Вы тут

Смартфон стане банкаўскай карткай


Выканаўчы дырэктар Беларусбанка Анатоль Багавік падчас анонсу новай бескантактнай плацежнай карткі заявіў, што ў найбліжэйшай будучыні беларусаў можа чакаць магчымасць рабіць разлікі праз смартфон. Ужо сёння шмат хто праз свой гаджэт робіць пакупкі ў інтэрнэце. А з дапамогай інтэрнэт-банкінгу можна аплачваць камунальныя паслугі. Акрамя таго, гэты цуд тэхнікі настолькі шчыльна ўвайшоў у наша жыццё, што яго сёння выкарыстоўваюць як гадзіннік, арганайзер, а таксама ў якасці сховішча разнастайнай інфармацыі, «праваднік» навін, зносін, мультымедыя і нават як пульт для тэлевізара. Прычым карыстаюцца ім не толькі маладыя людзі, але і тыя, каму за 60. Страта або ўзлом такога апарата нясе сумныя наступствы для ўладальніка. Таму лепш не забываць пра тэхніку бяспекі.

Наколькі моцная твая «браня»?

Каб захаваць жыццё вашаму дэвайсу, зрабіць так, каб яго можна было не згубіць, а ў выпадку страты — знайсці, распрацоўшчыкі прыдумалі нямала варыянтаў абароны. Сюды можна аднесці ўсім звыклае блакіраванне экрана з дапамогай ПІН-кода і дыстанцыйнае знішчэнне ўсёй інфармацыі. На некаторых прыладах можна выкарыстоўваць функцыю «фотапароль», калі смартфон распазнае твар уладальніка. Каб не страціць даныя ў гаджэце, існуе функцыя рэзервовага капіравання або, як яе яшчэ называюць, «бэкап». Дзякуючы наяўнасці «воблачных тэхналогій», якія дазваляюць захоўваць усю інфармацыю дэвайса на серверах кампаніі-вытворцы, можна нічога не страціць і звесці рызыку да мінімуму. У выпадку страты або крадзяжу выйсце таксама ёсць. Праз свой уліковы запіс, які злучае ваш смартфон з агульным серверам, вы можаце знайсці свой тэлефон на карце з дакладнасцю ў некалькі метраў. Таксама яго можна цалкам заблакіраваць і сцерці ўсе звесткі. Аднак усе гэтыя сэрвісы будуць працаваць толькі ў тым выпадку, калі смартфон падключаны да інтэрнэту. Акрамя таго, многія апараты сёння робяць з высокім узроўнем абароны ад фізічных уздзеянняў, што робіць з гаджэта своеасаблівы «танк».

Ненадзейныя і вельмі празрыстыя

Нягледзячы на ўсю абароненасць — як фізічную, так і віртуальную — выратавацца ад усіх праблем канчаткова не атрымаецца. На многіх інтэрнэт-рэсурсах можна прачытаць аб уразлівасцях, якія хакеры знаходзяць у аперацыйных сістэмах мабільных прылад, аб уцечцы звестак з сервераў кампаній-вытворцаў. Нават такія буйныя тэхналагічныя гіганты, як «Гугл» і «Майкрасофт», часта самі грашаць выкарыстоўваннем інфармацыі карыстальнікаў у сваіх карыслівых мэтах (напрыклад, навязваюць тэматычную рэкламу). Смартфон сёння робіць нас больш даступнымі і дзякуючы сацыяльным сеткам, дзе на вашай старонцы пазначаюцца ўласныя перавагі. Дзякуючы GPS нас можна знайсці на карце. Таксама варта адзначыць, што дзякуючы мабільным дадаткам і інтэрнэту, з'явілася магчымасць атрымліваць адразу шмат інфармацыі ад кожнага карыстальніка. Але гэтую інфармацыю цяжка апрацоўваць з-за таго, што яна хутка губляе актуальнасць. Гаворка ідзе пра «bіg data» — тэорыю вялікіх даных. Многія кампаніі зацікаўлены ў іх апрацоўцы, бо яны адкрываюць унікальныя магчымасці, раней нябачаныя. Для гэтага нават з'явіўся новы від спецыялістаў — аналітык вялікіх даных. У найбліжэйшай будучыні (можа, ужо і цяпер) буйныя інфармацыйныя кампаніі будуць ведаць пра нас больш, чым мы самі, і нават прадугледжваць нашы крокі: напрыклад, прапаноўваць менавіта тое, што мы жадаем купіць, да таго, як мы зробім запыт у пошукавіку.

Ці варта давяраць грошы тэлефону?

У хуткім часе смартфону можна будзе даверыць і сваю банкаўскую картку, каб расплачвацца праз яго ў крамах Беларусі. Сістэму, хутчэй за ўсё, будуць рэалізоўваць сумесна з кампаніяй MasterCard. За ўвесь час існавання на рынку яе супрацоўнікі распрацавалі нямала спосабаў абароны разлікаў праз смартфон. Адным з іх з'яўляецца пацвярджэнне асобы з дапамогай сэлфі (разнавіднасць аўтапартрэта). Па словах спецыяліста па інтэрнэт-бяспецы з Nok Nok Labs Філіпа Дункельберга, на серверах MasterCard захоўваецца не сам фотаздымак, а пэўны алгарытм, так што ўзламаць або падмануць сістэму будзе вельмі няпроста. Таксама ёсць дадатак, які параўноўвае геаграфічнае месцазнаходжанне карткі і размяшчэнне смартфона, і калі распазнае неадпаведнасць, то адхіляе аперацыю па разліках. Злачынцу прыйдзецца скрасці адразу вашу картку і тэлефон, каб нешта купіць. Аднак жа, нягледзячы на ўсе хітрыкі распрацоўшчыкаў, хакеры могуць атакаваць адразу сервер кампаніі, як гэта бывала. Акрамя таго, пры куплі праз банкаўскую картку вы пакідаеце свае звесткі ў банку. Пры якім-небудзь збоі імі могуць скарыстацца не па прызначэнню. Становіцца зразумела, што, нягледзячы на ўсе зручнасці, разлікі праз смартфон яшчэ далёкія ад дасканаласці. Думкі людзей на гэты конт таксама неадназначныя.

Мікалай Падвалынін,  будаўнік, 41 год.

— Я не карыстаюся смартфонам. Нават зараз хаджу са звычайным тэлефонам. Люблю часам пазабавіцца на ім у гульні. Але калі б у мяне быў смартфон, то гэта б перайшло мяжу. У выпадку, калі з'явіцца функцыя куплі праз смартфон у нашай краіне, то падумаю пра тое, каб яго набыць.

Іван Герасіменка, праграміст, 23 гады.

— Смартфонам карыстаюся вельмі часта ў сваім жыцці. Шмат чаго купляю ў інтэрнэце. У мяне ёсць картка, якую я «прывязаў» да свайго тэлефона. І калі з'явіцца магчымасць разлічвацца праз смартфон у крамах Беларусі, то для мяне гэта будзе вельмі зручна.

Вольга Жыгала, тэхнічны рэдактар, 24 гады.

— Карыстаюся сваім смартфонам для таго, каб шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, і для таго, каб тэлефанаваць. Пакупкі праз яго не раблю. Калі функцыя разлікаў праз смартфон з'явіцца, то без страху буду карыстацца. Калі асвою яе.

Аляксандр Лазараў, інжынер канструктар электразабеспячэння, 27 гадоў.

— Сваім смартфонам я карыстаюся як плэерам, фотаапаратам, відэакамерай, нататнікаім, будзільнікам, месенжарам. Праз тэлефон я звычайна пацвярджаю пакупкі і грашовыя пераводы, але аддаю перавагу куплі з персанальнага камп'ютара з вялікім маніторам, каб лепей аглядаць вітрыну інтэрнат-крам і параўноўваць кошт тавару. Я катэгарычна супраць аб'ядноўвання банкаўскай карткі і гаджэта. Аперацыйныя сістэмы мабільных тэлефонаў, на мой погляд, небяспечныя. Дастаткова і выкарыстання банкінгу. Я гатовы карыстацца смартфонам як прамежкавым сховішчам грашовых сродкаў.

Алег Ветраў, бухгалтар, 30 гадоў.

— Выкарыстоўваю свой смартфон для таго, каб слухаць радыё, часам кнігі чытаю. Сам пакупкі не раблю праз яго, але мая жонка гэтым займаецца. У выпадку, калі з'явіцца магчымасць плаціць праз смартфон у Беларусі, буду карыстацца гэтым, таму што лічу такую функцыю зручнай і бяспечнай.

З усіх мною апытаных людзей большасць схілялася да таго, што разлікі праз смартфон будуць зручнымі. Як адаптуюць гэтую магчымасць у нашай краіне, пакажа час і інавацыйныя спосабы абароны.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?