццё, але па вуліцах пачаў ездзіць чатыры гады таму, калі жыў у Шанхаі. Сябе адносіць да аматараў праехацца з ветрыкам, але пры гэтым імкнецца максімальна ацэньваць, што адбываецца вакол цябе.

— У Мінску для веласіпедыстаў створана адна гіганцкая веладарожка, якая пракладзена па адным маршруце. Даволі часта яна праходзіць праз пешаходную частку, а гэта ўжо не вельмі правільна. Бо на дарожках пастаянна бегаюць дзеці, якія ў любы момант могуць апынуцца пад коламі. Дзесяцісантыметровы бардзюр — гэта перашкода не толькі для веласіпедыстаў, але і для інвалідаў. Пры гэтым мне падабаецца, што ў нас з'явіліся велапераходы, на якіх не трэба спешвацца. Дзякуй за гэта! Але, на маю думку, гэта зроблена ў асноўным для турыстаў.

У якасці альтэрнатывы Ягор прапаноўвае шанхайскі варыянт паласы для веласіпедыстаў, якая ад астатняга руху аўтамабіляў аддзелена агароджай. Добры варыянт асабліва для таго, каб папярэдзіць траўматычнасць і нежаданыя сустрэчы пешаходаў з велааматарамі, на якія так часта цяпер наракаюць.

— А як табе мінскія веладарожкі?

— Яны часцяком прызначаны выключна для велапрагулак. Але ў Мінску хапае людзей, якія па розных прычынах не могуць дазволіць сабе аўто альбо проста клапоцяцца пра сваё здароўе. І для такіх людзей маршурт «дом-праца» — гэта не шпацыр праз парк, а паездка па вуліцах горада з мэтай максімальна хутка дасягнуць пункту прызначэння.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.