Вы тут

Іерэй Сергій Цімашэнкаў: «Слова «павінен» прыходзіць, калі знікае любоў»


Для мяне гэта чалавек з неспатольнай энергіяй, дарам валодання словам і, што самае рэдкае, —  шчырым жаданнем зрабіць гэты свет крыху лепшым. Я заўжды задаюся пытаннем: адкуль у яго столькі сіл?

Іерэй Сергій Цімашэнкаў кіруе Сінадальным місіянерскім аддзелам Беларускай Праваслаўнай Царквы, служыць у храме ў гонар святога Мікалая Японскага ў Мінску, выкладае місіялогію і асновы царкоўнай сацыяльнай працы ў Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, з'яўляецца загадчыкам лабараторыі місіянерскіх тэхналогій пры згаданай акадэміі. Колькасць людзей, якім ён дапамог і якіх прывёў да веры, складана падлічыць. А сам-насам мы сустрэліся падчас семінара «Місія і міласэрнасць», які з лёгкай рукі айца Сергія праводзіцца ўжо пяты раз і штолета збірае ў Жыровіцах сотню неабыякавых маладых людзей.

31-39

— Айцец Сергій, давайце пачнем з самага галоўнага. Што такое місія і ўвогуле місіянерства?

— Сёння пад словам «місія» маецца на ўвазе ўсё, што хочаце. Місія арганізацыі, мэты яе існавання, ідэі, праграмы. Але ў разуменні праваслаўных місіянерства — гэта сведчанне аб Хрысце і веры. Сведчанне пра тое, што хрысціянства існуе, жыве і развіваецца. Што датычыцца мяне, то я лічу, што місіянерства — гэта свабоднае і натуральнае памкненне хрысціянскай душы, якое немагчыма спыніць. Уявім, што двое сустракаюцца. Адзін цалуе другога. Навошта? Можна сказаць, што гэта проста пацалунак і не больш. Але насамрэч такім чынам мы паказваем сваю любоў. Часам нават больш з-за таго, што не можам стрымацца ад пачуццяў. І незразумела, каму прыемней: таму, хто цалуе, ці таму, каго цалуюць. Так і тут. Нельга сказаць, што місія патрэбна пэўным людзям ці Царкве. Гэта натуральнае жаданне хрысціяніна, праява яго любові.

— Місіянерства — гэта абавязковая частка Царквы?

— Нецаркоўныя людзі малююць сабе такую карціну: місіянеры — сярэднявечныя прапаведнікі, якія некуды едуць па загадзе імператара для таго, каб пэўны народ звярнуць да веры. Часам нават царкоўныя не чулі і не ведаюць, што такое місіянерства. Але зараз у Царкве сталі раздавацца галасы: місія павінна быць, усе абавязаны гэтым займацца. Але такое стаўленне не вельмі адпавядае глыбіннай ідэі місіянерства. Слова «трэба», на мой погляд, адносіцца толькі да тых, хто нясе непасрэдную адказнасць — настаяцеляў і епіскапаў. А астатніх трэба натхняць. Бо «павінен» прыходзіць тады, калі знікае любоў. Мы ж клапоцімся аб сваіх бацьках, сям'і, але лічым гэта звыклым, нармальным, а не абавязкам. Закон патрэбен там, дзе няма любові.

— Ці магчыма місіянерства па-за Царквою?

— Сведчанне пра Хрыста заўжды ідзе ад душы. Але ў той жа час яно не можа быць пазацаркоўным. Усё ж такі Царква наўпрост звязана з традыцыяй, якая заклікае чалавека гаварыць і рабіць у пэўным рэчышчы духу. Таму праваслаўны місіянер ідзе заўжды ад Царквы. Як Бог Айцец пасылае ў свет Сына, той накіроўвае Дух, а Дух, у сваю чаргу, дапамагае апосталам быць пасланым ад Хрыста. Мы працягваем гэтую традыцыю, і атрымліваецца своеасаблівая пераемнасць пасланства. З аднаго боку, унутраная свабода, а з другога — абмежаванне канонамі Царквы, яе іерархічнасцю.

— Па якой структуры будуецца місіянерская праца ў Беларускай Праваслаўнай Царкве?

— Усё пачынаецца з сінадальнага місіянерскага аддзела. Яго задача — размеркаваць адказнасць, аб'яднаць, прасунуць, нават пралабіраваць інтарэсы малых ініцыятыў, якія ў гэтым маюць патрэбу. Абмежаваць шкодныя ідэі. Далей структура разгаліноўваецца ў ведамствы епархіяльных місіянерскіх аддзелаў. Святары, іх кіраўнікі, непасрэдна займаюцца місіянерствам на месцах. Пад іх кантролем усё: ад лекцыі ў школе да злёту ў сотні чалавек. Далей ім дапамагаюць памочнікі па місіянерскай працы благачынных, якія робяць тое ж самае, толькі на ўзроўні раёнаў. На жаль, пакуль гэтая сістэма не да канца ўкамплектаваная, але пэўны прагрэс ёсць.

— Але ж не ўсё можна ўпісаць у пэўныя межы...

— Так, ёсць і місіянерства па памкненні душы міран, якое не так лёгка «ўпісаць» у нейкія вялікія планы місіянерскіх аддзелаў . Тады яны аб'ядноўваюцца ў брацтвы і дзейнічаюць разам. Ці бываюць адзіночныя місіянеры, якіх бласлаўляе святар. Сказаць, што ёсць «ачагі», дзе місіянерскую працу можна вымераць і ацаніць, нельга. Бо ў нас не колькасная мерка, а якасная. Крытэрый накшталт «чым больш людзей прывёў да веры, тым ты лепшы» не дзейнічае. А глыбіня працы місіянера высвятляецца пры размове сам-насам. Часам на ўцаркаўленне аднаго чалавека можа пайсці часу больш, чым на цэлы раён. Гэта не значыць, што нізкі ККД. Бездань унутры нас павінна быць запоўнена. У кагосьці яна непамерна вялікая. Таму тут складана сказаць адназначна.

— Той, хто запаўняе «бездань» — які ён?

— Гэта даволі неадназначнае пытанне. Я б крыху скарэктаваў яго фармулёўку. Лепш сказаць — той, праз каго Гасподзь запаўняе бездань душы чалавека. Я выкажу выключна сваё суб'ектыўнае бачанне. У першую чаргу, гэта чалавек, які гарыць. Ён перапоўнены любоўю і абавязкова ведамі. Ён пастаянна ходзіць па лязе паміж Царквой і светам. Безумоўна, гэта чалавек, які памыляецца. Калі місіянер сустракаецца з кімсьці ўпершыню, то без «асечак» не абысціся — так лёгка не ўгадаць. Але самая галоўная якасць місіянера — гэта неасэнсаванне сябе такім, адсутнасць эгаізму, гордасці. Бо як можна сказаць «Я муж, які любіць сваю жонку» ці «Я добры пісьменнік»? Я, калі шчыра, сябе місіянерам так ні разу і не назваў. Але іншага — так. Маючы на ўвазе, што місіянер — гэта хрысціянін, які актыўна прапаведуе.

І вельмі важна, каб рэпутацыя была як мінімум добрая, але не ідэальна-нерэальная. Зразумела, што вобраз незямнога святара выклікае нейкі страх у людзей. Бо бывае, што звычайны чалавек мае думкі і жаданні, не сумяшчальныя з хрысціянствам, і разумее гэта (напрыклад, хоча змяніць пол), але расказаць пра іх «занадта правільнаму» бацюшку складана. У такіх выпадках чалавека можна перанакіраваць на старонку «УКантакце» іншага святара, жывога і вясёлага, да якога не страшна звярнуцца.

— Вы сказалі «УКантакце», і я адразу ўзгадала, колькі часам агрэсіўных каментарыяў можна сустрэць да матэрыялаў аб праваслаўных на сайтах. Як да гэтага ставіцца місіянеру?

— Гэтая сітуацыя звязана шмат з чым. Напэўна, галоўная бяда — гэта крайняя даступнасць інфармацыі. Калі ўсё імгненна разлятаецца, і кожная мая памылка як святара становіцца вядома ўсім. Па-другое, чалавек, калі знаходзіцца ў інтэрнэт-прасторы, больш разняволены ў сваіх пачуццях. Бо калі ты размаўляеш ужывую, тады складаней разлавацца ці абурыцца. А ў інтэрнэце дастаткова націснуць некалькі кнопак. Таму віртуальная прастора становіцца лёгкім шляхам для таго, каб выліць усё, што ўсярэдзіне. А спецыялісты ў інтэрнэт-сферы змогуць расказаць і пра аплачаны тролінг, і пра заказныя матэрыялы. У любым выпадку тут галоўнае для місіянера — не паддацца эмоцыям, не ўцягнуцца ў бясконцую і амаль заўседы бессэнсоўную дыскусію і не старацца пераканаць у чымсьці іншага. Адзінае выйсце — пастарацца наладзіць дыялог, не кранаць пачуцці другога і, генерыруючы ідэі, выбраць адну, якая сапраўды зацікавіць чалавека. Я прыхільнік нармальнага тлумачэння сваёй пазіцыі, пры гэтым паважаючы погляды іншых.

— Увогуле сучаснае стаўленне грамадства да праваслаўнай Царквы нельга назваць вясёлкавым. Чыя тут віна?

— Мяркую, што сапраўды бывае нагода адмоўна думаць пра святароў. Усё ж такі калі жыццё віруе, адбываецца тысяча падзей, тады і працэнт памылак значна большы. Праваслаўная Царква ў апошняе тысячагоддзе жыве вельмі актыўна, як і яе служкі. Не заўжды атрымліваецца адначасова быць добрым і прыемным для ўсіх. Але нельга атаясамліваць Царкву — Цела Хрыстова — з памылкамі людзей, якія знаходзяцца ў ёй. Як святароў, так і недухоўных. Але бывае і так, што чалавек праецыруе на бацюшку свае грахі. Ведаеце, як у той прыпавесці. Ідзе прахожы, бачыць сілуэт і думае: «Напэўна, хтосьці распуснічае». А пасля пачынае шукаць, як бы самому здзейсніць падобнае. Другі ідзе, бачыць цень і думае: «О, хтосьці збіраецца красці. Тут банк якраз недалёка...» А манах ішоў і падумаў, што чалавек вырашаў застацца адзін, каб памаліцца. Мы бачым адзін і той жа сілуэт, але кожны па-свайму яго ўспрымае.

— Нягледзячы на ўсе складанасці, чаму вы выбралі такі шлях?

— Гасподзь сам выбірае від нашага служэння, і я ніколі не планаваў займацца місіянерскай дзейнасцю. Раней 12 гадоў працаваў са складанымі падлеткамі і дзецьмі-сіротамі. Я разумею, што ў мяне да мяне самога ёсць пэўныя прэтэнзіі. Але няма магчымасці спыніцца на нейкі час для самавыпраўлення, таму прыходзіцца дзейнічаць, нібы запусцілі цябе ў раку — і плыві, як можаш. Думаю, што ўсё адбылося так, як і мае быць. У мяне быў нехрысціянскі перыяд жыцця, і без яго мяне сённяшняга ўявіць немагчыма. Калі я заклікаю людзей не рабіць пэўных памылак, то, паверце, я ведаю, пра што кажу.

— А як атрымліваецца сумяшчаць такое служэнне і сям'ю?

— Не думаю, што ў мяне гэта сапраўды атрымліваецца. Гэта заўжды кампраміс паміж роллю таты, мужа, гаспадара і працай. Як сістэма крэдытаў: пазыч мне зараз адно, я табе вярну ў іншым месцы і часе іншае. Прыходзіцца ўсё часцей забіраць час у сям'і, каб патраціць яго на штосьці іншае. Адзінае, з-за каго гэта магчыма, — гэта мая жонка, мая другая палова. Я сустракаю па жыцці шмат людзей і адэкватна іх ацэньваю. Але тую колькасць клопатаў, якая ляжыць на ёй, шматдзетнай маці, наўрад ці пад сілу падняць хоць аднаму з іх. Адкуль у яе столькі сілы? Не кажу, што ўсё заўжды гладка. Вялікія царкоўныя справы, як танкавая гусеніца, праходзяць па нашай сям'і. Пасля чаго нашы адносіны патрабуюць натхнення, адпачынку і аднаўлення.

І яшчэ. Місіянерская праца не мае амаль нічога агульнага з матэрыяльным дастаткам. Але ёсць пэўнае нябеснае апекаванне, якое ратуе ў самых, здавалася б, бязвыхадных сітуацыях. У мяне ішло будаўніцтва дома, а я замест таго, каб ім займацца, аддаваў час царкоўным справам. Сітуацыя абвастралася, і акурат у гэты момант прыйшлі людзі, якія сказалі, што ведаюць пра маю праблему і згодны паўгода бясплатна папрацаваць. Гучыць неверагодна, праўда? Адчуванне, што ляціш на высокай хуткасці, трымаеш стырно, рэзка паварочваеш — а там яшчэ цікавей. І хто ведае, колькі такіх паваротаў чакае наперадзе?..

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Іншыя матэрыялы рубрыкі «Сам-насам»:

Міхаіл Арцем’еў: «Беларускія вучоныя мазгавітыя і працаздольныя»

Ікар свайго часу (гутарка з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам)

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.