Вы тут

«Зорныя войны» ў суправаджэнні капэлы


 Заключным канцэртам сезона магілёўскай гарадской капэлы дырыжыраваў дыпламат з Венесуэлы.

Безимени-1

 

 

 

Херарда шчыры і з музыкантамі, і са сваімі паклоннікамі.

Першы сакратар Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Херарда Эстрада Марцінес — чалавек рознабаковых інтарэсаў. Але ў першую чаргу ён усё ж такі музыкант, які дырыжыраваў славутымі аркестрамі шматлікіх краін свету. Сяброўства з Магілёвам пачалося 5 гадоў таму з міжнароднага фестывалю «Магутны Божа». Праз пэўны час ён прыехаў у горад ужо ў якасці дыпламата з намерам развіваць не толькі культурныя, але і эканамічныя сувязі. Што датычыцца магілёўскай капэлы, то тут завязаліся па сапраўднаму братэрскія адносіны. Нядаўні канцэрт — агульны праект Херарда Эстрада, гарадской капэлы і непасрэдна яе кіраўніка Сяргея Лішчэнкі, рэалізаваны пры дапамозе Пасольства Венесуэлы і лаціна-амерыканскага цэнтра культуры імя Сімона Балівара. Для аматараў добрай музыкі ён стаў прыемным сюрпрызам. Ахвотнікаў наведаць яго знайшлося столькі, што замест аднаго запланаванага канцэрта прыйшлося даваць два.

Каля дзвюх з паловай гадзін магіляўчане атрымлівалі асалоду ад рытмаў хітовых кампазіцый да вядомых мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў. Уражанні ўзмацняў відэарад, зроблены па іх матывах. А калі на экране з'явіліся кадры з «Зорных войнаў», у руках Херарда замест дырыжорскай палачкі з'явілася нешта падобнае на неонавы цацачны меч — накшталт таго, якімі змагаліся героі стужкі. Наогул ён так самааддана працаваў на канцэрце, што, здавалася, сам адчуваў сябе героем кожнага з фільмаў.

— Адзін з маіх любімых — «Жыццё цудоўнае» — там вельмі глыбокі сэнс, — падзяліўся з карэспандэнтам «Звязды» Херарда Эстрада пасля канцэрта. Яго ўвагу час ад часу адцягвалі ўдзячныя гледачы, і ён з уласцівай яму лаціна-амерыканскай экспрэсіўнасцю паспяваў прымаць падзякі, абдымацца з паклоннікамі, фатаграфавацца на памяць і працягваць размову. — А было, што я ведаў музыку, а фільм не глядзеў. Таму знаёміўся з ім падчас падрыхтоўкі канцэрта. Адбор вёўся ў першую чаргу па музыцы. А ролікі дзеля таго, каб было зразумела, што адбываецца. Мы хацелі зрабіць прыемнае людзям розных густаў, таму ў праграме ёсць як вельмі энергічныя кампазіцыі, так і спакойныя.

— Ці цяжка сумяшчаць дыпламатычную працу з такімі вось канцэртамі?

— Я працую ў культурнай сферы, арганізую мерапрыемствы па ўсёй Беларусі — канцэрты, выставы... Музыка і дыпламатыя маюць шмат агульнага. Праз музыку можна пазнаёміцца з народам, лепш пазнаць адно аднаго. Праз музыку можна зрабіць свет лепшым і мацнейшым. Для нас гэтая работа вельмі важная. А ў Магілёве я адчуваю сябе як дома, мне прыемна працаваць з капэлай, у нас вельмі добрыя стасункі прафесійныя і чалавечыя, бо яны выдатныя музыканты, працуюць ад усяго сэрца, ад усёй душы. Мне гэта імпануе.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».