Вы тут

Манах са Слонімшчыны дапамагае алкаголікам і іх сем'ям вяртацца да цвярозага жыцця


Місія па выратаванні.

Жыровіцы — месца ўнікальнае. Штодзень у Свята-Успенскі манастыр прыязджаюць дзясяткі людзей. Адны хочуць убачыць архітэктуру ХVІІІ стагоддзя, іншыя — пакланіцца цудатворнаму абразу Божай Маці Жыровіцкай. Ёсць яшчэ адна катэгорыя наведвальнікаў, пра якую ў турыстычных даведніках пісаць не прынята. Алкаголікі і іх сем'і прыходзяць да тутэйшага іераманаха Агапія па дапамогу. Духоўны складнік у барацьбе з залежнасцю іграе не апошнюю ролю. Праўда, адной малітвы недастаткова.

[caption id="attachment_94241" align="alignnone" width="600"]IMG_1813 копия Іераманах Агапій і дырэктар цэнтра “Анастасіс” Віталь Пашкевіч вітаюць адзін аднаго як старыя сябры.[/caption]

Лёгкіх рэцэптаў выздараўлення няма

З братам Агапіем мы сустрэліся ў цяністым манастырскім дворыку. Пакуль астатнія наведвальнікі жыровіцкага комплексу знаёміліся са святыняй, мы гутарылі з іераманахам: пра вытокі алкагалізму, ілжэахвярнасць родзічаў хворых і лёгкія рэцэпты выздараўлення.

Актыўна працаваць з залежнымі духоўнік пачаў пяць гадоў таму. Расказвае, што жаданне дапамагаць іншым спрабаваў рэалізаваць у розных сферах. Сустракаўся з анкахворымі, ездзіў да вызваленых з турмаў. Аднак карысці ў гэтым было мала: праблемы тых людзей брату Агапію аказаліся незнаёмымі. З алкагалізмам сітуацыя іншая. Бацька іераманаха быў ласы на моцныя напоі, праз спіртное памёр брат. Наш суразмоўца ўзгадвае, як прыехаў на яго пахаванне і ўбачыў стол, застаўлены гарэлкай:

— Чалавека ж не стала праз гэта, давайце ўшануем яго памяць проста малітвай! Не, у нас без алкаголю не могуць. Я ўцякаў з таго пахавання.

Каб авалодаць тэмай дасканала, брат Агапій вывучаў спецыялізаваную літаратуру і методыкі барацьбы з залежнасцю. У сваёй працы духоўнік абапіраецца, у прыватнасці, на праграму "12 крокаў", распрацаваную для ананімных алкаголікаў і і'х сем'яў. Прызнаецца, што, калі пачынаў займацца гэтай праблемай, былі моманты адчаю: "Я спрабаваў актыўна навязваць свой досвед. Але бачыў, што нічога не атрымліваецца. Людзі па-ранейшаму пакутавалі ад залежнасці і не чулі мяне. У такія моманты было цяжка: я ж ім усё патлумачыў, чаму яны не здаравеюць?.."

Іераманах распавядае, што многія з наймальнікаў, каб не страціць добрых, хоць і запойных, спецыялістаў, масава накіроўваюць супрацоўнікаў на кадзіроўку і гатовы аплачваць гэтыя сеансы. Праўда, вынікі ўкладзеныя грошы не апраўдваюць. "Чаму не працуе кадзіроўка? За адзін дзень свядомасць не зменіш, — мяркуе брат Агапій. — Да алкаголю нас прывучылі з дзяцінства. Дні народзінаў, хаўтуры, хрэсьбіны, прыезд сваякоў — заўсёды было спіртное. Мы не ведаем іншага вопыту перажывання радасці і гора".

Манастыру, дарэчы, праблема алкагалізму блізкая не толькі таму, што залежныя людзі шукаюць у святыні дапамогі. Запоі бываюць і ў паломнікаў, і ў "труднікаў", і нават у некаторых манахаў. Калі мужчына да таго, як прыняў пострыг, не меў вопыту ўцаркаўлення, яму цяжка адразу далучыцца да духоўнага жыцця, якое патрабуе манастыр. Штодзённыя службы, працяглыя пасты — чалавек вонкава прытрымліваецца новага рэжыму, але ўсярэдзіне да яго не гатовы. Таму і шукае палёгкі ў гарэлцы.

Назапасіўшы веды і вопыт па праблеме залежнасці, брат Агапій напісаў кнігу, якая магла б быць карыснай алкаголікам і іх сем'ям. Але пакуль не можа знайсці выдавецтва, дзе захацелі б яе надрукаваць.

— Выдаюць тое, што можна добра прадаць, — кажа духоўнік. — Людзі ахвотна купляюць кнігі з лёгкімі рэцэптамі вылячэння. Але ж я не магу хлусіць: ад алкагалізму такіх рэцэптаў няма.

Хвароба залішняй апекі

Родзічы алкаголіка — асобная тэма. З мамамі і жонкамі залежных брат Агапій працуе нават часцей, чым з самімі хворымі. Тлумачыць жанчынам, як трэба сябе паводзіць, каб алкаголік сам захацеў жыць цвяроза. Напрыклад, менш завіхацца вакол п'янага сына ці мужа.

— Сваякі любяць ратаваць алкаголікаў, — заўважае наш суразмоўца. — "А як інакш, ён жа без нас прападзе!" Яны здымаюць з залежнага ўсю адказнасць. Разумееце, Бог не будзе выбіваць чарку з рук. Ён можа дазволіць панесці востры боль за ўчынкі і адняць благадаць. Але жонкі і маці нейтралізуюць гэта. Чалавек пасля запою прачынаецца — чыстае адзенне акуратна складзена, боршч з катлетамі прыгатаваны. Усё ў парадку, можна піць далей. Неяк адна жанчына, якая звярталася па дапамогу, вельмі слушна заўважыла, што алкагалізм — гэта хвароба залішняй мацярынскай апекі. Сапраўды так. Пакуль побач будуць клапатлівыя жанчыны, якія аплацяць штрафы, накормяць і спаць пакладуць, алкаголік не адмовіцца аб бутэлькі.

Пры такім раскладзе піць аказваецца выгадна. Гэта з цвярозага патрабуюць заробак прыносіць і гаспадарку даглядаць, а з алкаголіка што возьмеш? Увогуле ў такіх сем'ях выпівоха становіцца цэнтрам увагі. Брат Агапій прыгадвае адзін выпадак. Да яго на прыём прыйшлі маці і сястра залежнай. Усе размовы маткі — толькі пра дачку-алкагалічку.

— А калі вы ў апошні раз хадзілі ў госці вось да гэтай дачкі, якая побач сядзіць? — спытаў духоўнік.

— Навошта? У яе з мужам і так усё добра.

Змяніць тактыку паводзін гатовы нямногія. Сваякі залежных, як і самі алкаголікі, у асноўным не хочуць працаваць над сабой і спадзяюцца, што праблема ў сям'і як-небудзь сама вырашыцца. Некаторыя прыходзяць да іераманаха і спадзяюцца атрымаць малітву ці бутэльку святой вады, якія ў момант ад хваробы пазбавяць. Праўда, такіх цудадзейных сродкаў ні ў Жыровіцкім, ні ў іншым манастыры няма.

[caption id="attachment_94242" align="alignnone" width="600"]Таццяна знаходзіцца ў цэнтры 8 месяцаў. Нядаўна яна стала кансультантам - дапамагае навічкам асвойвацца. Таццяна знаходзіцца ў цэнтры 8 месяцаў. Нядаўна яна стала кансультантам - дапамагае навічкам асвойвацца.[/caption]

Працатэрапія і максімальная ізаляцыя

Раней жыровіцкія духоўнікі бралі на перавыхаванне асобных залежных. Алкаголік жыў пры манастыры, бясплатна працаваў там і вучыўся стрымліваць сябе. Па словах брата Агапія, апошнім часам ад такой практыкі адыходзяць:

— Вынікаў не відаць. Вось прыехаць "труднікам" да нас пасля рэабілітацыйнага цэнтра, каб замацаваць эфект, — гэта іншая справа. Тут непадалёк, дарэчы, ёсць адзін праваслаўны цэнтр, можам заехаць паглядзець.

Брат Агапій хутка адшукаў машыну, і ўжо праз некалькі хвілін мы імчымся па вясковай дарозе. З аўтамабільнай магнітолы гучаць праваслаўныя напевы, за вокнамі рассцілаюцца кукурузныя і пшанічныя палі. Атмасфера што трэба.

Рэабілітацыйны цэнтр "Анастасіс" знаходзіцца ў вёсцы Сасноўка, амаль у 40 кіламетрах ад Жыровіц. Звонку ён мала падобны на сучасную клініку. У 2011 годзе Слонімскі райвыканкам перадаў манастыру закінуты будынак былога інтэрната, у якім і адкрылі цэнтр. Рамонтам памяшкання заняліся самі рэабілітанты.

— Мы ўвялі працатэрапію, усяго тры гадзіны на дзень, — расказвае дырэктар цэнтра Віталь ПАШКЕВІЧ. — Усё тут зроблена рукамі "нашых"алкаголікаў. Яны ставілі дзверы, шпатлявалі сцены. Быў чалавек, які ў нас навучыўся будаўнічым работам і цяпер у Мінску рамантуе кватэры. Ведаю, што ў некаторых рэабілітацыйных цэнтрах працатэрапія — гэта мыццё лесвіц. Самі разумееце, што такі занятак не надта натхняе... А тут людзі бачаць вынік сваёй працы.

[caption id="attachment_94244" align="alignnone" width="600"]“Як толькі прыехаў, то адразу прызначалі адказным за гаспадарку, -- распавядае Сяргей. -- Я гарадскі жыхар, але жывёл заўсёды любіў, таму хутка ва ўсім разабраўся”. “Як толькі прыехаў, то адразу прызначалі адказным за гаспадарку, -- распавядае Сяргей. -- Я гарадскі жыхар, але жывёл заўсёды любіў, таму хутка ва ўсім разабраўся”.[/caption]

Алкаголікі і наркаманы практыкуюцца не толькі ў рамонтнай справе. Пры цэнтры трымаюць невялікую гаспадарку. Куры, козы, трусы — догляд жывёл цалкам на "рэабілітантах".

Праца з залежнымі асноўваецца на мінесоцкай мадэлі. Заняткі па 12-крокавай праграме, псіхалагічныя трэнінгі, групавая тэрапія, сходы Ананімных Алкаголікаў. Раніцай і ўвечары — малітва, штодзень чытаецца Евангелле. З алкаголікамі і наркаманамі, як правіла, нельга адразу размаўляць пра Бога. Таму ў цэнтры спачатку разбіраюць псіхалагічныя праблемы хворых, вучаць самааналізу. І толькі потым пераходзяць да пытанняў духоўнасці. Да гэтага можна ставіцца скептычна, але многім залежным жыць цвяроза дапамагае вера. У Сасноўцы, дарэчы, ёсць міні-калекцыя самаробных абразоў. Адзін з іх, з бісеру, даслала з Масквы маці рэабілітанта. Іншы абраз — "Неўпівальная чаша" — вышыў крыжыкам ананімны алкаголік з Барысава, які ўжо восем гадоў не п'е.

Рэжым у цэнтры строгі. За лаянку і непаслухмянасць — пакаранне. Як адпрацаваць памылку, чалавек выбірае сам: адбіць тысячу паклонаў, вывучыць на памяць доўгую малітву ці памыць казла Сеню. Жорстка? Магчыма. Але ў "Анастасісе" прызнаюцца, што некаторых алкаголікаў трэба прывучаць да парадку, як малых дзяцей: часам нават ложак засцілаць не ўмеюць. Карыстацца мабільным тут нельга, выходзіць за агароджаную тэрыторыю — таксама. Кажуць, што максімальная ізаляцыя ад грамадства робіць курс рэабілітацыі больш эфектыўным. Залежнаму зараз не патрэбна інфармацыя пра кошты: яму неабходна вырашыць свой унутраны крызіс.

— Ці, уявіце, патэлефануюць чалавеку з сумнымі навінамі пра тое, што хтосьці з родзічаў трапіў у бальніцу. Рэабілітант ужо не зможа думаць пра сваё ачуньванне, ён будзе рвацца дадому (дзе, хутчэй за ўсё, зноў сарвецца), хоць, зразумела, ніяк не зможа паўплываць на стан таго сваяка, — тлумачыць іераманах Агапій.

Віталь Пашкевіч лічыць алкагалізм спосабам мыслення. "Цвярозыя могуць спачуваць хворым, але не разумеюць іх. Таму ў нашым цэнтры 90 працэнтаў супрацоўнікаў самі залежныя", — кажа ён. Віталь Антонавіч, дарэчы, ужо 15 гадоў "у завязцы".

Знаходжанне ў "Анастасісе" платнае. 28 дзён у цэнтры (звычайны курс рэабілітацыі) абыдуцца ў шэсць мільёнаў рублёў. Дарагавата. З іншага боку, сваякі алкаголіка, якія хочуць пазбавіць яго ад залежнасці, і не такія сумы аддаюць шаманам і бабкам-шаптухам. Дый факт, што курс ужо аплачаны, — дадатковы стымул працаваць над сабой. Час ад часу з грашыма дапамагаюць спонсары. Але мецэнатаў, зацікаўленых у падобных установах, не так шмат.

— Людзі, у якіх ёсць фінансы, гатовы пабудаваць прыгожы новы храм, — заўважае іераманах, — але ў цэнтр, дзе рэальна дапамогуць хворым, укласціся не хочуць. Хоць гэта важней, чым цэрквы ўзводзіць.

Місія па выратаванні алкаголікаў — справа добрая, але не заўсёды ўдзячная. Жыць цвяроза і шчасліва хочуць усе, мяняцца для гэтага — адзінкі. Брат Агапій лічыць алкагалізм настолькі цяжкай хваробай, што кожнае ацаленне — гэта цуд. Мае рацыю. Шкада толькі, што на цуд, а не на сябе, часта спадзяюцца і самі выпівохі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.