Вы тут

Альтэрнатывы мінскім пагадненням няма


У сярэдзіне ліпеня адбыліся падзеі, якія дазваляюць зрабіць асцярожную выснову пра тое, што працэс ажыццяўлення мінскіх пагадненняў па ўрэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны скрануўся з мёртвага пункту. Вядучыя дзяржавы Захаду і Расія не зацікаўлены ў эскалацыі ўкраінскага канфлікту і разглядаюць менавіта мінскія пагадненні ў якасці асновы для яго ўрэгулявання.

16 ліпеня ў Вярхоўнай Радзе Украіны большасць дэпутатаў падтрымалі папраўкі ў Канстытуцыю, якія прадугледжвалі асаблівы статус Данбаса, а 21 ліпеня ў Мінску на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы была ўзгоднена дамоўленасць аб адводзе танкаў і гармат калібрам менш за 100 мм. Івіцы Дачыч, кіраўнік міністэрства замежных спраў старшыні ў АБСЕ Сербіі, які наведаў у той дзень Мінск, адзначыў, што «Мінск стаў сінонімам мірнага працэсу па Украіне», і «альтэрнатывы мінскім дамоўленасцям па Украіне няма».

Аднак кожны з канфліктуючых бакоў імкнецца найбольш выгадна для сябе інтэрпрэтаваць кожны пункт пагадненняў. Сведчаннем гэтаму, у прыватнасці, з'яўляецца заява Пятра Парашэнкі, зробленая адразу ж пасля галасавання ў Вярхоўнай Радзе 16 ліпеня, пра тое, што папраўкі ў Канстытуцыю Украіны не прадугледжваюць асаблівага статусу для Данбаса. У сувязі з гэтым атрыманую раўнавагу можна ахарактарызаваць, як вельмі хісткую, і з высокай доляй верагоднасці сцвярджаць, што імплементацыя мінскіх пагадненняў будзе адбывацца вельмі няпроста. Пошук кампрамісных рашэнняў паміж бакамі канфлікту будзе абцяжарваць і вастрыня супярэчнасцяў паміж Расіяй і Захадам.

Пра складаны характар перамоў згадвалі як спецыяльныя прадстаўнікі АБСЕ Хайдзі Тальявіні і Марцін Сайдзік, так і прадстаўнікі канфліктуючых бакоў. Сведчаннем гэтаму з'яўляецца і тое, што з лютага па ліпень цалкам не быў выкананы ніводзін з пунктаў мінскіх пагадненняў. Таму прагрэс, які нядаўна азначыўся на перамовах у Мінску, быў забяспечаны не толькі і не столькі ў ходзе прамых перамоў паміж удзельнікамі канфлікту пад эгідай АБСЕ, колькі ціскам вядучых дзяржаў свету на ўдзельнікаў канфлікту.

У прыватнасці, вядучыя краіны Захаду аказалі ціск на Кіеў, каб у праекце паправак да Канстытуцыі Украіны быў зафіксаваны асаблівы статус Данбаса. Так, 15—16 ліпеня Кіеў наведала памочніца дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Вікторыя Нуланд, якая разам з паслом ЗША Джэры Паетам асабіста прысутнічала ў Радзе ў момант галасавання за папраўкі ў Канстытуцыю. Візіт Вікторыі Нуланд, напэўна, быў абумоўлены першапачаткова адмоўнай рэакцыяй афіцыйнага Кіева на больш раннюю прапанову еўракамісара Ёханеса Хана паскорыць выкананне мінскіх пагадненняў. Дэпутат ад «Народнага фронту» Леанід Емец пацвердзіў, што прадстаўніца ЗША на перамовах з парламентарыямі актыўна настойвала на тым, каб у праекце канстытуцыйных змен быў прапісаны асаблівы статус Данбаса. У сваю чаргу, дзеянні амерыканскага боку былі загадзя ўзгодненыя на сустрэчы Вікторыі Нуланд з намеснікам міністра замежных спраў Расійскай Федэрацыі Рыгорам Карасіным 9 ліпеня ў Цюрыху.

Усё гэта сведчыць аб тым, што сярод вядучых дзяржаў, прама ці ўскосна ўцягнутых ва ўкраінскі канфлікт, цяпер склаўся кансэнсус наконт таго, што мінскія пагадненні і перамовы трохбаковай кантактнай групы на іх аснове з'яўляюцца фундаментам для забеспячэння мірнага працэсу на паўднёвым усходзе Украіны, альтэрнатывы ім няма. Аднак поспех мінскага фармату забяспечаны паралельнай працай «нармандскай чацвёркі» (Расія — Украіна — Германія — Францыя), а таксама ўзаемадзеяннем ЗША і Расіі.

Сёння Еўрасаюз не зацікаўлены ў эскалацыі ўкраінскага канфлікту, паколькі ключавую ўвагу вядучых еўрапейскіх дзяржаў займае грэчаскі фінансавы крызіс. Кіраўніцтва Злучаных Штатаў прытрымліваецца такой жа пазіцыі па ўнутрыпалітычных прычынах: новы віток супрацьстаяння на паўднёвым усходзе Украіны справакуе абвастрэнне ўнутрыпалітычных дэбатаў у ЗША з нагоды прадастаўлення ваеннай дапамогі Кіеву. У гэтым вельмі не зацікаўлена кіруючая адміністрацыя дэмакратаў (якая і выпрацоўвае знешнепалітычную лінію ў дачыненні да ўкраінскага канфлікту), бо тады ёй давядзецца супрацьстаяць Кангрэсу, у якім дамінуюць рэспубліканцы. Для Барака Абамы будзе непажаданай новая порцыя крытыкі з боку апазіцыянераў-рэспубліканцаў ва ўмовах распачатай прэзідэнцкай гонкі ў ЗША. Расійскае кіраўніцтва таксама імкнецца пазбегнуць новага абвастрэння ваеннага супрацьстаяння, паколькі яно выкліча непазбежныя дэбаты як у палітычнай эліце, так і ў грамадстве, што ва ўмовах цяперашняга эканамічнага крызісу можа справакаваць цяжка прадказальныя наступствы.

Тым не менш можна сцвярджаць, што цяпер склаліся найбольш спрыяльныя ўмовы за апошнія месяцы для рэальнага ажыццяўлення хаця б асобных пунктаў мінскіх пагадненняў, якія дапамогуць мінімізаваць верагоднасць аднаўлення баявых дзеянняў. У гэтым кантэксце ўзрастае роля нашай краіны як пляцоўкі для правядзення мірных перамоў. Невыпадкова міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю каналу «Расія-24» паведаміў аб прапановах па размяшчэнні ў Мінску сакратарыята па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу і пацвердзіў, што Беларусь можа забяспечыць гэта. Больш хуткая імплементацыя мінскіх пагадненняў знізіла б верагоднасць аднаўлення ўзброенага супрацьстаяння. Бо эскалацыя канфлікту можа дэстабілізаваць сітуацыю не толькі ў самой Украіне, але і ва Усходняй Еўропе ў цэлым.

Мабыць, з трох магчымых сцэнарыяў далейшага развіцця ўкраінскага канфлікту (абвастрэнне — замарожванне» — мірнае вырашэнне) найбольш верагодным у найбліжэйшай перспектыве здаецца «замарожванне». У гэтым кантэксце найбольш рэалістычным уяўляецца ажыццяўленне тых пунктаў мінскіх пагадненняў, якія будуць спрыяць канчатковаму спыненню баявых дзеянняў, а таксама істотна не закрануць статус-кво. Рэалізацыя пунктаў, якія маюць дачыненне да палітычнай рэформы ва Украіне, хутчэй за ўсё, будзе звязана з вялікімі цяжкасцямі.

Ігар АЎЛАСЕНКА,

выкладчык гістарычнага 
факультэта Беларускага 
дзяржаўнага ўніверсітэта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.