Вы тут

«Пра нашу працу можна і кіно зняць»


Карэспандэнты «Звязды» даведаліся, як на перыферыі працуецца ўчастковым інспектарам.

Раніца працоўнага панядзелка. Я сяджу ў кафетэрыі ў Смалявічах, п'ю гарбату і бачу, як амаль кожны трэці наведвальнік вітаецца з прадаўцом, нешта абмяркоўвае. Асаблівасць такіх гарадкоў у тым, што кожны пра ўсіх ведае ўсё. А інфармацыя па «сарафанным радыё» распаўсюджваецца з аднаго канца мястэчка ў другое вокамгненна. Вось і задумаўся: навошта мясцовым здзяйсняць злачынства, калі трымаць у таямніцы яго будзе амаль немагчыма? Тым не менш працы ў смалявіцкіх праваахоўнікаў хапае. Вось і на працоўным стале ўчастковага інспектара Віктара Шыліна, з якім сустрэліся праз паўгадзіны, — «боль грамадзян», ладны стос матэрыялаў, з якімі за сёння трэба разабрацца.

31-34

Ад мардабою да самагонкі

— Жанчына спрабавала скрасці 450 грамаў вадкага мыла на птушкафабрыцы. Склалі пратакол. На лецішчы адчыніліся вароты, падрапалі мужчыну машыну — таксама напісалі заяву, — гартае матэрыялы Віктар Шылін, які на працы сёння ўжо з 8:30. — Нехта падчас распіцця спіртных напояў атрымаў у твар і зняў пабоі...

— Усё як паўсюль. А што з сябе ўяўляюць Смалявічы ў крымінальным сэнсе?

— Я не сказаў бы, што наш горад літаральна гудзе ад злачынстваў. Не, правапарушэнні галоўным чынам адбываюцца на лецішчах, якія ёсць у кожным сельсавеце. Там пастаянна нешта крадуць. Летам — закаткі, зімой — тэхніку, будматэрыялы. А ў райцэнтры цяпер прысвойваюць пераважна веласіпеды.

— Дык навошта гэта рабіць, калі ўсе адзін аднаго ведаюць?! Тым больш ровар лёгка ідэнтыфікаваць.

— Мясцовасць і сапраўды кампактная, але ўсё ж такі знаходзяцца тыя, хто вырашыў паквапіцца на чужую маёмасць. Выпадкі хуліганства таксама здараюцца. Вось нядаўна на старых могілках вандал патрушчыў помнікі, але яго хутка знайшлі.

Участковым інспектарам Віктар Шылін працуе ўжо тры гады. Кажа, што ў міліцыю пацягнула яшчэ падчас службы ў войску. За яго плячыма ўжо была сельскагаспадарчая адукацыя, аднак гэта зусім не перашкодзіла змяніць сваё жыццё. Цяпер у міліцыі адказвае за цэлы Пекалінскі сельсавет. Ён там як мясцовы Аніскін: яго ў вёсцы ведаюць усе, нумар тэлефона і фотаздымак размешчаны ў краме. А таму, калі што, не цураюцца тэлефанаваць участковаму нават уначы. Сам Віктар, дарэчы, жыве ў вёсцы Курганы і мясцовыя праблемы ведае добра.

31-25

— Вы ўжо адчулі, у чым уся цяжкасць працы вясковага ўчастковага міліцыянера?

— Участковы — гэта ўніверсальны салдат. Ён мусіць умець працаваць у розных кірунках. Трэба быць і добрым псіхолагам, у залежнасці ад сітуацыі размаўляць больш сурова ці мякка. Цяжкасць, насамрэч, адна — вялікая нагрузка. Праўда, у густанаселеных гарадах, як мне здаецца, ва ўчастковых працы яшчэ больш. Там і менталітэт у людзей іншы. Але Пекалінскі сельсавет адносна спакойны.

— Аднак вы ведаеце, колькі легендаў, напрыклад, ходзіць пра сельскія дыскатэкі?

— Так, і ў вёсцы Кляннік невядомыя ў масках нядаўна прыехалі на дыскатэку, збілі мясцовага дыджэя, пашкодзілі яго машыну і з'ехалі. На Новы год моладзь таксама бадзялася па вёсцы да самай раніцы.  Мне тэлефануюць і кажуць, што «ў нас мардабой».

— У вас няма адчування, што многія падобным займаюцца таму, што адчуваюць беспакаранасць за свае ўчынкі?

— Не, людзі ўсё ж такі разумеюць, што за правапарушэнне пагражае адказнасць, штраф. А зарплаты ў многіх цяпер невялікія, таму многія сталі больш стрыманымі, дысцыплінаванымі.

— П'янства на вёсцы, відаць, праблема актуальная?

— Раз на месяц праводзім у вёсцы з удзелам грамадскасці пасяджэнне савета прафілактыкі. Выклікаем праблемных жыхароў. Кожны месяц прыходзяць амаль адны і тыя ж людзі. Большасць злачынстваў, хатніх скандалаў тут адбываюцца з-за п'янства. Падобныя пратаколы складаю пастаянна. Апошні — літаральна тыдзень таму. Затрымалі аднаго не вельмі добрага чалавека: буяніў, крычаў, лез біцца да жонкі.

— У лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіроўваеце такіх персанажаў?

— Накіроўваем, але многія вяртаюцца і не могуць адаптавацца да нармальнага жыцця. Адзін мужчына пасля вяртання ў п'янках не быў заўважаны, але на працу ўладкавацца не можа. Кажа, што з-за ЛПП ніхто браць яго не хоча. Не ведаю, што будзе. Трэба ўсё ж такі пад'ехаць у якую-небудзь гаспадарку, пагаварыць, каб працаўладкавалі. Калі не атрымаецца, будзем прымаць іншыя меры.

— З самагонаварэннем таксама прыходзіцца змагацца?

— У мяне на яго ўжо нюх. Калі адчуваеш пах, міма дома не пройдзеш. Не люблю, калі пачынаюць хлусіць. Быў адзін эпізод нядаўна. Чую, што пахне самагонам, заходжу ў дом, а гаспадары мне кажуць, што ніякага самагона ў іх няма. Праходзім на кухню, а там уключана пліта, стаіць вялізны бідон і вадкасць з трубкі ў слоік капае.

— А дзе цяпер звычайна хаваюць самагонку?

— У хлявах, лазнях, гаспадарчых прыбудовах. Прыкрыюць дровамі і думаюць, што нічога не відаць. Але пах усё роўна ўсё выдае. Часам нам тэлефануюць неабыякавыя людзі і дакладна распісваюць, дзе, хто гоніць самагонку. Ну а нехта проста на кагосьці крыўду мае, што не пазычыў шклянку, вось і здаюць сваіх «знаёмых».

31-35

— А ці становяцца жанчыны прычынай буйных сварак?

— Ёсць у мяне адна сям'я ў вёсцы Слабада. У іх там сапраўдная «Санта-Барбара». Здавалася б, людзі немаладыя. Але калі здараюцца рознагалоссі, ён збіраецца і ідзе на другі край вёскі да сваёй палюбоўніцы. Ну а пасля мне тэлефануе гэтая жанчына і кажа: «Зрабіце што-небудзь! Яго жонка прыбягае, скандаліць і папракае, што я звяла мужыка. А я ж не вінаватая. Ён сам прыходзіць!». Праўда, ужо некалькі месяцаў навін ад іх няма. Спадзяюся, памірыліся.

Аб нашай працы можна зняць кіно! Толькі трэба матэрыялу сабраць, пасядзець, падумаць, а так фільм можа нядрэнным атрымацца.

Таварыш С. любіць горкую

На гадзінніку каля 12. Разам з Віктарам Шыліным садзімся ў яго службовы «джылі» і едзем у невялікую вёску Заказінец праведаць мясцовага жыхара, які знаходзіцца на прафілактычным уліку ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Ён працуе вартаўніком на мясцовай ферме, але кіраўніцтва часам тэлефануе ў міліцыю і скардзіцца, што пасля атрымання заробку не прыходзіць на працу. Ён не буяніць, але выпіць любіць.

Дом, дзе жыве мужчына, здаецца недабудаваным. Хаця ўсё наадварот. Да такога стану яго давёў сам гаспадар. Вокнаў няма. Аконныя праёмы залеплены поліэтыленам. На стук у дзверы адчыняе сам гаспадар — сталы мужчына, з выгарэлымі ад курэння вусамі.

— Нейкі час піў бязбожна, — кажа ўчастковы міліцыянер, стоячы на парозе хаты.

— Але справіўся, — перарывае яго наш суразмоўца. — І ніякіх спрэчак няма. Так, піў раней. Раней жа «брыгада» была, — у голасе С. пачуліся ноткі настальгіі. — А цяпер усе закадзіраваліся.

— А вы чаму гэтага не зрабілі?

— А навошта, калі бачу, што не дапамагае. Праходзіць нейкі час, людзі зрываюцца, а пасля ходзяць з такімі галовамі, — кажа мужчына і малюе рукамі над сабой галаву памерамі з вялізны кавун.

Вартаўнік абяцае, што абавязкова сёння выйдзе на працу а сёмай вечара, і вяртаецца ў дом, дзе яго чакае абед ці запознены сняданак.

— Праца ў нас складаная, але мне яна падабаецца, — на адваротным шляху ў Смалявічы кажа Віктар Шылін. — Няхай гэта і гучыць пафасна, але мне насамрэч хочацца прыносіць карысць людзям, дзяржаве. Ёсць у мяне пэўныя мэты, звязаныя з працай. Некаторыя з іх ужо ажыццявіліся. Але адно магу сказаць дакладна: назад дарогі ўжо няма.

Тарас ШЧЫРЫ,

Смалявіцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.