Вы тут

Па даўгах лепш заплаціць


На сумніўныя пазыкі налічылі каля 25 млрд. рублёў падаткаў.

Сёлета мінчане ўжо пералічылі 3,5 мільярда рублёў у казну ў якасці падаткаў з пазык. Увогуле ў першым паўгоддзі каля паўсотні жыхароў сталіцы пазычалі вялікія сумы грошай, а ў выніку падатковыя інспектары налічылі ім ажно 4,5 мільярда рублёў падаходнага падатку. З іх 3,5 мільярда рублёў ужо ўнесена ў бюджэт.

Адразу нагадаю, што з першых дзён 2015 года беларусам трэба плаціць падаходны падатак з пазык (крэдытаў), якія былі атрыманы ад іншых фізічных асоб, ад замежных арганізацый, што не ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, а таксама ад замежных індывідуальных прадпрымальнікаў. Такое падаткаабкладанне тычыцца тых грамадзян, якія па патрабаванні падатковых органаў павінны падаць дэкларацыю аб даходах і маёмасці.

Напрыклад, калі чалавек рабіў дарагія пакупкі (набываў нерухомасць, аўтамабіль або долю ў бізнесе), але пры гэтым атрымліваў невялікую заработную плату або зусім не меў даходаў. Калі ў гэтым выпадку ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці ён можа паказаць, што рабіў гэтыя пакупкі за кошт пазыкі ў іншай фізічнай асобы, то з гэтай сумы яму трэба будзе выплаціць падаходны падатак. Аплаціць такі падатак па стаўцы 13% трэба ў 30-дзённы тэрмін з дня ўручэння паведамлення ад падатковага органа.

Не абкладаецца падаткам указаная ў дэкларацыі пазыка, калі яна атрымана ад блізкага сваяка: мужа і жонкі, бацькоў, дзяцей, родных братоў і сясцёр, дзядоў, бабак, унукаў, а таксама ад блізкіх сваякоў жонкі ці мужа. Падаходны падатак не бярэцца з сум пазык, атрыманых ад беларускіх арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама крэдытаў, атрыманых у беларускіх банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых установах.

Нагадаем, што такі «падатак на даўгі» трэба аплачваць абавязкова, але, як толькі чалавек разлічыцца па пазыках, выплачаны падатак яму вернуць. Мера непапулярная, але неабходная. Яна ўжываецца ў дачыненні тых, хто ўхіляецца ад падаткаў, агучыла погляд галіны намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка. Паводле яе слоў, пад пазыкамі нярэдка легалізуюцца ценявыя даходы.

Увогуле па ўсёй краіне за першае паўгоддзе падаткавікі налічылі ажно 25 мільярдаў рублёў падатку на такія сумнеўныя пазыкі. Цяпер амаль 9 мільярдаў рублёў такіх падаткаў «даўжнікі» ўжо пералічылі ў бюджэт. За прыватнымі пазыкамі спрабавалі «схавацца» 604 чалавекі. Напрыклад, жыхар Гродна, які пазычыў больш за мільярд рублёў на набыццё нерухомасці, унёс у бюджэт 144 мільёны рублёў у выглядзе падатку.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.