Вы тут

Блакітныя берэты як сімвал мірнага неба


Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый з размахам адзначылі ў краіне.

Святочныя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх злучэннях і воінскіх часцях сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл. Урачыстасці адбыліся і на гарадскіх вуліцах. Дэсантнікі паказвалі сваё майстэрства ў рукапашнай, выконвалі скачкі з парашутам і дэманстравалі іншыя навыкі; мінчане і госці сталіцы не зводзілі вачэй з узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, прадстаўленай на выставе; мастацкія калектывы прымусілі спяваць і танчыць ледзь не кожнага.

3-31

Роўна 85 гадоў таму — 2 жніўня 1930 года — на вучэннях Ваенна-паветраных сіл Маскоўскай ваеннай акругі пад Варонежам былі парашутаваны дванаццаць першых дэсантнікаў. Эксперымент, што называецца, атрымаўся. Перад узброенымі сіламі адкрыліся перавагі новага віду войск і іх вялікія магчымасці. Што сёння ўяўляюць сабой сілы спецыяльных аперацый, мінчане і госці сталіцы змаглі ўбачыць у мінулыя выхадныя.

Традыцыйна афіцыйныя мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак да стэлы «Мінск — горад-герой». Воіны-дэсантнікі ўнеслі вялікі ўклад у Перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне. За баявыя заслугі ўсім паветрана-дэсантным злучэнням прысвоілі званне гвардзейскіх, а 296 дэсантнікаў былі ўдастоены самай высокай узнагароды — зоркі Героя Савецкага Саюза. Годна праявілі сябе дэсантнікі і падчас вайны ў Афганістане. Вайскоўцы 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння аднымі з першых увайшлі ў Афганістан. Менавіта яны апошнімі пакінулі гэтую краіну.

3-32

Больш падрабязна даведацца аб мінулым і сучасным паветрана-дэсантных войск можна ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе напярэдадні Дня дэсантніка адкрылася выстава «85 гадоў на абароне Айчыны». У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі дэсантнікаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, майстроў парашутнага спорту, а таксама ўзоры стралковай зброі, бронекамізэлькі і ахоўныя шлемы, парашутныя сістэмы, сродкі сувязі, вадалазны рыштунак, экіпіроўка і іншая ваенна-тэхнічная маёмасць, якая ў розны час знаходзілася на ўзбраенні паветрана-дэсантных войск і сіл спецыяльных аперацый.

У парку Перамогі, дзе разгарнулася выстава сучаснай ваеннай тэхнікі і ўзбраення сіл спецыяльных аперацый, прайшла і паказальная частка. Воіны-дэсантнікі скакалі з парашутамі, дэманстравалі спрытнасць рук і баявую загартоўку, а таксама інсцэніравалі баявыя дзеянні на вадзе. Наўрад ці Камасамольскае возера, на якім адбылося ўнікальнае відовішча, памятае такое!

«Паколькі дэсант — гэта значна больш, чым ваенная служба, для многіх маладых людзей, якія прайшлі выпрабаванне небам і зямлёй, ён стаў брацтвам, заснаваным на мужнасці, адвазе і гонары», — адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў на ўрачыстым мітынгу. Ён падкрэсліў, што нямала яркіх старонак упісала ў летапіс Узброеных Сіл 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія (яе ратную славу цяпер прадаўжаюць воіны 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады, якая месціцца ў абласным цэнтры). «Віцебскія дэсантнікі прымалі ўдзел ва ўсіх буйнамаштабных вучэннях Узброеных Сіл Беларусі, сумесных з Расіяй аператыўна-стратэгічных вучэннях груповак войскаў «Захад-2009» і «Захад-2013». Цяпер разам з расійскімі калегамі 103-я гвардзейская асобная мабільная брыгада рыхтуецца да высадкі дэсанта на Паўночны полюс», — сказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама.

3-30

Воіны-дэсантнікі вядуць значную работу і па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. На базе злучэння штогод праводзяцца Дні прызыўніка, Дні адчыненых дзвярэй, ваенна-спартыўныя мерапрыемствы. Разам з тым падтрымліваюць цесныя адносіны з ветэранамі паветрана-дэсантных войскаў, ветэранамі вайны ў Афганістане.

Мікалай Шарстнёў падзякаваў ваенным за вернасць Айчыне і гатоўнасць у любы момант зноў стаць на абарону яе інтарэсаў. «І няхай вашы блакітныя берэты заўсёды застаюцца для людзей сімвалам мірнага неба, якое знаходзіцца пад надзейнай аховай дэсанта. А баявы дэвіз дэсантнікаў «Ніхто, акрамя нас!» заўсёды натхняе на самаадданае служэнне Радзіме», — рэзюмаваў старшыня аблвыканкама.

У мітынгу ўдзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства абароны, мясцовых органаў улады, духавенства, грамадскіх арганізацый, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл. Найлепшыя вайскоўцы і ветэраны часці атрымалі ўзнагароды. У цэнтры Віцебска на плошчы Перамогі гараджане маглі падзівіцца на баявую тэхніку і ўзбраенне, а таксама ваенную форму розных гістарычных перыядаў. Там жа прайшлі паказальныя выступленні воінскіх падраздзяленняў мабільнай брыгады і пазаштатнай роты ганаровай варты.

З размахам адсвяткавалі Дзень дэсантніка і на базе 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы, а таксама ў Брэсце (святкаванне сёлета прайшло не на тэрыторыі 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады, а на вяслярным канале). З канцэртам выступіла рота ганаровай варты, байцы аднаго з батальёнаў і разведчыкі прадэманстравалі элементы рукапашнага бою, традыцыйныя сілавыя і акрабатычныя нумары. У бакі ляцелі аскепкі пабітых аб галаву бутэлек, сілікатных блокаў, шыферу. Не абышлося і без інсцэніроўкі баявога эпізоду. Па сцэнарыі мабільнае падраздзяленне зрабіла налёт на лагер праціўніка, дзе вораг утрымліваў закладнікаў. Да ўмоўнага суперніка дэсантнікі эфектна падплылі на БТРах, пераадолеўшы ўчастак на вяслярным канале.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Надзея ПАЎЛАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.