Вы тут

Спіртнога меней, камер больш


Карэспандэнт «Звязды» даведаўся пра абмежаванне часу па продажы спіртнога, пра магчымае павелічэнне колькасці камер для назірання за парадкам, а таксама пра бяспечны рух веласіпедыстаў на Віцебшчыне.

Калі ў Прыдзвінскім краі забаранілі ўначы рэалізоўваць спіртное, навіну актыўна абмяркоўвалі. Цяпер ёсць новая нагода для дыскусій.

— Ініцыіруем, каб губернатар распарадзіўся забараніць рэалізацыю спіртнога з 21.00 да 9 гадзін раніцы. Ды і днём, упэўнены, трэба паменшыць колькасць месцаў, дзе можна купіць алкаголь. Напрыклад, ля плошчы Перамогі ў парку Пераможцаў створана добрая інфраструктура для сямейнага адпачынку, у першую чаргу для дзяцей. І тут жа прадаюць спіртное з усімі наступствамі. А дзецям мы павінны паказваць зусім іншыя прыклады. Кругласутачна алкаголь больш не прадаецца ўжо некалькі гадоў. Лічу, што гэта было зроблена правільна, бо п'янства — пагроза грамадству. Удумайцеся толькі: кожнае трэцяе злачынства здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янення! А такія злачынствы, як забойства, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, практычна на 80% здзяйсняюцца нецвярозымі, — распавядае начальнік Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, генерал-маёр Віктар СЯНЬКО.

Статыстыка, якую ён агучыў, не можа не ўстрывожыць. Сёлета накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі больш за 570 грамадзян, у тым ліку каля 135 жанчын.

— З кожным годам туды накіроўваем усё больш грамадзян. На ўліку ў медыкаў звыш 20 тысяч чалавек, якія пакутуюць на алкагалізм. Але, думаю, трэба лічбу памножыць мінімум на 10, — заўважае Віктар Сянько.

Каб паменшыць колькасць залежных ад алкаголю, праваахоўнікі прапагандуюць добраахвотнае кадзіраванне. У гэтым напрамку працуюць і з кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў, каб аплачвалі выдаткі. І ў выніку толькі сёлета больш за 3,3 тысячы чалавек добраахвотна звярнуліся да нарколагаў. Паводле ацэнак медыкаў, да 20% у выніку пазбавяцца ад залежнасці з выпіўкай...

Камер відэафіксацыі на Віцебшчыне стане больш.

— Лічу, што іх вельмі мала. Трэба, каб усе зоны адпачынку, уезды і выезды з горада былі пад назіраннем камер з якаснай «карцінкай». Мы падрыхтавалі адпаведны спіс неабходных месцаў іх размяшчэння. Камеры — гэта і прафілактыка парушэнняў, злачынстваў, мінімізацыя колькасці міліцыянераў, якія сочаць за парадкам на вуліцах, плошчах. Такім чынам мы трацім менш грошай і часу на раскрыццё злачынстваў... Школы і дзіцячыя садкі ў першую чаргу павінны быць забяспечаны адпаведным абсталяваннем. Зразумела, што грошай не хапае, але ёсць жа апякунскія саветы, бацькоўскія камітэты. У гэтым кірунку трэба больш шырока выкарыстоўваць пазабюджэтную дзейнасць устаноў адукацыі, — упэўнены Віктар Сянько.

Для прафілактыкі ДТЗ камер над дарогамі стане больш. Станоўчы вопыт Міншчыны, дзе раней служыў суразмоўца, паказвае: калі вадзіцелі атрымліваюць лісткі за перавышэнне хуткасці (з цэнтра фіксацыі правапарушэнняў. — Аўт.), становяцца значна больш дысцыплінаванымі... Змяншаецца і колькасць параненых, забітых аўто на дарогах.

Нядаўна ў Віцебску на праспекце Перамогі з'явілася першая ў горадзе веладарожка даўжынёй некалькі кіламетраў. Але ж, зразумела, што на веласіпедах ездзяць па ўсім горадзе.

— Проста нанесці на тратуарах спецыяльныя знакі, якія будуць указваць, што гэта дарожка для веласіпедыстаў, — не падыход... Патрэбна інфраструктура, пытанне неабходна вырашаць комплексна. Ёсць над чым папрацаваць, — пракаментаваў Віктар Сянько.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.