Вы тут

Шляхі да паўнацэннага супрацоўніцтва


Праблемных пытанняў у адносінах Беларусі і ЗША менш, чым збліжальных фактараў.

Такую думку выказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з дэлегацыяй кангрэсменаў ЗША, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«І нават у гэты складаны час беларуска-амерыканскія адносіны не спыняліся. Узаемадзейнічалі мы заўсёды па пытаннях забеспячэння глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, што вельмі актуальна сёння, прадухілення незаконнага транзіту ядзерных матэрыялаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што беларускі бок цэніць падтрымку сваіх ініцыятыў у ААН і гатоўнасць Злучаных Штатаў садзейнічаць далучэнню Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

«Лічу, што нам трэба будаваць адносіны паміж ЗША і Беларуссю не па сродках масавай інфармацыі, а непасрэдна вывучаючы становішча ў краінах, і рабіць з гэтага адпаведныя высновы», — лічыць беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў амерыканскіх кангрэсменаў выказаць свае заўвагі. «Мы не любім, калі нас штурхаюць у спіну, мы ніколі не пагодзімся з тым, калі нам навязваюць сілай нейкую волю. Але мы добрыя вучні. Калі вы нам прапануеце варыянты, якія будуць рухаць нашу краіну да суверэнітэту, большай незалежнасці, калі вы нам прапануеце варыянты, якія будуць паляпшаць жыццё беларускага народа, мы будзем вам вельмі ўдзячны і неадкладна возьмем іх на ўзбраенне», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што апошнім часам кантакты паміж Беларуссю і ЗША, уключаючы абмен візітамі афіцыйных і дзелавых дэлегацый, значна актывізаваліся. Працягваецца ўзаемадзеянне паміж беларускімі і амерыканскімі праваахоўнымі органамі, наладжваюцца міжрэгіянальныя сувязі, развіваецца супрацоўніцтва ў галіне навукі, культуры і адукацыі. Паступова расце двухбаковы таваразварот. «Мы разумеем, што без яго ніякіх адносін паміж дзяржавамі быць не можа, таму што эканоміка — гэта фундамент любых адносін», — упэўнены ён.

«ЗША для нас — шматабяцальны гандлёвы партнёр і інвестар, і мы гэтага не ўтойваем. Мы зацікаўлены ў атрыманні доступу беларускіх вытворцаў да плацежаздольнага, ёмістага амерыканскага рынку. Узаемна гатовы зрабіць усё для таго, каб камфортна было працаваць вам тут, у Беларусі», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў таксама зацікаўленасць беларускага боку ў прыцягненні інвестыцый, развіцці вытворчай кааперацыі, атрыманні крэдытных рэсурсаў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, амерыканскія карпарацыі праяўляюць да Беларусі ўсё большую цікавасць, у тым ліку ў сувязі з пэўнымі перавагамі, якія даюць стварэнне Мытнага саюза і ўдзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Сёння ў Беларусі працуе амаль 400 прадпрыемстваў з амерыканскім капіталам. «Аднак упэўнены, што патэнцыял нашага эканамічнага супрацоўніцтва значна большы», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што знаходжанне амерыканскіх кангрэсменаў на беларускай зямлі пакіне ў іх добрае ўражанне аб краіне, людзях, а сустрэчы, запланаваныя ў час візіту, дапамогуць бакам бліжэй спазнаць адзін аднаго.

«Мы абсалютна нічога не ўтойваем ад вас. Усё, што вы жадаеце ўбачыць у Беларусі, тая магчымасць, якая будзе вам прапанавана, дасць магчымасць скласці цэласнае ўражанне аб нашай краіне. Вы можаце знаходзіцца ў Беларусі столькі, колькі вам захочацца, пакуль сапраўды ў вас не складзецца цэласнае ўражанне: няхай у чымсьці негатыўнае, у чымсьці пазітыўнае, але гэта будзе ваша ўражанне аб нашай краіне», — адзначыў беларускі лідар.

Член Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ад штата Каліфорнія Дана Рарабакер адзначыў уклад Беларусі ў вырашэнне сітуацыі ва Украіне. «Нам неабходна супрацоўнічаць, і сёння нам неабходны мір і дабрабыт ва ўсім свеце», — сказаў ён. «І калі нашы ўрады будуць супрацоўнічаць, мы можам зрабіць гэта магчымым», — лічыць кангрэсмен. У прыватнасці, Дана Рарабакер адзначыў, што хацеў бы супрацоўнічаць з беларускім бокам для выпрацоўкі рэкамендацый па тым, як дасягнуць міру ва Украіне. «Я хацеў бы адзначыць пазітыўны ўклад беларускіх улад у сітуацыю дзеля ўстанаўлення міру і вырашэння канфлікту ва Украіне», — сказаў ён.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.