Вы тут

Хлебны дождж


Хлебныя палеткі пад вёскай Гайна знаходзяцца на самых высокіх пунктах Лагойскага ўзгор'я, і камбайны ў час жніва то караскаюцца, то хаваюцца за пагорак. Але механізатары прывыклі да гэтых вышынь. Хлебаробам СГЦ «Гайна» Мінскага трактарнага завода даводзіцца пачынаць сёлетняе жніво менавіта на... схілах. Не ўпершыню даводзіцца і сеяць, і ўбіраць спелы хлеб і камбайнеру Яўгену Лукшыцу (на фота) — лідару леташняга жніва ў гаспадарцы і па раёне. З пачатку сёлетняй уборкі экіпаж Яўгена Лукшыца і яго памочніка Дзмітрыя Тарасевіча намалаціў каля 300 тон азімага трыцікале, рапсу і пшаніцы. Малады механізатар, ён жа — брыгадзір трактарнай брыгады ў аддзяленні Лагаза, падстаўляючы свае далоні пад збожжавы струмень, кажа: «Такі хлебны дождж нам вельмі патрэбен!»

3-29

У сельгасцэху Мінскага трактарнага завода, які знаходзіцца ў вёсцы Гайна, пад хлебны клін адведзена 2700 гектараў раллі. Дзевяць камбайнаў беларускай зборкі пад брэндавай назвай «Палессе» шчыруюць з ранку да вечара на спелай ніве, выхопліваючы кожную пагодную хвіліну. У «Гайне» свой парадак на жніве — за кожным камбайнам замацаваны трактар, які адвозіць намалочаны ўраджай. Гэтую місію выконваюць памочнікі камбайнераў. Як толькі змесціва двух камбайнавых бункераў запаўняюць кузаў, «Беларус» новага пакалення адвозіць збожжа на склад. У апошнія дні надвор'е спрыяе ўборцы, таму вільготнасць коласа мінімальная, а гаспадарка мала траціць часу на прасушку і адразу адпраўляе ўраджай у засекі дзяржавы.

3_37

А вось некалькі дзён таму, калі здымаўся гэты фотарэпартаж, надвор'е было не самым спрыяльным — вецер, нізкія хмары, дожджык. Экіпажы спяшаліся завяршыць уборку поля — невялікая колькасць трыцікале заставалася на корані. І раптам у небе зайграла... вясёлка. Але хлебаробы быццам і не заўважалі яе — яны працягвалі працу.

3_38

— Вясёлка нясе нам удачу і плён у працы! — усміхаецца кіраўнік гайненскага аддзялення гаспадаркі і былы галоўны аграном Вера Гарахавік. — Хлеб на нашых пагорках вырас добры. Дай, Бог, сабраць яго без страт.

З пачатку жніва ў «Гайне» ўбралі 15 працэнтаў збожжавых, намалацілі ўжо тысячу з паловай тон хлеба.

3_45

Анатоль Кляшчук

Фото аўтара

Лагойскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?