Вы тут

Са стандартамі не жартуюць


Дзяржстандарт у ходзе праверак выяўляе тавары, небяспечныя для здароўя і нават для жыцця: семкі з кадміем, разынкі з цвіллю.

Небяспечныя разынкі і насенне сланечніку выяўлены Гродзенскай абласной інспекцыяй Дзяржстандарта ў выніку пазапланавай праверкі прадпрыемства «Белкандытар» у Гродне. Імпарцёрам гэтых тавараў у Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца сталічнае прадпрыемства «Экатрэйд».

У насенні сланечніку, узятым на складзе СП «Белкандытар», як паказалі даследаванні, масавая доля кадмію перавышана больш як у 3 разы (фактычны ўзровень склаў 0,31 мг/кг пры дапушчальным узроўні — 0,1 мг/кг). Гэты элемент — адзін з самых таксічных цяжкіх металаў і адносіцца да 2-га класа небяспекі («высоканебяспечныя рэчывы»). Калі доўгі час у арганізм з ежай будзе паступаць нават невялікая колькасць кадмію, то ў выніку гэта можа прывесці да парушэння работы нырак, печані, сэрца і паслаблення касцявой тканкі.

Вытворцам названай прадукцыі з'яўляецца расійскае прадпрыемства з Новасібірска «Бастыён», дзе прынялі дэкларацыю аб яе адпаведнасці патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза «Аб бяспецы харчовай прадукцыі» (ТР МС 021/2011) і «Аб бяспецы збожжа» (ТР МС 015/2011).

У разынак фірмы Tabacom raіsіn processіng factory (Афганістан), якія ўзялі на даследаванне на тым жа складзе, выяўлена перавышэнне дапушчальнага ўзроўню канцэнтрацыі мікрабіялагічнага паказчыку «цвіль»). Разам з тым расійскім прадпрыемствам «Фрута» (г. Масква), якое закупіла ў вытворцы гэту прадукцыю, была прынятая дэкларацыя аб яе адпаведнасці патрабаванням ТР МС 021/2011.

Такім чынам, у выніку наглядных мерапрыемстваў Гродзенскай абласной інспекцыяй Дзяржстандарта выяўлены парушэнні патрабаванняў ТР МС 021/2011, ТР МС 015/2011 і заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне якасці і бяспекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека. Прадпрыемству «Белкандытар» выдадзены прадпісанні аб выманні небяспечнай прадукцыі з абарачэння. Матэрыялы аб адміністрацыйных правапарушэннях перададзены ў суд.

Як паведамілі ў прэс-службе Дзяржстандарта, у дачыненні да дэкларацый будзе разгледжана прапанова аб спыненні іх дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці п. 2.1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2015 № 48.

Мінск: бінты, якія не гояць

Падчас пазапланавай праверкі, якую правяла інспекцыя Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і г. Мінску, на сталічным вытворча-гандлёвым унітарным прадпрыемстве «Фарммедпрэпараты» спецыялісты інспекцыі ўстанавілі неадпаведнасць стандартам і патрабаванням бяспекі марлевых медыцынскіх стэрыльных і нестэрыльных бінтоў.

Адным з найбольш важных паказчыкаў гэтай прадукцыі з'яўляецца капілярнасць. Гэты паказчык вызначае здольнасць матэрыялу падымаць вадкасць з ніжніх слаёў павязкі ў верхнія слаі, што, у сваю чаргу, спрыяе выдаленню з раны мікробаў і таксінаў, высыханню яе паверхні. Такім чынам ствараюцца добрыя ўмовы, якія спрыяюць хуткаму гаенню.

У правераных жа бінтах паказчык капілярнасці па выніках выпрабаванняў склаў: у стэрыльных — 5,1 см/г пры норме не менш 6,5 см/г; у нестэрыльных — 6,1 см/г пры норме не менш як 7 см/г.

Вытворцамі названай неадпаведнай стандартам прадукцыі з'яўляюцца прадпрыемствы «Ватфарм» (Украіна) і «Емельянъ Савостинъ. Ватная фабрика» (Расійская Федэрацыя).

Прадпрыемства «Фарммед-прэпараты» атрымала прадпісанне аб выманні з абарачэння гэтых перавязачных матэрыялаў. Апроч гэтага, за выпуск і рэалізацыю названай прадукцыі яно таксама прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.

Як паведамілі ў інспекцыі Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і г. Мінску, у рамках выканання выдадзенага прадпісання прадпрыемствам вернута з арганізацый рознічнага гандлю больш за 200 упаковак бінтоў.

Брэст: ненадзейныя арэлі

Брэсцкая абласная інспекцыя Дзяржстандарта забараніла эксплуатацыю ў рэгіёне каля 180 адзінак абсталявання на дзіцячых гульнявых пляцоўках.

Так, у маі-ліпені 2015 года спецыялістамі інспекцыі сумесна з Брэсцкай абласной пракуратурай праведзена 29 маніторынгаў захавання патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў (ТНПА) пры эксплуатацыі абсталявання на дзіцячых гульнявых пляцоўках. Было праверана абсталяванне на 37 дзіцячых гульнявых пляцоўках у Брэсце, Маларыце, Драгічыне, Ляхавічах і Баранавічах.

Правераныя пясочніцы, горкі, арэлі-балансіры, каруселі, лаўкі, турнікі, брусы і іншыя віды абсталявання не адпавядалі дзяржаўным стандартам СТБ 614-2007 «Абсталяванне дзіцячых гульнявых пляцовак. Агульныя тэхнічныя ўмовы» і СТБ ЕН 1176-1-2006 «Абсталяванне дзіцячых гульнявых пляцовак. Частка 1. Агульныя патрабаванні бяспекі і метады выпрабаванняў» па патрабаваннях бяспекі.

«Выяўлены парушэнні па патрабаваннях да канструкцыі і паверхні абсталявання, мінімальнай свабоднай прасторы, ударапаглынальнаму пакрыццю, глыбіні закладвання фундамента і мацавання да яго абсталявання. Невыкананне гэтых патрабаванняў стварае рызыку траўмавання дзіцяці», — патлумачылі ў прэс-службе Дзяржстандарта.

Таксама на дзіцячых гульнявых пляцоўках адсутнічалі шыльды з указаннем найбліжэйшага месца сувязі і тэлефонных нумароў для выкліку службаў выратавання.

Па выніках дзяржнагляду суб'ектам гаспадарання было выдадзена 29 рэкамендацый па ліквідацыі выяўленых парушэнняў і 157 прадпісанняў аб забароне эксплуатацыі 178 адзінак абсталявання дзіцячых гульнявых пляцовак.

Аляксандра НАЗАРАНКА,

Дар'я ШОЦІК

1414770855187af12ee4746bf5d8fe07c82a90256ba

Каментарый

Наіна БАК, намеснік начальніка аддзела дзяржаўнага нагляду і кантролю Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь:

— Інспекцыі Дзяржстандарта праводзяць наглядныя мерапрыемствы рознага фармату ў гандлёвых аб'ектах — і буйных, і дробных, у аптовых пастаўшчыкоў, а таксама вытворцаў па ўсёй краіне. У ходзе праверак прымяняюцца як спосабы візуальнага кантролю, так і выпрабаванні выбраных тавараў у акрэдытаваных выпрабавальных лабараторыях.

Вядома, ва ўмовах функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза, калі да вялікай наменклатуры прадукцыі ўжо прымяняюцца адзіныя патрабаванні і дакументы аб пацвярджэнні адпаведнасці, рынак тавараў істотна пашырыўся, стаў больш адкрытым. З іншага боку, павялічваецца і верагоднасць паступлення небяспечнай прадукцыі. Далёка не ўсе вытворцы і пастаўшчыкі, і гэта паказвае наша практыка, з'яўляюцца добрасумленнымі. Таму нагляд за спажывецкім рынкам краіны з боку кампетэнтных органаў, у тым ліку Дзяржстандарта, цяпер узмоцнены.

Новыя магчымасці для ўзмацнення жорсткасці адказнасці вытворцаў і пастаўшчыкоў за выпуск у абарачэнне тавараў, небяспечных і не адпаведных задэклараваным у дагаворах пастаўкі, маркіроўцы і іншай дакументацыі паказчыках, дадзены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2015 года № 48. Дакумент уступіў у сілу з 1 чэрвеня 2015 года.

У сувязі з гэтым імпарцёрам, аптовым арганізацыям рэкамендуецца пры заключэнні дагавораў на пастаўку прадукцыі звяртаць асаблівую ўвагу на выкананне патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, а таксама заяўленых у яе маркіроўцы характарыстык.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.