Вы тут

Крыжаванка з 41-га


З 9 дыпломаў рэспубліканскага конкурсу сярод школьных музеяў баявой славы 5 атрымала Магілёўская вобласць.

Прызавыя месцы занялі музеі Кадзінскай і Раманавіцкай школ Магілёўскага раёна, Дараганаўскай Асіповіцкага раёна, а таксама Магілёўскага агралесатэхнічнага каледжа імя Арлоўскага. А пераможцам стала магілёўская сярэдняя школа №34 г. Магілёва.

— Гэта дзякуючы нашай інфарматызацыі, — упэўнена завуч гэтай школы і ідэйная натхняльніца музея Галіна Бяляева. — Усе нашы экспанаты алічбаваныя, і іх можна ўбачыць на школьным сайце. Дарэчы, апошні штодзённа наведвае каля 500-600 карыстальнікаў. Аднойчы нават быў пастаўлены своеасаблівы рэкорд — 9000 наведванняў. Прычым сярод нашых віртуальных гасцей хапае не толькі беларусаў, а яшчэ і расіян, украінцаў, немцаў. Цікавіліся нашымі знаходкамі карыстальнікі з ЗША, Канады, Чэхіі, Вялікабрытаніі і нават з Кітая і Чылі.

Музей насамрэч уражвае. У яго фондах захоўваецца каля 3000 экспанатаў. Але настаўнікі і дзеці не абмяжоўваюцца толькі вайной. Тут хапае каштоўных матэрыялаў па гісторыі Магілёва. Цікавасць да экспанатаў праяўляюць студэнты і нават выкладчыкі МДУ імя Куляшова. А навучэнцы, у тым ліку іншых школ, тут — пастаянныя госці.

Што датычыцца ваеннай тэматыкі, то маецца шмат чаго эксклюзіўнага. Напрыклад, асабістыя рэчы байцоў 290-й стралковай дывізіі. Адзін з былых салдатаў нават перадаў музею рарытэтныя часопісы часоў вайны («Красноармеец», «Огонёк») і пасляваенных («Савецкі воін»).

— Уяўляеце, ёсць асобнікі 1941 года з неразгаданымі да канца крыжаванкамі, — кажа Галіна Беляева. — Мы спецыяльна робім іх ксеракопіі і аддаём дзецям. Там хапае вельмі простых пытанняў без адказаў. Магчыма, баец не паспеў упісаць слова, таму што пачаўся бой.

Нядаўна музей расчыніў свае дзверы пасля рэканструкцыі. За апошнія два гады тут зроблена каласальная праца — адсканаваны і алічбаваны ўсе экспанаты, зроблены сучасны інтэр'ер. Падчас адкрыцця грамадская арганізацыя «Белая Русь» падаравала тэлевізар, які наведвальнікі могуць выкарыстоўваць у якасці манітора, працуючы з музейнымі матэрыяламі.

— Унікальнасць школьных музеяў у тым, што яны існуюць на голым энтузіязме настаўнікаў і іх вучняў, — кажа загадчыца аддзела краязнаўства і пошукавай працы Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Святлана Хадоркіна. — Яны працягваюць хадзіць у экспедыцыі і пастаянна папаўняць свае фонды. Тут ідзе сапраўдная патрыятычна-выхаваўчая дзейнасць без усякага фальшу. Вучні нават пасля школы працягваюць адсочваць лёс калісьці знойдзеных імі экспанатаў. А самыя апантаныя паступаюць на гістфак, каб потым прафесійна заняцца музейнай справай і захапіць сваёй неабыякавасцю іншых.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.