Вы тут

Сучаснікі: ці ўглядаемся мы ў іх?


Партрэты вялікіх памераў даюць адчуванне людзей у часе.

Назва гэтай выставы нязвыкла немудрагелістая: «Партрэт сучасніка». Для музея сучаснага выяўленчага мастацтва нават вельмі простая. Але пад гэты «партрэт» аддадзена вялікая зала музея — тут размясцілася персанальная выстава мастака Аляксандра Салівончыка. Імя для нас новае. Не дзіва: жыве мастак у нямецкім Дармштаце. Але памятае, што яго станаўленне як мастака пачыналася ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава, куды паступіў юнак з украінскага Новавалынска. Школа мастацтва — гэта як школа жыцця. Калі яна добрая і дае шмат, то ніякім чынам пра гэта не забудзешся, дзе б ні быў. Аляксандр Салівончык пакінуў Беларусь у 1980-х, амаль не выстаўляўся тут. Але гэтая выстава ставіць яго ў лік айчынных мастакоў: паводле таго, што ён стварае, і паводле таго, як.

01-16

Ужо на ўваходзе ў залу вы бачыце нейкі неверагодны партрэт. Па-першае, вялізнага памеру, без рамкі, нібыта проста выразаны аднекуль фрагмент. Можа быць, частка нейкага калектыўнага партрэта. Гэты вялізны твор адразу хочацца разгледзець: цёмныя рысы нейкага старца, яго погляд і зморшчынкі. Сучаснік? Наш?.. Але нешта такое, што расцякаецца па ўсім партрэце, дае зразумець, што ён не літаральны, не канкрэтны. Што тут не чалавек, а чалавечы дух схаваны, але ўлоўны. У цёмным — цёплае, мяккае святло. Светлых фарбаў нібыта мала, а партрэт зацягвае гэтай мяккасцю. Ідзеш далей. І далей у зале партрэт за партрэтам складаюць агульны партрэт. Творы нават без назваў — не трэба. Бо гэта агульны вобраз. Чалавека, які існуе ў часе вельмі супярэчлівым. У часе, які скрыўляе прастору, асобу. Але нешта няўлоўна-чалавечае прарываецца ўсё роўна, можа быць, скрозь іншае вымярэнне, дзе чалавечае ўжо не ў модзе, але паспрабуй ад яго пазбавіцца зусім!..

01-15

— Калі я ўбачыў гэтыя магутныя работы, то спытаў: а дзе творы для мяне? — разважае калекцыянер і супрацоўнік Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Андрэй Плясанаў. — Я думаў пра тое, каб гэта засталося ў гісторыі Беларусі. Таму што Аляксандр Салівончык — чалавек неверагодны. Нягледзячы на тое, што з ім пасля заканчэння вучылішча імя Глебава ўсё было ў парадку — і рука на месцы, і густ, і вока — ён чамусьці паехаў у Маскву і вучыўся на факультэце кніжнай графікі ў паліграфічным інстытуце. Але і пасля яго заканчэння Аляксандру было мала, ён паехаў у Германію і там яшчэ скончыў мастацкі інстытут «Штэдэль» у Франфуркце-на-Майне. Ён цудоўны мастак, і сёння гэта прадэманстраваў.

— Мяне не дзівіць, што ён пасля вучылішча паехаў у Маскву, — адзначыў старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца. — Таму што Маскоўскі паліграфічны інстытут — гэта найвышэйшая школа мастацкага густу. Тыя людзі, якія вучыліся ў гэтым славутым інстытуце, вызначаюцца вельмі цікавым мастацкім бачаннем, неардынарным мысленнем і вельмі тонкім мастацкім густам. Што таксама ёсць у гэтых працах. Сёння ідуць дыскусіі паміж нашымі маладымі «актуальшчыкамі», якія думаюць, што мастацтву не трэба вучыцца, дастаткова заявіць пра сябе як пра мастака. Усё ж трэба вучыцца, таму што невука відаць ва ўсім, у любой справе. Але я не адмаўляю магчымасці з'яўлення геніяў, якія нідзе не вучыліся, такіх як Пірасмані, як Алена Кіш, Язэп Драздовіч (гэта як у фальклорных спевах: мы можам назваць геніяльныя прыклады, але іх нельга параўноўваць з сімфанічнай музыкай). Але на гэтай выставе мы бачым прыклад, як можна быць і традыцыйным, і актуальным, і сучасным. Я шчыра радуюся гэтай выставе, таму што для сябе зрабіў адкрыццё добрага мастака. Мне заўсёды ўсё незвычайнае і высокамастацкае хацелася б бачыць у кантэксце нашай нацыянальнай культуры. Урэшце яно такім і становіцца. Гэтая выстава заяўляе пра мастака, каб мы пра яго не забыліся, нават калі ён пасля зноў ад'едзе надоўга. Гэта тая з'ява, якая зафіксуецца ў нашым арт-працэсе, таму што яна таго вартая. І варты мастак, каб сапраўды замацаваць сваё імя ў нашай нацыянальнай мастацкай прасторы. Гэта вельмі хораша, што чалавек, які жыве далёка ад Беларусі, памятае пра сваіх настаўнікаў, якія яго зрабілі мастаком. Гэта высока па-людску.

Пра школу мастацтва і асабіста навучанне Аляксандра Салівончыка гаворка зайшла нездарма. Сваю персанальную выставу ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, аўтар прысвяціў свайму настаўніку ў Мінскай мастацкай вучэльні імя Глебава Алегу Вікенцьевічу Луцэвічу. Чалавеку, які фактычна ўвёў у мастацтва. Выстава была задумана і рыхтавалася яшчэ пры жыцці Алега Вікенцьевіча, і настаўнік пра яе ведаў, нават бачыў некаторыя працы для яе паўгода таму. Яго не стала ўжо ў 2015 годзе. Але аўтар не стаў нічога мяняць: засталося прысвячэнне, толькі ўжо ў памяць пра настаўніка і чалавека.

Мастак Аляксандр Салівінчык на адкрыцці не ўтойваў сваіх пачуццяў:

— Мне цяпер вельмі добра. Я зрабіў выставу, якую хацеў. З думкамі пра Алега Вікенцьевіча, у памяць пра тыя гады, якія я ў яго вучыўся. Я развіваўся як творца на тым падмурку, што ён заклаў у мяне: гэта прасторавае бачанне, цэльнае маляванне. Тое, што было дадзена аднойчы, але на ўсё жыццё засталося. Калі я нешта раблю, то дзякуючы гэтаму. Так, я потым яшчэ шмат вучыўся ў Маскве ці Франкфурце, але скептычна ставіўся да таго, што мне казалі там, я правяраў выкладчыкаў па Алегу Вікенцьевічу. Ён быў сапраўдны ва ўсім. Я сёння ранкам устаў і пачаў з таго, чаму ён навучыў мяне: зрабіў прабежку. А потым перад адкрыццём выставы яшчэ адну прабежку. Ён рыхтаваў не толькі спецыялістаў, мастакоў, ён хацеў, каб нам па жыцці было не так цяжка. Ён рыхтаваў нас да таго, што быць мастаком — гэта ў нечым подзвіг. Таму чалавек павінен быць загартаваны і гатовы да яго.

Можа, таму, што быў такі настаўнік, Аляксандр Салівончык і аказаўся гатовы да рознай працы ў розных канцах свету. У 1990-я гады лёс закінуў у ЗША, дзе ён займаўся рэстаўрацыйнымі работамі ў Чыкага. Потым вярнуўся ў Еўропу, у Германію, дзе меў шмат выстаў. Але калі паглядзець на творы, выстаўленыя цяпер у Мінску, то зразумела: радзіма і пачатак нікуды не падзеліся. Яны прарываюцца скрозь адлегласці і нават вымярэнні.

Нават у выставы «Партрэт сучасніка» некалькі вымярэнняў. Адно з іх — на першым паверсе. Тут пануюць людзі. Мудрацы і пакутнікі. Малітоўнікі і тыя, хто ў жыцці аддае перавагу яркім фарбам. Тыя, хто адчувае паветра, і тыя, каму яго не хапае. І паветра, здаецца, можа адчуць: мастак выкарыстоўвае для гэтага не толькі колеры (хоць яўна аддае перавагу некаторым з іх), ён стварае фактуры з дапамогай фарбаў — і прастора сапраўды змяняецца, адкрываючы іншае адчуванне вобразаў. Вось чаму гэта партрэт, хоць іх шмат: партрэт эмоцый. Яны ўнутры. Але выходзяць вонкі. Бягуць за табой. Сочаць, нібыта вочы таго самага першага сустрэтага ля ўваходу старога мудраца. І далей — іншае вымярэнне, на другім паверсе. Тут пануюць пейзажы. Быццам размытыя. Так, з колерамі, але і ў іх галоўнае — эмоцыя, якую заклаў аўтар. Эмоцыя, якая нараджаецца ў нашым сучасніку. Пра яго часта разважаюць, як пра чалавека прагматычнага, рацыянальнага, разумовага, які абстрагуецца да эмацыянальнага пачатку. Нічога падобнага. Прывядзіце такога на выставу — і ён дасць волю сваім эмоцыям. Так ці інакш абавязкова дасць. Так вы ўбачыце рэальны партрэт нашага сучасніка, літаральна ў гэтай зале. І не толькі ў творах, якія месцамі закрываюць сцяну ад столі да падлогі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.