Вы тут

Крылатыя агрэсары


На канец лета прыпадае пік актыўнасці вос, пчол, чмялёў і шэршняў

Цяпер яны становяцца вельмі актыўнымі. Здараецца нават так, што за суткі ратаўнікі па краіне выязджаюць каля 70 разоў на ліквідацыю гнёздаў. У «топе» знаходзяцца восы. Гнёзды шэршняў сустракаюцца куды радзей.

У якіх месцах любяць сяліцца небяспечныя насякомыя? Як правільна самому прыняць гняздо і чым пагражае «рандэву» з такімі істотамі? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з памочнікам міністра па надзвычайных сітуацыях Віталём Навіцкім.

5-28

Гняздо ў старым «Масквічы»

Для размяшчэння сваіх гнёздаў агрэсары з джаламі могуць выбіраць самыя незвычайныя месцы. Галоўнае, каб там было зацішна, цёпла, вільготна і не траплялі прамыя сонечныя прамяні. Сярод «экзотыкі» ратаўнікі прыгадваюць... закінуты ў адным са сталічных двароў аўтамабіль. Працяглы час «Масквіч» стаяў на адным месцы і пакрысе ператвараўся ў аўтахлам. І вось неяк жыхары пачалі чуць нейкі гул, які пастаянна даносіўся з-пад нізу аўтамабіля. Пасля заўважылі, што ў гэтым месцы пастаянна лётаюць восы. Хтосьці выклікаў ратаўнікоў. Аказалася, што насякомыя зрабілі сабе прыстанак ля колавай аркі. На шчасце, нікога ўджаліць яны не паспелі.

А вось праз два гады сустрэча з шэршнямі аказалася фатальнай для аўтаслесара са Слонімскага раёна. Ён адлучыўся ад сваіх сяброў літаральна на хвіліну. Пасля прыбег і ледзьве паспеў сказаць: «Не ідзіце ў прыбіральню, там мяне ў лоб уджаліў шэршань». Тут жа выклікалі «хуткую», але па дарозе ў бальніцу чалавек памёр...

У жніўні 2008 года шэршні абарвалі жыццё 52-гадовага вяскоўца з Буда-Кашалёўскага раёна. Мужчына мірна збіраў грушы. Як здарылася трагедыя, не бачыў ніхто. Як быццам бы ён незнарок закрануў гняздо шэршняў, якое месцілася ў дупле аднаго з дрэў. Суседзі па дачы прыбеглі як мага хутчэй, але ў пасялковую бальніцу небараку давезці не паспелі... Анафілактычны шок — разнавіднасць алергічнай рэакцыі — выклікалі 15 укусаў раз'юшаных насякомых.

У жніўні 2008 года шэршні абарвалі жыццё 52-гадовага вяскоўца з Буда-Кашалёўскага раёна. Мужчына мірна збіраў грушы. Як здарылася трагедыя, не бачыў ніхто. Як быццам бы ён незнарок закрануў гняздо шэршняў, якое месцілася ў дупле аднаго з дрэў. Суседзі па дачы прыбеглі як мага хутчэй, але ў пасялковую бальніцу небараку давезці не паспелі... Анафілактычны шок — разнавіднасць алергічнай рэакцыі — выклікалі 15 укусаў раз'юшаных насякомых.

Платная ліквідацыя

«У адрозненне ад надзвычайнай сітуацыі, ніводнае гняздо джаланосных насякомых не з'яўляецца вокамгненна, — заўважае Віталь Навіцкі. — Яно фарміруецца на працягу некалькіх месяцаў.

А гаспадар прыватнага дома мусіць сачыць за парадкам у сваім доме і іншых пабудовах на прысядзібным участку. З-за таго, што ён недагледжваў іх некалькі месяцаў, гняздо і з'явілася. Але само па сабе яно не нясе прамой пагрозы жыццю і здароўю. Калі чалавек не будзе да яго набліжацца і тым больш спрабаваць яго збіць, нічога не будзе. Плата ж за ліквідацыю гнёздаў была ўведзена для таго, каб дысцыплініраваць людзей і мець магчымасць кампенсаваць нашы выдаткі. Гаворка не ідзе пра тое, каб зарабіць грошай, хоць нас у гэтым перыядычна абвінавачваюць. У некаторых раёнах Беларусі пачалі з'яўляцца арганізацыі, якія спецыялізуюцца на знішчэнні гнёздаў джаланосных насякомых.

5-30

— А калі гняздо з'явілася ў шматкватэрным доме? Гаспадар жа не можа абследаваць, напрыклад, прастору паміж стыкамі.

— Калі восы ці шэршні звілі гняздо ў тых месцах, якія не належаць гаспадару кватэры, то з яго за ліквідацыю ратаўнікі грошай не спагоняць. Але куды часцей людзі самі спрыяюць таму, каб у іх завяліся небяспечныя суседзі. Напрыклад, абшываюць дошкамі падлогу на лоджыі ці балконе для таго, каб было цяплей, а паміж імі застаецца паветраная праслойка. Ці вось яшчэ папулярнае ўпрыгожванне столі сайдынгам. Вось так і атрымліваецца гатовы прыстанак для вос. У такім выпадку абясшкоджванне іх жытла будзе каштаваць грошай. А вось калі восы ці шэршні пабудавалі гняздо на якім-небудзь сацыяльным аб'екце, то ліквідацыя яго будзе бясплатнай. Ці, напрыклад, калі існуе прамая пагроза жыццю і здароўю людзей.

Апошняя памылка 

Чатыры гады таму драма разыгралася ў вёсцы Высокі Хутар Добрушскага раёна. Пад дахам пабудовы шэршні звілі гняздо. Гаспадар вырашыў яго ліквідаваць і пачаў стукаць па кокане кіем. Патрывожаныя шэршні вылецелі і напалі на яго. Мужчына тут жа кінуўся ўцякаць. Але два насякомыя ўсё-такі паспелі ўсадзіць у яго джалы. Ледзь толькі паспеў чалавек расказаць у двух словах жонцы, што ж адбылося, як пачаў задыхацца. «Хуткая» ў бальніцу давезці яго не паспела...

Калі гаспадары вырашаюць ліквідаваць гняздо самастойна, яны робяць памылкі, якія могуць аказацца фатальнымі. Першая з іх — спроба расправіцца з гняздом удзень. Але ў гэты час усе насякомыя актыўныя. І калі вартаўнікі гнязда пачуюць небяспеку, то іх цельцы пачынаюць выпускаць спецыяльныя рэчывы. Яны няўлоўныя чалавечаму носу, але іншым насякомым сігналізуюць пра тое, што з'явілася пагроза... Другая пагроза — грэбаванне ахоўнай вопраткай. Часам людзі надзяваюць замест ботаў сандалеты, не закрываюць да канца рукі.

— Калі вы вырашылі расправіцца з гняздом самастойна, то рабіце гэта ў начны час, калі ў гняздзе збярэцца максімальная колькасць яго наведвальнікаў, — раіць Віталь Навіцкі. — І будзе пільныя — іх абудзіць ад сну можа нават святло ліхтарыка. Ісці здымаць гняздо трэба ў вельмі шчыльным і трывалым адзенні, якое не праб'е джала раз'юшанага насякомага. Твар трэба закрыць маскай пчаляра. Трывалы мяшок са шчыльнай тканіны трэба надзець на гняздо, завязаць вузлом і адпілаваць вострым нажом «корань», за які яно мацуецца да пункта апоры. Што рабіць з ім далей? Можна заліць кіпенем, глыбока закапаць і нават спаліць, але з мерамі пажарнай перасцярогі. І пару дзён каля таго месца, дзе было гняздо, лепш не хадзіць — не выключана, што некаторыя насякомыя будуць прылятаць на месца свайго колішняга жытла. Як бачым, нічога складанага ў гэтым працэсе няма. Але істотнай перашкодай можа стаць псіхалагічны бар'ер. Многія людзі панічна баяцца насякомых. Ды і на ўкус рэакцыя ў кожнага чалавека індывідуальная. Нейкай «групы рызыкі» ў прыродзе не існуе. Аднаго могуць уджаліць некалькі вос, і ён нічога не адчуе, а ў другога нават з-за аднаго ўкусу можа развіцца анафілактычны шок.

Як выратавацца?

Асноўныя сімптомы анафілактычнага шоку — імклівае падзенне артэрыяльнага ціску, ацёк твару, сутаргі. Чалавека кідае ў халодны пот. Працэс развіваецца з хуткасцю лавіны. Як жа выжыць?

— Пасля ўкусу пчалы ці асы джала, як правіла, застаецца ў скуры. Яго трэба выдаліць як мага хутчэй, калі нават прыкмет шоку няма. Усё ж на ім застаюцца кроплі яду, якія працягваюць атручваць арганізм. Шэршні куды больш небяспечныя — іх джалы змяшчаюць больш яду, ды і «стрэліць» ім яны могуць некалькі разоў. Для таго каб дастаць джала, падыдзе шмат што — пазногаць, тупы бок ляза нажа, пінцэт, пластыкавая картка, ручка, нажніцы, ключ... Пасля гэтага трэба прыкласці пакет з чымсьці халодным, каб спыніць развіццё ацёку. Калі чалавек не страціў прытомнасць, дайце любы супрацьалергічны прэпарат. Таксама ў аптэчцы мусяць быць кроплі для носу, якія звужваюць крывяносныя сасуды і тым самым падтрымліваюць ціск. Калі няма пульсу, то небараку трэба павярнуць на бок і прыступіць да сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. І тут жа тэлефануйце ў «хуткую». Яе ж неабходна выклікаць, калі чалавека ўджалілі некалькі шэршняў.

 Не праходзьце міма

Калі вы заўважылі, што недзе ў горадзе ў адным месцы лётае шмат вос, не лянуйцеся патэлефанаваць у мясцовую абслуговую службу. Дзесьці непадалёк знаходзіцца іх гняздо. І ўсяго адзін званок можа выратаваць чыёсьці жыццё. Часта мы сутыкаемся з тым, што нейкая аса пачынае лётаць вакол. Першае ж інстынктыўнае жаданне — адмахнуцца ад яе. А вось гэтага якраз рабіць і нельга, бо такі рух насякомае ўспрымае як пагрозу. Проста трэба павольна спакойна адысці. І шанцы на тое, што ўсё скончыцца добра, узрастаюць. Заўжды можна набраць нумар 101 або 112 і паведаміць пра месца, дзе размешчана гняздо. Гэта трэба для таго, каб дыспетчар змог ацаніць, ці існуе пагроза людзям.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

schklennіk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.