Вы тут

Усход


УСХОД. У традыцыйным светапоглядзе ўсходніх славян час узыходу сонца лічыцца ці не самым сакралізаваным у структуры сутак, сімвалізуе перамогу свету над цемрай, нараджэнне новага дня, новага жыцця.

 У практыцы народных лекараў узыход сонца з'яўляецца ключавым момантам і робіць момант нараджэння новага дня (не сутак!) найбольш прыдатным для выканання розных абрадавых дзеянняў лекава-прафілактычнай накіраванасці. Па шматлікіх сведчаннях інфарматараў, ад якіх у розны час (другая палова ХІХ — пач. ХХ ст.) запісваліся замовы, лячэбныя сеансы з хворым неабходна праводзіць або двойчы (узыход — захад), або тройчы на дзень (раніцай, апоўдні, увечары).

 Рытуальная «чысціня» моманту ўзыходу сонца ў сукупнасці з умоўнай адсутнасцю будзённых напластаванняў робіць яго самым спрыяльным і прыцягальным. Гэта той пункт адліку часу, які быццам бы гарантаваў поспех задуманай ці распачатай справы. Нездарма ў народзе казалі: «Хто рана ўстае, таму Бог дае».

 На золку спяшаліся ў поле, каб першымі пачаць сяўбу азімых, тым самым спадзеючыся прыцягнуць урадлівасць глебы перш за ўсё да свайго поля. У некаторых рэгіёнах Беларусі прытрымліваюцца традыцыі саджаць рассаду капусты яшчэ да ўзыходу сонца. У той жа час спяшаюцца прапусціць праз дым распаленай печы галоўкі цыбулі для пасадкі, спадзеючыся, што выкананне гэтага рытуалу на ўзыходзе сонца будзе спрыяць іх добраму росту і захавае ад шкоднікаў.

 Асаблівым рытуальным статусам надзелены ўзыход сонца ці час непасрэднай блізкасці да яго (на золку) у дні вялікіх народных ці хрысціянскіх святаў. Выключныя лекавыя ўласцівасці мае вада ці раса вясенне-летняга цыклу святкаванняў. Існуе павер'е, што найбольшым аздараўляльным эфектам валодае «некранутая» вада, узятая ў Чысты чацвер перад самым узыходам сонца, таму ўсім людзям, у каго ёсць праблемы са скурай, неабходна выкупацца ў прыроднай крыніцы менавіта на ўзыходзе сонца ці за гадзіну да яго.

 Калі на працягу года некалькі разоў выкупацца ў рэчцы на золку, то тым самым можна перасцерагчы сябе на ўвесь год ад розных хвароб.

 Не менш папулярнай у жыцці народа з'яўляецца і раса, сабраная на світанні Юр'я, якая дапамагала лячыць бясплоддзе.

 Па асаблівасцях узыходу сонца прадказвалі надвор'е на дзень:

— вясёлка, якая з'явіцца пасля ўзыходу сонца, прадказвае пахмурны дзень; калі першы гром будзе на ўзыходзе сонца, то лета будзе спякотнае.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.